Бог кожны дзень дае нам нейкія знакі, вядзе нас і дапамагае. Ён, як добры Айцец, любіць, калі мы звяртаемся да Яго ў сваіх патрэбах. Але, калі мы звяртаемся ў патрэбах іншых людзей, Пан Бог радуецца ўдвая і шчодра дапамагае. Нядаўна я яшчэ раз упэўнілася ў гэтым.

У парафіі Новая Мыш гэтым летам была арганізавана пілігрымка ў Наваградак да святых сясцёр мучаніц з ордэна назарэтанак. Я вырашыла пайсці ў пілігрымку, каб падзякаваць Пану Богу за ўсе атрыманыя ласкі. Запрасіла таксама сваю сяброўку Вераніку. Яна ніколі не падтрымлівала таго, што я хаджу ў касцёл, і рэлігійная тэма была закрытай у нашых размовах. Сяброўка верыла ў навукова-тэхнічны прагрэс, у сілу розума, а пра Бога нават чуць не хацела. А тут ёй прапануюць ісці ў пілігрымку...

— Што я там буду рабіць, я ж няверуючы чалавек, — адказала мне яна.

Я не стала настойваць, толькі прамовіла: «Не хочаш, не ідзі».

На наступны дзень сяброўка прыйшла да мяне і паведаміла:

— Я доўга думала і вырашыла пайсці. Усё ж такі мне там будзе весялей, чым тут дома сядзець адной.

Я не магла паверыць сваім вушам, і ў гэты момант у мяне з’явілася ідэя: буду ісці і прасіць Бога, каб Вераніка пачала хадзіць у касцёл, каб яна стала практыкуючай каталічкай. З гэтай інтэнцыяй я ішла ўсе тры дні, ахвяроўваючы Богу ўсе свае цяжкасці, усе свае мазалі (а іх было вельмі шмат).

Мая сяброўка змянялася на вачах. Першыя кіламетры ёй хацелася дадому.

— Дзе быў мой розум? Чаго я сюды пайшла? – наракала яна ўвесь час.

Потым сказала, што калі мы прыйдзем у наступную вёску, яна сядзе на аўтобус і паедзе дамоў. Але раптам ёй стала проста цікава, дойдзе яна да Наваградка ці не, да таго ж, нягледзячы на ўсе цяжкасці, пілігрымка ёй падабалася.

На другі дзень Вераніка ўжо ведала ўсе асноўныя малітвы, навучылася малітве на ружанцы і адмаўляла вяночак да Божай Міласэрнасці.

Усе было цудоўна. Мы ўсе разам маліліся, спявалі гадзінкі і розныя рэлігійныя песні. Галоўнае, мы ішлі і праслаўлялі Бога. Кожны дзень на палявым алтары адпраўлялася святая Імша, ксёндз Андрэй Рылка праводзіў вельмі цікавыя канферэнцыі, а вечарам мы збіраліся каля вогнішча, дзе разгараліся розныя дыскусіі, а часам гульні. Мы апынуліся ў добразычлівым асяроддзі, дзе ніхто не гаварыў дрэнных словаў, не паліў цыгарэтаў і не ўжываў алкаголю.

— Я адчуваю сябе тут вельмі ўтульна, ніколі б не магла і падумаць, што веруючыя людзі могуць так радавацца, — сказала мне мая сяброўка.

Невымоўнае шчасце перапаўняла маё сэрца. Я нават ўявіць сабе не магла, што Бог можа змяніць усё так хутка. Я радавалася, што Вераніка многае зразумела, а самае галоўнае, яна пачала любіць Бога.

За час пілігрымкі я і сама атрымала шмат розных сведчанняў, многае зразумела. Жыццё бяжыць вельмі хутка, і мы за бясконцымі  праблемамі  забываем радавацца кожнаму дню, забываем дзякаваць Пану Богу за ўсё тое, што Ён для нас робіць...

Калі мы дайшлі да Наваградка, больш ніякіх нараканняў з боку Веранікі не было. Наадварот, яна падышла да мяне і падзякавала. Пасля пілігрымкі Вераніка цалкам змяніла сваё меркаванне пра касцёл. Сказала, што хоча пайсці да першай споведзі і прыняць святую Камунію. Ад шчасця я не ведала, што сказаць. Гэта быў сапраўдны цуд. Я проста дзякавала Пану Богу за ўсё.

Бог заўжды дае нам толькі добрае, вядзе па шляху шчасця, але мы не заўсёды гэта разумеем. Я вельмі задаволена тым, што Вераніка гэта зразумела. Яна цяпер кожную нядзелю прысутнічае на святой Імшы. Ходзіць на катэхезу, рыхтуецца да першай споведзі, моліцца. Хочацца пажадаць ёй, каб Езус Хрыстус і Панна Марыя заўсёды былі разам з ёю і дапамагалі  ёй  у жыцці.

Безнадзейных людзей не бывае. У гэтым я упэўнілася. Мы проста павінны больш маліцца і быць больш ахвярнымі, а Пан Бог абавязкова дапаможа.

Наталля Г.,
легіянерка з Мінска.