28 лістапада Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыляцеў у Турцыю. У аэрапорце турэцкай сталіцы Анкары Святога Айца сустрэў прэм’ер-міністр Турцыі Рэджэп Тайіп Эрдаган, а таксама іерархі Каталіцкага Касцёла ў краіне. Так распачаўся першы візіт Папы ў мусульманскую краіну, які папярэдне выклікаў неадназначную рэакцыю ў ісламскім свеце.

 
Адразу пасля кароткай цырымоніі прывітання ў VIP-зале аэрапорта адбылася размова Святога Айца з турэцкім прэм’ерам. Бэнэдыкт XVI сказаў, што з самага пачатку свайго пантыфікату жадаў наведаць Турцыю, якая яму вельмі блізкая, і звярнуў увагу на важнасць дыялогу паміж цывілізацыямі. Прэм’ер-міністр Эрдаган, шчыра прывітаўшы Папу, падкрэсліў ролю Турцыі, асабліва Стамбула, як месца, дзе сустракаюцца розныя культуры і цывілізацыі.

Пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Рэджэпам Тайіпам Эрдаганам Святы Айцец наведаў маўзалей Мустафы Кемаля Пашы — Атацюрка, і ўсклаў вянок на магілу нацыянальнага героя турэцкага народа і заснавальніка сённяшняй турэцкай дзяржавы. Ад маўзалея Папа накіраваўся ў прэзідэнцкі палац з візітам ветлівасці да прэзідэнта краіны Ахмета Нэджэта Сэзэра, пасля чаго сустрэўся з кіраўніком упраўлення па справах рэлігіі Турцыі Вялікім муфціем Алі Бардакаглу. У сваіх прамовах Вялікі муфцій і Папа падкрэслілі неабходнасць працягваць міжрэлігійны дыялог. Першы дзень візіту завяршыўся сустрэчаю Бэнэдыкта XVI з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванымі ў Турцыі.

Другі дзень побыту Святога Айца ў Турцыі распачаўся з наведання Папам марыйнага санктуарыя ў старажытным Эфесе, які знаходзіцца за 50 кіламетраў ад Ізміра. Санктуарый, які называюць «домам Марыі», пабудаваны на тым месцы, дзе пад апекаю святога апостала Яна Багародзіца правяла апошнія гады свайго зямнога жыцця. Апоўдні Бэнэдыкт XVІ у літургічных шатах з’явіўся ў святыні, побач з якой, пад адкрытым навесам, цэлебраваў святую Імшу. Яго шчыра віталі сабраныя вернікі і пілігрымы з усёй Турцыі і з-за мяжы. (Гэты санктуарый раней наведвалі таксама папярэднікі Бэнэдыкта XVІ Павел VІ і Ян Павел ІІ).

У месцы ўспення Панны Марыі Бэнэдыкт XVІ нагадаў, што «Езус прыйшоў, каб прынесці мір усім народам». У гэтым кантэксце Святы Айцец звярнуў увагу на заданне Касцёла, які павінен абвяшчаць свету мір і быць яго знакам і прыладаю яго дасягнення ва ўсім свеце. Ён падкрэсліў, што Марыю ўшаноўваюць таксама вызнаўцы ісламу і што ў святой Імшы бяруць удзел прадстаўнікі некалькіх усходніх абрадаў. Гэтая разнастайнасць у адзінстве з’яўляецца вялізным багаццем Касцёла. Разам з тым Папа адзначыў, што хрысціянская супольнасць з’яўляецца ў Турцыі «невялікай рэлігійнай меншасцю і кожны дзень сутыкаецца з вялікімі выклікамі і цяжкасцямі». Гаворачы пра гэта, Святы Айцец заклікаў хрысціянаў, каб заўсёды, нават у цяжкія хвіліны выпрабаванняў, яны разам з Марыяй спявалі Богу «Magnificat», гімн праслаўлення і радасці. Сваю гамілію Папа завяршыў фразаю на турэцкай мове. Пасля заканчэння Літургіі, якую ўпрыгожыла сваім спевам моладзь з неакатэхуменальных супольнасцяў, Папа шчыра прывітаў кожнага з прадстаўнікоў духавенства, што ўдзельнічалі ў цэлебрацыі, а таксама прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

З Эфеса Бэнэдыкт XVI накіраваўся ў Стамбул. Увечары ён прыбыў у стамбульскі раён Фанар, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя Канстанцінопальскага Патрыярха. З урачыстым звонам, з белымі кветкамі Святога Айца віталі група манахаў і сам Патрыярх Барталамей І. Патрыярх праводзіў Папу ў патрыяршы сабор святога Юрыя, дзе адбылася Літургія слова, якая складалася з розных элементаў усходняй Літургіі і была падрыхтавана спецыяльна з нагоды візіту Папы. Пасля супольнай малітвы «Ойча наш» Барталамей І сказаў прывітальнае слова, у якім засяродзіўся на старажытнай хрысціянскай традыцыі Усходу, што бярэ пачатак ад святога апостала Андрэя. Патрыярх сказаў, што яна трымаецца на сведчанні шматлікіх мучанікаў, настаўнікаў веры і веравызнаўцаў, якія сваім самаахвярным жыццём змянілі свет. Менавіта тут збіраліся Саборы, на якіх быў сфармуляваны Сімвал веры; тут шматлікія мучанікі і святыя далі сведчанне веры; тут складалася традыцыя Айцоў. Патрыярх нагадаў пра адказнасць за наступствы падзелу хрысціянаў і пра неабходнасць развіцця міжканфесійнага дыялогу, «каб усе былі адно». У адказ на прамову Барталамея І Святы Айцец таксама сказаў некалькі словаў. На заканчэнне набажэнства хор праспяваў Папу Plurimos annos («Многая лета»), пасля чаго абодва іерархі маліліся перад рэліквіямі святых Грыгорыя Назіянзскага і Яна Залатавуснага. Пасля малітвы адбылася закрытая прыватная сустрэча Папы і Патрыярха.

На пачатку наступнага дня візіту Папа зноў скіраваўся ў Фанар. У бабінцы катэдры святога Юрыя пацалункам супакою яго сустрэў Патрыярх Барталамей І. З нагоды ўрачыстасці святога Андрэя — апекуна Праваслаўнай Царквы — адбылася святочная Боская Літургія паводле абраду святога Яна Залатавуснага, якую цэлебраваў у прысутнасці Папы Канстанцінопальскі Патрыярх разам з некалькімі праваслаўнымі біскупамі. У сваёй гаміліі Патрыярх падкрэсліў, што супольны ўдзел у Эўхарыстыі з’яўляецца найлепшым выразам адзінства братоў у Хрысце. Падчас Літургіі ўзяў слова таксама і Бэнэдыкт XVI, які сказаў пра першынство Папы і пра тое, што служэнне святога Пятра заўсёды мела паўсюдны, сусветны характар.

На заканчэнне Боскай Літургіі Бэнэдыкт XVI і Барталамей І разам удзялілі благаслаўленне ўсім прысутным у святыні вернікам. Потым яны выйшлі на тэрасу Патрыяршага палаца, адкуль ізноў благаславілі ўсіх сабраных. Пасля благаслаўлення Папа і Патрыярх узнялі ўгору з’яднаныя ў братнім поціску рукі. Гэты жэст быў прывітаны доўгімі апладысментамі. З тэрасы іерархі скіраваліся ў канферэнцзалу Патрыярхату, дзе адбылося ўрачыстае прачытанне сумеснай Дэкларацыі, пасля чаго яна была падпісана Папам і Патрыярхам.

У дакуменце адзначана, што братняя сустрэча Папы і Патрыярха — гэта справа Божая, а таксама Ягоны дар. У Дэкларацыі таксама падкрэсліваецца, што ні Каталіцкі Касцёл, ні Праваслаўная Царква раней не выкарысталі ўсіх шанцаў, якія былі ім дадзены ў выніку адмены ў 1965 г. экскамунік, узаемна накладзеных у 1054 г. Таму, адзначаецца ў дакуменце, далейшыя экуменічныя ініцыятывы павінны быць падтрыманыя супольнымі малітвамі вернікаў абедзвюх канфесій.

Важныя словы ў Дэкларацыі датычацца працэсу еўрапейскай інтэграцыі, які і Папа, і Патрыярх ацэньваюць станоўча, але разам з тым падкрэсліваюць, што ў цэнтры правоў чалавека павінна быць пашана да свабоды веравызнання. Заяўляецца таксама, што Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква будуць сумесна дзейнічаць на карысць захавання хрысціянскай тоеснасці Еўропы, а таксама спрыяць будаўніцтву будучыні кантынента і чалавечых адносінаў на розных узроўнях. Заканчваецца Дэкларацыя супольным благаслаўленнем у адрас вернікаў Касцёла і Царквы. Падпісанне дакумента было прывітана гучнымі воплескамі, а Папа і Патрыярх замацавалі свае подпісы братнім пацалункам.

Пасля ўрачыстасцяў у саборы святога Юрыя Бэнэдыкт XVI наведаў найбольшую святыню хрысціянскага Усходу — сабор святой Сафіі, а таксама мячэць Султанахмет, так званую «Блакітную мячэць», — галоўную мусульманскую святыню Турцыі.

Падчас візіту Папу суправаджаў Вялікі муфцій Стамбула Мустафа Кагрысі, да якога Папа звярнуўся з такімі словамі: «Гэты візіт дапаможа нам разам знайсці спосабы і шляхі ўсталявання міру для дабра ўсяго чалавецтва». Уваходзячы ў мячэць, Папа, паводле мусульманскай традыцыі, зняў абутак, а пасля падзякаваў Вялікаму муфцію за магчымасць малітвы.

Дзень завяршыўся наведаннем Папам армянскай катэдры Маці Божай у Стамбуле. (Армяне з’яўляюцца самай вялікай хрысціянскай супольнасцю ў Турцыі: каля 70 тысяч вернікаў. Католікаў жа ў Турцыі каля 30 тысяч, палова з іх належыць да лацінскага абраду.) Каля парогу святыні Папу сустракаў Патрыярх Месроп ІІ. Падышоўшы да алтара, Бэнэдыкт XVI у кароткай прамове падзякаваў Богу за веру і хрысціянскае сведчанне армянскага народа, «што перадаецца з пакалення ў пакаленне, часта ў сапраўды трагічных абставінах, як тыя, якія ён перажыў у мінулым стагоддзі». Такім чынам Папа нагадаў пра генацыд армянаў у 1915–1916 гг. Вярнуўшыся ў рэзідэнцыю, Святы Айцец прыняў кіраўніка Сірыйска-праваслаўнай Царквы ў Турцыі, а таксама вялікага рабіна краіны.

1 снежня, у апошні дзень свайго візіту ў Турцыю, Бэнэдыкт XVI асвяціў помнік свайму папярэдніку Анджэло Джузэппэ Ранкаллі — Папу Яну ХХІІІ, які да выбрання Папам 9 гадоў працаваў Апостальскім Нунцыем у Турцыі і набыў у гэтай краіне вялікі аўтарытэт. На помніку Ян ХХІІІ усміхаецца і трымае ў руках голуба. Падчас урачыстасці Бэнэдыкт XVI таксама выпусціў трох галубоў як сімвал міру.

Потым Папа цэлебраваў святую Імшу ў стамбульскай катэдры Святога Духа. Перад катэдраю Святога Айца віталі Апостальскі Вікарый Стамбула біскуп Луі Пэлятр, турэцкія біскупы, пробашч катэдры, мэр горада і іншыя прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Моладзь сустрэла Папу радаснымі воклічамі, пасля чаго прысутныя не менш цёпла віталі Канстанцінопальскага Патрыярха Барталамея І і армянскага Патрыярха Месропа ІІ.

У сваёй гаміліі падчас Імшы Папа звярнуў увагу на праблемы рэлігійнай свабоды. У прыватнасці, ён сказаў: «Касцёл не хоча камусьці навязвацца. Ён толькі просіць магчымасці свабодна дзейнічаць». Святы Айцец узгадаў таксама пра наведанне гэтай катэдры яго папярэднікам Янам Паўлам ІІ у 1979 г. і заклік Вялікага Папы да адзінства Касцёла. «Гэтае пажаданне пакуль не было здзейснена, але імкненне Папы засталося такім самым» і прыспешвае нас, вучняў Хрыста, «змясціць экуменічную перспектыву сярод нашых першачарговых клопатаў». З апладысментамі прынялі вернікі благаслаўленне, якое на заканчэнне святой Імшы Бэнэдыкт XVI удзяліў ім сумесна з Патрыярхам.

Ад катэдры Святога Духа Бэнэдыкт XVI скіраваўся ў стамбульскі аэрапорт Атацюрка, дзе адбылося развітанне, якое прайшло без асаблівых цырымоній. Папу праводзілі каталіцкія біскупы, Патрыярх Барталамей І з вялікай групай іерархаў Праваслаўнай Царквы, а таксама прадстаўнікі дзяржаўнай улады на чале з губернатарам Стамбула. На развітанне Папа і Патрыярх паціснулі адзін аднаму рукі і абмяняліся пацалункам. Каля 13 гадзін 20 хвілін Папа сеў у самалёт, які ўзяў курс на Рым.

Назіральнікі і афіцыйныя асобы ва ўсім свеце адзначаюць, што візіт Святога Айца ў Турцыю меў незвычайны поспех. Ён паспрыяў далейшаму развіццю экуменічнага дыялогу і цалкам зняў непаразуменні, выкліканыя выказваннямі Папы падчас лекцыі ва універсітэце Рэгенсбурга.

Рэд.