У перыяд Адвэнту літургія часта нагадвае нам і ўпэўнівае нас, як быццам дзеля таго, каб перамагчы наш прыродны недавер, што Бог «прыходзіць»: прыходзіць, каб быць з намі ў кожнай нашай сітуацыі; прыходзіць, каб жыць сярод нас, каб жыць з намі і ў нас; прыходзіць, каб ліквідаваць адлегласць, якая нас падзяляе і адрывае адзін ад аднаго; прыходзіць, каб паяднаць нас з Ім і паміж сабою. Ён прыходзіць у гісторыю чалавецтва, стукаецца ў дзверы да кожнага мужчыны і кожнай жанчыны добрай волі, каб прынесці людзям, сем’ям і народам дар братэрства, згоды і міру. Таму Адвэнт — гэта перш за ўсё час надзеі, калі веруючыя ў Хрыста закліканыя да таго, каб чакаць у чуванні і дзеянні, напаўняючы гэтае чаканне малітваю і дзейснымі справамі любові. Няхай жа набліжэнне Нараджэння Хрыстовага напоўніць сэрцы ўсіх хрысціянаў радасцю, спакоем і мірам!