Мінулай зімой у Гродне на каляднай сустрэчы ў зальцы Андрэя Баболі група вернікаў з беларускамоўнай Імшы віншавала маладых ксяндзоў вікарыяў з Божым Нараджэннем і шчыра жадала ім, каб яны доўга і плённа служылі ў нашай катэдры. Пажадалі і схамянуліся: кожны вікарый хоча стаць пробашчам.

Неўзабаве маладыя вікарыі сапраўды атрымалі прызначэнні на пасады пробашчаў і паехалі ў касцёлы Гродзенскай дыяцэзіі, а іх замянілі новавысвечаныя святары.

У гродзенскай малой базыліцы імя Францішка Ксавэрыя ёсць малітоўная група вернікаў, якія практычна жывуць у касцёле, толькі не начуюць. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх святых Эўхарыстыях, як нядзельных, так і штодзённых, а самі слабенькія, некаторыя сагнутыя, ледзве ногі перастаўляюць, а такія чыстыя, натхнёныя, шчаслівыя...

Прыходзіць такі час у жыцці чалавека, калі ўсе яго грамадскія справы, праца на вытворчасці і нават сямейныя абавязкі заканчваюцца. Тады чалавек застаецца сам-насам з сабой, у маўчанні. Гэта выпрабаванне нялёгкае, але не для верніка.

Маўчанне дапамагае смутку і радасці выйсці са схованкі і глянуць сабе ў вочы, перадумаць вандроўку жыцця, яе светлыя і цёмныя бакі, каб выразней убачыць тое, што мы маем ад Бога. Маўчанне, цішыня дома, у прыродзе, у касцёле спрыяюць роздуму. Адзінокія вернікі не баяцца цёмных галасоў цішыні, смела ўваходзяць у глыбіню маўчання і знаходзяць там свайго галоўнага Субяседніка, які ўсіх любіць. І любоў гэта — чыстая, гаючая, вольная, неабмежаваная, узаемная.

Натуральны пераход ад тлуму жыцця да вечнасці — як найдаўжэй заставацца ў касцёле.

У катэдры кожны дзень ад першай да апошняй Імшы адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі сёстры Адарацыйнага кола па паўгадзіне нясуць варту перад Гостыяй на каленях. Астатнія старэйшыя людзі паміж святой Эўхарыстыяй моляцца і моляцца — то паціху, у кантэмпляцыі, то адмаўляюць Ружанец, вяночак да Божай Міласэрнасці, спяваюць Гадзінкі, святыя песні...

Мілы старэйшы пан з брыгіцкага касцёла, дзе ён у нядзелю суправаджае на фісгармоніі святую Імшу на літоўскай мове, спяшаецца ў катэдру на Імшу па-беларуску, а пасля спявае Гадзінкі перад Маці Божай Кангрэгацкай па-польску. Ён пачынае, а да яго далучаецца ўся сям’я, вялікая група вернікаў...

Хочацца іх называць «хлопцамі» і «дзяўчатамі»...

Бываюць зрэдку між імі канфлікты. У летні час адна старэйшая пані прыходзіла каля 15.00–16.00 гадзін і пачынала адна маліцца ўголас. Так доўжылася некалькі тыдняў, пакуль адна смелая жанчына не вытрывала і сказала ёй, што яна тут не адна і перашкаджае іншым маліцца.

Мілая пані не пакрыўдзілася. Ціха перайшла на апошнюю лаўку, адкуль добра відаць Найсвяцейшую Гостыю і цудоўны абраз Маці Божай Кангрэгацкай. Катэдра вялікая. Мілая пані цяпер з той апошняй лаўкі ўголас моліцца адна. Так ёй, мусіць, трэба.

Пакрыўдзіўшы жанчыну, сёстры з Адарацыйнага кола зразумелі, што яны зграшылі. Шчыра перапрасілі Пана Езуса і Святую Марыю, шчыра і вельмі прыгожа згаварылі Ружанец. Вернікі ведаюць, што Бог прабачае, калі шчыра папросіш, а да таго ж зробіш гэта неадкладна.

...Нашы мілыя намоленыя людзі засялілі капліцу малітоўнічкамі, акулярамі, белымі хусцінкамі, падушачкамі пад калені. Нібы гэтак і не трэба ў касцёле, але разам з тым — што тут такога? Паціху гэтыя людзі адыходзяць і не вяртаюцца, і відочная страта прыносіць ціхі смутак.

Адна суразмоўніца разважае так:

— Жанчыну, якая ідзе да касцёла, пазнаеш на вуліцы: у яе хада інакшая, спакой і павага. Яна ж ідзе на запаветнае спатканне з Богам.

Нашы сталыя намоленыя людзі паспяваюць ва ўсе касцёлы Гародні, дзе адбываюцца адпустовыя ўрачыстасці. Так, яны шукаюць дарогі да неба. Для сябе і сваіх блізкіх. Для жывых і памерлых, за якіх моляцца разам з Касцёлам. У гэтым яны маюць вялікае прызначэнне і канчатковае дзейства, сведчанне Бога.

«Дзякуючы невядомым людзям, якія моляцца моўчкі, Бог ратуе нас ад знішчэння. Магчыма, найвялікшыя святыя застаюцца не распазнанымі» (Генры Ноўвэн «Лісты да Марка пра Езуса»).

Данута Бічэль,
Гродна.