«Прагніце ў духу і з клопатам Марыі служыць кожнай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста».
Ян Павел ІІ да легіянераў.

 

НАША ПАДЗЯКА

Ужо чацвёрты год запар у канцы жніўня легіянеры Марыі з усіх дыяцэзій збіраюцца ў Доме Святой Тройцы ў Баранавічах на свае рэкалекцыі ( «Пайдзіце адны ў пустыннае месца і крыху адпачніце» — Мк 6, 31). Тры дні напружанай духоўнай працы і мора Божых ласкаў – так коратка можна ахарактарызаваць усе рэкалекцыі. Кожны ксёндз-рэкалекцыяніст пакідае ў душы легіянераў значны след. Айцец Юзаф Дзеконьскі, духоўны кіраўнік Курыі «Каралевы сем»яў», паказаў нам прыклад самаахвярнай адданасці справе Легіёна Марыі. Далікатна, па- айцоўску вучыў нас наследаванню Марыі нават знешне – жанчыны павінны апранацца і выглядаць па-жаночаму. Айцец Конрад вучыў нас уважліва чытаць Слова Божае і разважаць над ім. Айцец Станіслаў гаварыў пра тое, што святасць – гэта паўната любові да Бога і бліжняга. Мы павінны маліцца аб дасканалай любові. Айцец Раман, духоўны кіраўнік Каміцыума, вучыў нас сапраўднаму даверу да Бога праз Марыю, а таксама глыбей пазнаваць сябе саміх і быць мужнымі сведкамі веры.

Вялікай радасцю былі для ўсіх нас першыя рэкалекцыі юных легіянераў, якія прайшлі ў ліпені гэтага года ў Маладзечне. Арганізаваў і правёў іх ксёндз дыякан Юры Санько. Вось што гаворыць пра свае ўражанні ад гэтых духоўных практыкаванняў юная легіянерка Каця Шыманоўская: «Нам усім было вельмі цікава і вельмі важна даведацца шмат новага пра Маці Божую: Яна жыла непрыкметна, заўсёды ў ценю, не звяртаючы на сябе ўвагі. Як дзіця, шчырая і непасрэдная, Яна аддала сваю свабоду Богу, жадаючы быць Яго нявольніцай. Стоячы пад крыжам, моўчкі цярпела свой навымоўны боль. Марыя прызнавалася ў сваёй нязначнасці, але Пан Бог ўзвысіў Яе да Валадаркі неба і зямлі. Мы зразумелі, што ў кожнага з нас павінна быць жаданне, як і ў Марыі, жыць ў ценю, а яшчэ зразумелі, што жыць з Марыяй, размаўляць з Ёю, ахвяроўваць Ёй сваю працу – гэта сапраўднае шчасце».

Ад імя ўсіх легіянераў сардэчна дзякую біскупам нашых дыяцэзій, духоўным кіраўнікам Каміцыума і Курый, духоўным кіраўнікам прэзідыумаў, пробашчам, вікарыям, братам і сёстрам законным, якія прычыняюцца да справаў Легіёна Марыі і дапамагаюць яму.

Марыя Мартыненка,
старшыня Каміцыума Легіёна Марыі.