Яна вярталася з мілага яе сэрцу горада туды, адкуль калісьці паехала. Метадычны грукат колаў толькі павялічваў і без таго сумны настрой. Хацелася схавацца ўнутры сябе, нікога не чуць і не бачыць. У купэ пастукалі, і малады чалавек запытаў па ангельску, ці ведае хто-небудзь гэтую мову. У галаве праляцела думка: «Я так стамілася і хачу адпачыць». Але, сабраўшыся з сіламі, ветліва адказала па-ангельску «так». Малады чалавек запытаўся, ці ведае яна, як даехаць да гасцініцы ў горадзе, куды прыбываў цягнік. Вельмі разгублены, ён глядзеў на яе, як на апошнюю надзею. Напэўна, яна магла б яму дапамагчы, але не сёння, і яна стомлена адказала: «Прабачце, я не ведаю». Яшчэ больш разгублены, ён адышоў.

Яе віны не было ў тым, што яна не ведала гэтага горада – ехала транзітам. На начлег яе запрасілі законныя сёстры, яна была, як кажуць, у парадку. А гэты іншаземец... Што яна зробіць, калі сапраўды не ведае, як яму дапамагчы. Але ж яна легіянерка Марыі, а воін Багародзіцы не павінен гаварыць Богу «я не магу». Дзяўчына паднялася, знайшла купэ маладога іншаземца і з ветлівай усмешкай сказала яму, што можа дапамагчы.

Цягнік пад’язджаў да горада. Дзяўчыну сустракала законная сястра. Аказалася, што гэтая манахіня жыве побач з гасцініцаю, і яна сардэчна згадзілася дапамагчы замежнаму госцю, які амаль плакаў ад шчасця. Па звычцы легіянера дзяўчына запыталася ў яго, ці не з’яўляецца ён католікам. Ён адказаў, што перастаў верыць у Бога пасля нейкай кніжкі. Ёй стала вельмі балюча, што яшчэ адна душа гоніць Езуса. Хлопец дзякаваў за дапамогу, а яна старалася яго ўпэўніць: «Не я, не мы, але Сам Пан Бог табе дапамагае!» Яна добра разумела, што цяпер праз яе і праз законную сястру Бог стукаецца ў сэрца гэтага чалавека. Яна раптам зразумела, што Пан Бог шчыра яго любіць нават тады, калі ён Бога адкідвае. Бог любіць! Любіць усіх і яе — такую малую і капрызную. Бог праз яе дапамагаў іншай душы. Але дапамог і ёй.

Л.Ж., легіянерка Марыі.