З ініцыятывы пробашча бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ксяндза Юрыя Быкава, 19 лістапада, пасля святой Імшы на 11 гадзін, католікі Бабруйска сустрэліся з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам і пісьменніцай, рэдактарам каталіцкіх часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Крыстынай Лялько. Нагодай для творчага спаткання стала выданне кнігі Н. Гілевіча «Запісы з дзённікаў розных гадоў» (сшытак першы) у выдавецтве «Про Хрысто». Апроч парафіянаў, на сустрэчу прыйшлі дзесяткі бабруйчанаў — настаўнікі, студэнцкая і навучэнцкая моладзь, школьнікі. Прысутнічалі таксама журналісты з мясцовых газет.

Сустрэчу распачала Крыстына Лялько. Спадарыня Крыстына распавяла прысутным пра дзейнасць выдавецтва «Про Хрысто», працу рэдакцый часопісаў, пра сваю пісьменніцкую творчасць, якую яна апошнімі гадамі скіравала на пераклады твораў Слугі Божага Яна Паўла ІІ на беларускую мову. Яшчэ Крыстына Аляксееўна прачытала некалькі сваіх вершаў, якія былі цёпла ўспрыняты слухачамі.

Шаноўны Ніл Гілевіч у сваім расповедзе пастараўся падаць асобныя творы са свайго неабдымнага творчага багажу ў кантэксце перажытага, кранаючыся важных падзей у яго жыцці і жыцці дарагіх для яго людзей. Дзелячыся сваім жыццёвым роздумам, Ніл Сымонавіч выказаў асабістую занепакоенасць праблемамі сям’і. Аўтар прачытаў з гэтай нагоды некалькі сваіх вершаў, прысвечаных матулі і дзяцінству. Вершы гэтыя ўзрушылі ўсіх прысутных, расчуліўся і сам паэт. Усе яшчэ раз адчулі, як уражвае і захапляе геніяльнае паэтычнае Слова, як яно высвечвае глыбіні духу, абуджае і разнявольвае Боскі пачатак у чалавеку. А якое выканальніцкае майстэрства прадэманстраваў Ніл Сымонавіч! І несумненна, што ўспрыняцце Ніла Гілевіча як асобы і творцы ў гэтыя хвіліны ўзмацнялася яшчэ і сакральнасцю святыні — талент ад Бога вельмі гарманічна лучыўся з атмасферай Дома Божага.

Пасля спаткання з творцамі сваю сардэчную ўдзячнасць ім выказалі ксёндз Юры Быкаў і парафіяне, а моладзь з гурту «Magnificat» прысвяціла шаноўным гасцям адну з сваіх песняў. Ну а потым і Крыстыну Аляксееўну, і Ніла Сымонавіча чакала шчасная доля — аўтографы, якіх ім у гэты дзень давялося даць проста безліч!

Вось такім благаславёным творчым працягам нядзельнай Эўхарыстыі абдарыў Пан Бог бабруйскіх вернікаў, узмацніўшы свае ласкі і ўмацаваўшы ў сваіх дабрадзейнасцях.

Віктар Маліноўскі,
парафіянін, г. Бабруйск.
Фота Міколы Новікава.