Я працую ў невялікім жаночым калектыве, дзе католікаў, апроч мяне, няма. Аднак магу сказаць, што большасць з маіх калегаў адносяцца з павагай да маёй веры, а некаторыя з вялікай цікавасцю чытаюць часопісы, якія я прыношу з касцёла.

На вокладцы часопіса «Аve Maria» ёсць словы: «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе» і медалік Беззаганнай Дзевы Марыі, які абяцае нам дапамогу. Вось пра гэту дапамогу я і хачу напісаць. Год таму, падчас абедзеннага перапынку, я чытала часопіс «Аve Maria». За суседнім сталом сядзела вельмі сумная Святлана Іванаўна. Яна за кароткі час страціла маці, мужа, а трое яе дзяцей маюць не вельмі шчаслівы лёс. Сваякі мужа пасля яго смерці сталі нібы чужыя. Вось яна сядзела і думала пра свае беды, а на мяне з часопіса глядзеў добрымі, усё разумеючымі вачыма Езус Міласэрны. Мне раптам вельмі захацелася расказаць Святлане пра гэты цудоўны абраз і пра тое, як вяночак да Божай Міласэрнасці ратуе людзей. Яна зацікавілася і папрасіла навучыць яе гэтай малітве, папрасіла таксама прынесці ружанчык і іконку. Я ў душы засумнявалася, бо праваслаўныя звычайна не надта давяраюць каталіцкім малітвам, але жанчына ў канцы працоўнага дня яшчэ раз папрасіла, каб я не забылася ўсё ёй прынесці. Так Святлана Іванаўна звярнулася да Божай Міласэрнасці і пачала пастаянна маліцца. Дзесьці праз месяц яна даведалася, што інсульт прывязаў да ложка яе свякроў. Святлана, прабачыўшы жанчыне ўсе крыўды, хадзіла наведваць яе ў бальніцу, потым — дома. Аднаго дня ёй патэлефанавала дачка свекрыві і вельмі прасіла хутчэй прыйсці, баючыся, што маці памірае. Жанчына сапраўды памірала і памірала вельмі цяжка. Дачка ў роспачы сказала, што не ведае малітваў, каб дапамагчы маці. Святлана Іванаўна схапіла сваю сумачку, у якой заўсёды цяпер насіла ружанчык і запісаны ў блакноце вяночак да Божай Міласэрнасці. Нават не ўяўляючы ўсяе сілы гэтай малітвы, яна шчыра малілася пры паміраючай. З вялікім здзіўленнем назірала, як мука пакідала твар старой жанчыны. Раптам хворая, падняўшы вочы, нібы ўбачыўшы кагосьці вельмі дарагога, у супакоі адышла ў іншы свет. Узрушаная ўсім, што адбывалася, Святлана Іванаўна выйшла ў іншы пакой і ад нечаканасці нібы аслупянела – на сцяне вісеў вялікі абраз Езуса Міласэрнага. Яна і думаць не магла, каб у такой жорсткай і не вельмі пабожнай свекрыві, якая лічыла сябе праваслаўнай, вісела ў хаце каталіцкая ікона. Праз некаторы час Святлана Іванаўна ўбачыла сваю свякроўку ў сне: жанчына шчасліва ўсміхалася сваёй нявестцы, з вялікай удзячнасцю гледзячы на яе.

Вось так праз Марыю прыйшло выратаванне да той, якая давярала Міласэрнасці Яе Сына. Святлана Іванаўна расказала пра гэты цуд усім на працы, і яшчэ сем жанчын узялі ў свае дамы абраз Езуса Міласэрнага.

Застаецца толькі бясконца дзякаваць Найсвяцейшай Панне Марыі за тое, што Яна ніколі не пакідае сваіх дзяцей. Трэба, каб і мы заўсёды памяталі, што Яна – наша Маці, што нам даў Яе Пан Езус, паміраючы на крыжы. І нават у самую цяжкую хвіліну дастаткова з верай паклікаць Яе, і дапамога не прымусіць доўга сябе чакаць.

 
Калі на сэрцы сумна і няма
Ад цяжкіх думак
у душы прасвету,
Прамові Найсвяцейшае Імя —
І знойдзеш паратунак ты ў гэтым.
Яе любоў прагоніць боль і страх,
Асушыць слёзы, прынясе надзею.
Пяшчотная Матуліна рука,
Як у дзяцінстве, цеплынёй сагрэе.
Суцешыць, супакоіць, як заўжды.
Адзіная, адзіная на свеце.
Забудзься на хвіліну пра гады,
Бо перад Ёю мы заўсёды дзеці.
А Маці любіць кожнае дзіця
І кожнаму дабра жадае.
Прамові Найсвяцейшае Імя,
Яна нас чуе, бачыць і чакае.

Галіна Асіповіч,
легіянерка з Баранавічаў.