* * *
Божае Нараджэнне...
Міг трыумфальны святасці.
Моцнае душ узрушэнне.
Выбух вялікай радасці.
Над юдэйскім узгоркам
і над паганскай ерассю
ты, Бэтлеемская Зорка,
яркім агнём загарэлася.
Свет навакол азарыўся —
светла і потым станецца.
Цуд найвялікшы адбыўся
у занядбанай стаенцы.
Точыцца холад зімовы.
Яселькі сенам засланыя.
Хіляцца самі галовы
перад Нябесным Пасланнікам.
Божае Нараджэнне —
душы заззяйце, як люстры.
Выратаванне-збавенне
для беспрасветнага людства.
Самая суперпадзея,
неверагодная ў светласці.
Ясніцца наша надзея
ў ачалавечанай вечнасці.

 
           «Не бойцеся!»
Папа Ян Павел ІІ

Звычайны страх альбо ляноты біч
душу скавалі, і ўцякла уцеха...
«Не бойцеся!» — твой запаветны кліч
разнёсся па усёй зямлі, як рэха.
Ён музыкай бадзёраю звініць,
уладу адбіраючы у смерці.
«Не бойцеся ўсе насцеж расчыніць
вы Езусу свае людскія сэрцы».
Няхай сабе замала ў іх святла,
у поцемках святочны блік згасае.
Не бойцеся! Народзіцца хвала.
Прагнаўшы змрок, адна любоў заззяе.
Не бойцеся, і будзе шчасна вам.
З сядла не скіне дрогкая дарога.
Пакінуўшы свой родны дом ці храм,
не бойцеся узяць з сабою Бога.
У вір натоўпу, на вялікі пляц
нясіце знак заўжды святой выявы.
Хай зойдзе з вамі у любы палац
любімы Езус у зеніце славы.
О, дужа цяжка цемру пакарыць,
калі душа маною зруйнавана.
Не бойцеся вы праўду гаварыць,
якая выцякае з вуснаў Пана.
Масціць масты, каб адступіла гаць,
не бойцеся. І тушавацца — годзе!..
Не бойцеся апосталамі стаць
у тлуме дваццаць першага стагоддзя.


 
Пасланне святому Пётру

«Душы-тапельцы, о дзе вы?» —
твой гэты клопат не згіне...
Зноў ты закідваеш невад
ў пеністыя глыбіні.
Што там можна ўгледзець —
зверху ў людскім катлаване?
Зоркі святла там не цэдзяць,
сонца туды не загляне.
Дно заімшэлае, нібы
ў поцемкі замуравана.
Колькі там людства, як рыбы,
цемраю зачаравана!
Цемра — нябыт і параза,
вельмі ж там радасці мала.
Колькі там душ, што ні разу
з той глыбіні не ўсплывала...
Выйсці да сонца ў адведкі,
ззянне вітаючы зрокам.
Як вырываюцца з сеткі,
хто перапоўніўся змрокам.
Стомлены і спрацаваны,
нашыя лёсы узгадвай —
Пётра, святы, шанаваны,
толькі свой невад не складвай.
Верыў і веру цяпер я:
нам паспрыяеш ты дужа.
З цёмнага мора бязвер’я
выцягнеш нашыя душы.


 
           Дарога веры

Прэч не паслала нікога,
кожнага кліча ў лагодзе.
Роўную гэту дарогу
забрукавалі стагоддзі.
Час тут імчыцца імклівы
і, пазбягаючы звады,
ціха калыша алівы
з Гефсіманскага саду.
Самая слынная ў свеце,
ці зразумелая намі?
Вечнасць над ёю свеціць
зорнымі ліхтарамі.
Ззяюць далёка-далёка
блікі яе залатыя.
Ідуць па ёй адзінока
праведнікі і святыя.
Ах, як нам хочацца, людцы —
ўсе мы збавення хочам,
каб на Дарогу вярнуцца
з цёмных лясных абочын.


 
* * *
Няма сірот, бо Ты ёсць на зямлі.
З нябёс высокіх кожны дзень прыходзіш,
пакінутых дзяцей за ручкі водзіш,
каб хоць на міг суцешыцца маглі.
Твая любоў на крылах прыплыве
у гарады шматлікія і вёскі.
Ласкавая, Ты выціраеш слёзкі
і гладзіш па дзіцячай галаве.
Ідзеш да ўсіх — пакрыўджаных і злых,
каб закалыхваць немачы старыя.
Святая, Найсвяцейшая Марыя,
Ты Маці ўсіх, дарослых і малых.
Мінаючы нябесныя масты,
спускаецца да нас любоў жывая.
І на зямлі сіротаў не бывае.
Няма іх там, дзе апякунка — Ты.

 
           * * *
Ізноў Ты людства ў любасці мілуеш
і з цемры клічаш, нібы з апаўночы.
О Божа, ну няўжо Ты не шкадуеш,
не каешся, што нас стварыў аднойчы?
Як часта зашчыміць адчайна сэрца,
прамовіць словы нельга без надрыву.
Душа ад праўды горкай затрасецца:
не вартыя мы Творчага Парыву.
Якім жа ветрам нам развеяць скруху
і як адолець панаванне болю?
Мы правілы Твае жыцця і руху
парушылі
па ўласнай добрай волі...
Нам ці спазнаць калі Тваё цярпенне,
ці выказаць яго ў бяссільным слове?
Як цяжка дарасці да ўсведамлення:
не змерыць дна нам у Тваёй любові...

 
* * *
дажджы й туман зямлю накрылі,
і сочыцца святло ледзь-ледзь.
О Дух Святы, пашлі мне крылы,
што дапамогуць узляцець.
Цераз слату, густую сырасць,
заслону восеньскай імжы,
цераз цягучую паныласць,
здранцвенне сэрца і душы,
цераз настрой бязвольна-хілы,
праз дух, што да зямлі прырос...
О Дух Святы, пашлі мне крылы,
каб думкі ўскінуць да нябёс.
Прыемна — над зямлёй павіснуць,
міг гэты працягнуць даўжэй.
Тут добра — воблакі не ціснуць,
да Збаўцы трошачкі бліжэй.

Мар’ян Дукса