Папа напісаў кнігу пра Езуса

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI завяршыў працу над кнігай «Езус з Назарэта». Кніга будзе апублікаваная ўвесну 2007 г. і стане першай кнігай Пантыфіка пасля яго абрання на Пасад святога Пятра. Раней Ёзаф Ратцынгер ужо напісаў некалькі кніг і шэраг навуковых працаў. Па словах самога Папы, кніга прызначаецца для шырокага кола чытачоў і не з’яўляецца нейкім настаўленнем. Бэнэдыкт XVI адзначае, што гэта — вынік яго асабістых разважанняў пра Аблічча Пана, і запрашае да дыскусіі. У далейшым ён плануе напісаць другі том сваіх развагаў пра Хрыста.

 
Помнік Вялікаму Папу ў Францыі

10 снежня ў французскім горадзе Плаэрмэль (Брэтань) адбылося адкрыццё помніка Яну Паўлу ІІ. Адметна тое, што аўтарам бронзавага манумента з’яўляецца вядомы скульптар Зураб Цэрэтэлі. Па словах Генеральнага сакратара Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі кс. Ігара Кавалеўскага, гэта можа стаць таксама добрым знакам для праваслаўна-каталіцкага дыялогу, паколькі Зураб Цэрэтэлі вельмі вядомы дзеяч, які мае вялікі аўтарытэт у Маскве ў розных сферах грамадскага жыцця. Разам з тым у Плаэрмэлі гараджане пратэставалі супраць устаноўкі помніка з-за вялікіх выдаткаў, але мэр горада запэўніў іх у тым, што гэта не адаб’ецца на гарадскім бюджэце (помнік каштуе 8 тысяч еўра).

 
Выніковая галадоўка ў Гродне

З 1 па 6 снежня у Гродне праходзіла галадоўка пратэсту вернікаў рыма-каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. На працягу амаль дзесяці гадоў пробашч парафіі кс. Аляксандр Шэмет неаднаразова звяртаўся да ўладаў з просьбамі аб дазволе будаўніцтва святыні, але безвынікова. Усяго ў галадоўцы, якая праходзіла ў парафіяльнай капліцы, удзельнічала 16 вернікаў. Праз некалькі дзён дзвюм удзельніцам акцыі пратэсту, самай старэйшай з якіх 79 гадоў, спатрэбілася медыцынская дапамога. Галадаючых католікаў у Гродне падтрымалі прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій. Галадоўка была спынена, калі біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч атрымаў ліст, падпісаны старшынёю Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Саўчанкам, у якім улады далі дазвол на будаўніцтва святыні.

Паводле матэрыялаў інфармацыйных агенцтваў.