5 лістапада ў касцёле св. Юзафа горада Маладзечна прайшла прыміцыйная святая Імша, якую цэлебраваў новапасвечаны ксёндз Віталій Драздоўскі.

Памятаю, як ён, яшчэ простым хлопцам, працаваў важатым у летнім лагеры пры касцёле. Ніводная пілігрымка не абышлася без яго: кожны дзень, ідучы да Маці Божай Будслаўскай, Віталій праслаўляў Пана Бога і Маці Божую сваімі малітвамі, спевамі і адмысловым граннем на гітары. Ён вельмі вясёлы, прыемны ў адносінах. Ніколі не магла падумаць, што наш Віталік стане ксяндзом, але праз згоду бацькоў, штодзённую малітву ён вызначыў сваё пакліканне.

У кожнага сваё пакліканне... У аднаго — быць лекарам, у другога — настаўнікам, у трэцяга — суддзёй. Пакліканне атрымліваюць усе! Бог выбірае каго хоча і калі хоча. Выбірае таго, хто Яму патрэбны. Бог прызывае чалавека, але не тлумачыць, чаму Ён гэта робіць.

Пакліканне — самая вялікая тайна душы. Цудоўныя і часам незразумелыя шляхі, якімі ласка Божая прыходзіць у сэрца кожнага чалавека. Кожнае пакліканне вельмі асабовае, індывідуальнае і заўжды непаўторнае. Часам пакліканне прыходзіць раптоўна, быццам удар маланкі. Часам прыходзіць праз іншага чалавека. Вельмі часта чалавек перажывае, што ўсе шляхі для яго зачынены, куды б ён ні пайшоў — усюды тупік. Але гэта дзякуючы Божаму Провіду зачынены ўсе шляхі, усе магчымасці, і тады застаецца толькі адна дарога — дарога паклікання.

Віталій Драздоўскі зрабіў свой выбар. Ён пачаў вялікую місію. Спадзяюся, што ён пройдзе гэты складаны шлях да канца, абыдзе ўсе спакусы і падманы, дапаможа людзям, якія не знайшлі Бога, паверыць у Яго — нашага Айца!

Кацярына Шыманоўская,
парафія св. Юзафа,
горад Маладзечна.