Сімпозіум «Ян Павел ІІ — чалавек веры і культуры», прымеркаваны да заканчэння Года Вялікага Папы на Беларусі, прайшоў у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі 25 лістапада.

Звычайна, калі ў сталіцы адбываюцца гучныя мерапрыемствы, водгулле спеваў, прамоваў сягае далёка за межы будынкаў, таму жыхары даўно ўжо прызвычаіліся да розных гукаў, што нярэдка раздаюцца ў цэнтры горада. Гэтым разам з касцёла на плошчы Свабоды чуліся гукі аргана і словы, сярод якіх часта ўзгадвалася імя Яна Паўла ІІ.

Гэта было незвычайнае свята не толькі для жыхароў Мінска, але і для ўсёй Беларусі, свята веры і культуры, у якім пры-малі ўдзел і шматлікія духоўныя асобы, і свецкія людзі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, пасольстваў, прэсы. На ўласныя вочы бачыла, як зусім выпадковыя людзі, ідучы міма, з цікаўнасцю прыслухоўваліся да таго, што адбываецца ў касцёле, заходзілі і ... заставаліся, а пасля выходзілі з касцёла, купіўшы нешта са спадчыны Яна Паўла ІІ.

Сімпозіум распачаўся гімнам Духу Святому. Пасля Апостальскі Адміністратар біскуп Антоні Дзям’янка прывітаў шаноўных гасцей: кардынала Зянона Грахалеўскага, Прэфекта Кангрэгацыі каталіцкага выхавання, ці, кажучы свецкай мовай, міністра адукацыі Ватыкана, нунцыя Апостальскай Сталіцы, арцыбіскупа Марціна Відавіча, кардынала Казіміра Свёнтка, біскупаў Аляксандра Кашкевіча, Уладзіслава Бліна, Казіміра Велікасельца, Апостальскага візітатара для беларускіх грэка-католікаў архімандрыта Сяргея Гаека, прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы, дзяржаўнай улады, дыпламатаў і ўсіх гасцей форума.

Свой даклад, прысвечаны дзейнасці Яна Паўла ІІ у сферы каталіцкай адукацыі і выхавання прачытаў кардынал Зянон Грахалеўскі. Найперш Яго Эмінэнцыя падкрэсліў стаўленне Вялікага Папы да краінаў усходняй Еўропы і ролю Святога Айца ў іх гісторыі: разбурэнне жалезнай заслоны паміж Заходняй і Усходняй Еўропай, крах камуністычнага рэжыму. Ян Павел ІІ звяртаў асаблівую ўвагу на рэлігійнае, духоўнае і культурнае багацце славянскіх краінаў. Нездарма ён называў усходнія краіны «другім лёгкім Еўропы» і прызначыў апекунамі кантынента разам са святым Бэнэдыктам святых Кірылу і Мятода. Папа заўсёды маліўся за народы Усходняй і Цэнтральнай Еўропы і сачыў за іх лёсамі.

Як зазначыў Зянон Грахалеўскі, Ян Павел ІІ на працягу ўсяго пантыфікату звяртаўся да навукі, выхавання, адукацыі. Ён заснаваў дзве новыя акадэміі: Папскую акадэмію грамадскіх навук і Папскую акадэмію абароны жыцця, у склад якіх уваходзяць выдатныя навукоўцы з усяго свету. Кардынал распавёў таксама пра унёсак Яна Паўла ІІ у развіццё каталіцкага навучання, засяродзіўшыся на двух ключавых дакументах. Першы з іх рэгуляваў працу касцёльных установаў, а другі — каталіцкіх навучальных. Касцёльныя універсітэты і факультэты — гэта тыя, што непасрэдна створаны Ватыканам і падпарадкоўваюцца яму, займаюцца навучаннем будучых святароў, даследуюць пытанні веры, займаюцца навукамі, звязанымі з місіяй Касцёла. А каталіцкія навучальныя ўстановы больш падобныя да звычайных, але выкладанне і выхаванне там заснавана на каталіцкіх, агульнахрысціянскіх падмурках. Дарэчы, другі дакумент, выдадзены Янам Паўлам ІІ пад назваю Ex corde Ecclesiae («З сэрца Касцёла»), стаў першым дакументам, у якім Святы Айцец звяртаўся да дзейнасці каталіцкіх навучальных установаў у свеце. Пасля Другога Ватыканскага Сабору іх колькасць значна павялічылася: цяпер каталіцкіх універсітэтаў у свеце больш за 1300, а школаў — каля 200000, прычым яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю нават у тых краінах, дзе католікаў зусім мала, усяго 1-5%: у Тайландзе, Тайвані, Румыніі. Яго Эмінэнцыя асабліва падкрэсліў вялікае значэнне каталіцкага навучання ў сучасным свеце, таму што веды без веры і любові часта становяцца прычынай зла: новых відаў зброі і новых, больш жорсткіх, войнаў.

Пасля кардынала Зянона Грахалеўскага да прысутных звярнуўся кардынал Казімір Свёнтэк з рэфератам пра Касцёл на Беларусі падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ. І хоць гаворка ішла пра зусім нядаўнія часы, усім добра памятныя, сабраныя разам факты ўражвалі. Фактычна за некалькі гадоў ажыў і пачаў квітнець адроджаны Касцёл на Беларусі. У 1989 годзе з’явіўся першы біскуп на Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч, а ў 1990 годзе ўжо адчынілася Гродзенская семінарыя, былі адноўленыя дыяцэзіі, прызначаныя біскупы. У 1992 годзе былі наладжаныя дыпламатычныя сувязі з Ватыканам, пачалася праца Сіноду, створана Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. З ласкі Святога Пасаду тры касцёлы ў Гродне, Пінску і Будславе атрымалі гонар Базылікі меншай; былі каранаваныя папскімі каронамі абразы ў Будславе, Лагішыне, Гродне, Брэсце, Мінску; былі беатыфікаваныя новыя благаслаўлёныя з Беларусі, сярод якіх — мучанікі часоў Другой сусветнай вайны. Сімвалам адраджэння Касцёла ў Беларусі, падкрэсліў кардынал, можна лічыць адноўлены архікатэдральны касцёл, які са спартыўнай залы ператварыўся ў цудоўную святыню. Яго галоўны алтар нездарма ўпрыгожваюць герб Яна Паўла ІІ і абраз Маці Божай, падараваны Вялікім Папам.

Успомніў Казімір Свёнтэк і шматлікія пілігрымкі з Беларусі, мэтаю якіх была сустрэча з Янам Паўлам ІІ. Хоць Папа і не змог здзейсніць сваю мару і прыехаць у Беларусь, але мы заўсёды адчувалі яго асаблівую падтрымку, сардэчнасць, зычлівасць у адносінах да нашага народа і Касцёла на Беларусі. Ян Павел ІІ часта перадаваў нам сваё благаслаўленне праз кардынала, а таксама прамаўляючы па-беларуску на сустрэчах з пілігрымамі і падчас благаслаўлення «Urbi et orbi». «Такім мы яго любім, і такім ён застанецца назаўсёды ў нашай памяці, у нашых сэрцах, у Касцёле на Беларусі!» — скончыў сваё выступленне Казімір Свёнтэк.

Пасля на прэс-канферэнцыі з удзелам кардыналаў Зянона Грахалеўскага і Казіміра Свёнтка, нунцыя Апостальскай Сталіцы Марціна Відавіча, біскупа Антонія Дзям’янкі працягнулася размова пра каталіцкую адукацыю. Антоні Дзям’янка распавёў пра тое, як арганізавана навучанне рэлігіі ў Беларусі, адзначыўшы, што ўсе нядзельныя школы пры касцёлах цяпер праходзяць дзяржаўную рэгістрацыю. Біскуп падкрэсліў, што сёння даволі цяжка атрымаць дазвол на пабудову новых святыняў ў аддаленых ад цэнтра мікрараёнах буйных гарадоў, дзе жыве найбольш дзетак, якім неабходна наведваць заняткі па рэлігіі і рыхтавацца да Першай Камуніі.

Кардынал Казімір Свёнтэк расказаў пра працу Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Асабліва ён адзначыў тое, што навучанне праводзіцца цалкам па-беларуску мясцовымі выкладчыкамі, якія вучыліся ў каталіцкіх універсітэтах Польшчы. Асноўнай праблемай у навучальным працэсе, на думку кардынала, з’яўляецца недахоп беларускіх адпаведнікаў для лацінскіх тэрмінаў у галіне тэалогіі і філасофіі, але гэта справа часу. Казімір Свёнтэк з радасцю паведаміў, што ў 2007 годзе адбудзецца першы выпуск семінарыі, трое выпускнікоў якой хутка будуць пасвечаны ў дыяканы. Але, безумоўна, варта маліцца аб пакліканнях да святарства, бо кожны з вернікаў ведае, як нашай краіне не хапае пакуль працаўнікоў на ніве Пана.

Кардынал Зянон Грахалеўскі прыгадаў сваю сустрэчу з намеснікам міністра адукацыі Беларусі спадарыняй Таццянай Кавалёвай, якая прайшла 24 лістапада. У ходзе сустрэчы адбыўся абмен думкамі па асноўных кірунках выхавання, і па найбольш прынцыповых пытаннях пункты гледжання суразмоўцаў супадалі, і гэта, на думку Прэфекта, у далейшым можа прывесці да пэўных пагадненняў. Але для таго, каб стварыць каталіцкую навучальную установу на Беларусі, найперш патрэб-на ініцыятыва з боку мясцовых касцёльных уладаў і каталіцкай інтэлігенцыі. Толькі тады распачнецца супрацоўніцтва беларускай дзяржавы і Ватыкана па пытаннях фінансавання і ўтрымання гэтых навучальных установаў. Беларусі патрэбны добры каталіцкі універсітэт, адзначыў Зянон Грахалеўскі, з прафесійным узроўнем выкладання і моцным духоўным выхаваннем.

Каталіцкае выхаванне, па словах кардынала, найперш заснавана на шанаванні свабоды сумлення, павазе да іншых веравызнанняў. Ніколі каталіцкія школы не сеялі варожасці да іншых канфесій, ніколі не было нараканняў на іх дзейнасць ва ўсім свеце (пра што, адзначым, сведчыць і гістарычны вопыт нашай краіны — Л. Д.). Часта нават нехрысціяне высока цэняць дзейнасць каталіцкіх навучальных установаў у сваіх краінах, бо гэтыя цэнтры адукацыі праз хрысціянскія каштоўнасці спрыяюць міжнароднаму ўзаемаразуменню і супрацоўніцтву.

Людзей трэба выхоўваць «для любові і з любоўю», сказаў кардынал Грахалеўскі; вучні і студэнты павінны адчуваць, што іх любяць і паважаюць. Такі падыход спрыяе выхаванню добрасумленнага, адказнага чалавека, які будзе развіты не толькі інтэлектуальна, але і духоўна; будзе ведаць, што такое дабро і зло, і асэнсавана імкнуцца да дабра, бо толькі яно з’яўляецца вынікам любові.

     

На сімпозіуме таксама прагучалі рэфераты прафесара юрыспрудэнцыі Люблінскага каталіцкага універсітэта і Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве, кансультанта Папскай Рады па інтэрпрэтацыі прававых тэкстаў у Ватыкане ксяндза Юзафа Крукоўскага, які распавёў пра сувязі паміж паўсюдным і мясцовым Касцёламі ў свеце вучэння Яна Паўла ІІ, і кандыдата філалагічных навук Алеся Жлуткі, з дапамогай якога можна было прасачыць складаную гісторыю станаўлення і развіцця Касцёла на Беларусі ад апостала Андрэя да Яна Паўла ІІ. Змястоўна і цікава расказала пра спадчыну Яна Паўла ІІ на беларускай мове пісьменніца, галоўны рэдактар часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстына Лялько, якая сама прыклала вялікія намаганні для таго, каб кожны беларус змог далучыцца да багацця твораў Папы. Сястра Зоф’я Здыбіцка, прафесар, доктар філасофскіх навук, былы дэкан філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага універсітэта, у сваім дакладзе звярнула ўвагу прысутных на разуменне чалавека ў філасофіі Яна Паўла ІІ.

Не засталася ўбаку і каталіцкая моладзь — спецыяльна для яе была арганізавана сустрэча з сястрой Зоф’яй. Усмешлівая, як сонейка, законніца з супольнасці уршулянак сваёй непасрэднасцю і душэўнай цеплынёй проста зачаравала прысутных. Яна з юнацкім запалам расказала моладзі пра тое, як яна, калі была ў зусім маладым ўзросце, пазнаёмілася з ксяндзом Каралем Вайтылам, выкладчыкам Люблінскага універсітэта, а потым пачала працаваць там і выкладаць разам з ім. Яна ўспамінала, як ён сябе паводзіў, наколькі простым і сціплым быў у стасунках з іншымі людзьмі, нават калі ўжо стаў Папам, як вучыў служыць бліжнім і сам быў прыкладам такога служэння. Распавядала сястра таксама пра цуды, якія праз малітву Яна Паўла ІІ здзяйсняліся яшчэ пры яго жыцці і якія запісаў яго сакратар, сённяшні арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Вельмі ўзрушыў аповед пра яўрэя, які, прыняўшы Камунію з рук Святога Айца, атрымаў аздараўленне на апошняй стадыі раку. «Папа не перастаў жыць! Я адчуваю, што ён з намі! Я ведаю, як моцна ён хацеў прыехаць да вас, але цяпер ужо можа прыехаць, куды захоча, і ў Беларусь, і ў Расію! » — скончыла сястра Зоф’я свой аповед.

Кульмінацыяй дня стала святая Імша аб хутчэйшай кананізацыі Яна Паўла ІІ, якую цэлебраваў кардынал Зянон Грахалеўскі разам з прысутнымі біскупамі і святарамі. Падчас літургіі яе ўдзельнікаў не пакідала адчуванне, што Вялікі Папа паглядае не толькі з вялікага партрэта каля алтара, але непасрэдна ёсць тут, з усімі, цешыцца, што хоць такім чынам здзейсніў сваю мару — прыбыў на Беларусь.

Пасля св. Імшы адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу ведаў пра Яна Паўла ІІ і канцэрт хору «Organum», які ў Кракаве заснаваў Караль Вайтыла, і аркестра «Ricercar». Адразу пасля сімпозіума госці і ўдзельнікі змаглі атрымаць асалоду і ад канцэрта арганнай музыкі ў выкананні прафесара Варшаўскай Акадэміі музыкі імя Ф. Шапэна Магдалены Чайкі.

Гэты ўрачысты, насычаны падзеямі дзень стаў выдатным заканчэннем Года Яна Паўла ІІ, які сапраўды вельмі плённа прайшоў на Беларусі. Думаецца, што гэтаму непасрэдна спрыяў Вялікі Папа, які асаблівым чынам працягвае апекавацца нашай краінай і пасля адыходу ў вечнасць. А сімпозіум стаў найлепшым выразам любові Касцёла ў Беларусі і яго вернікаў да Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Ён быў і будзе з намі, беларусамі, у гэты год і назаўсёды!

Ларыса Дарашэнка.
Фота Міколы Новікава і Васіля Кучаравага