2 снежня ў Шэметаве адзначалася 10-я гадавіна смерці былога пробашча мясцовай парафіі ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага, які працаваў тут амаль паўстагоддзя. З гэтай нагоды ў шэметаўскім касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка цэлебраваў урачыстую св. Імшу за супакой душы гэтага самаахвярнага святара, пра якога мы падрабязна пісалі ў папярэднім нумары ў матэрыяле «Пастыр добры» (гл. № 11 (139)).

Цяперашні пробашч шэметаўскай парафіі дзекан Будслаўскі кс. Пётр Шарко і шматлікія вернікі шчыра віталі пастыра архідыяцэзіі ў сваёй святыні. Невялічкі шэметаўскі касцёл ледзь змясціў мясцовых вернікаў, прадстаўнікоў розных пакаленняў. Яны прыйшлі памаліцца за супакой душы святара, які перадаў ім скарб веры. У цэлебрацыі святой Імшы палічылі за гонар узяць удзел святары з суседніх парафій, сярод якіх былі госці з блізкай да Шэметава Гродзенскай дыяцэзіі.

     

Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі была прысвечана тэме паклікання да святарства і кансэкраванага жыцця, а на заканчэнне святой Імшы Апостальскі Адміністратар асвяціў мемарыяльную табліцу ў гонар ксяндза інфулата Станіслава Кучынскага «ад удзячных парафіянаў». На ёй побач з увекавечаным у камені партрэтам святара змешчаны вобраз Маці Божай Вастрабрамскай, якую асабліва ўшаноўваў ксёндз Станіслаў.

  

Цяпер у касцёле ідзе рэстаўрацыя унікальных вітражоў, а таксама завяршаецца адбудова шэметаўскай плябаніі, у якой размесціцца цэнтр адпачынку для дзяцей. Усіх, хто можа дапамагчы ў гэтай высакароднай справе, просім звяртацца да кс. дзекана Пятра Шарко па адрасе: Двор Шэметава 9, Мядзельскі р-н, 222388 Мінская вобл., Рэспубліка Беларусь. Тэл./факс.: +375 1797 32733. E-mail: sharkop@catholic.by