Увечары 23 лістапада ў рэзідэнцыі пасла Францыі ў Рэспубліцы Беларусь адбылася афіцыйная цырымонія ўручэння кардыналу Казіміру Свёнтку адзнакаў Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна. Званне Камандора кардыналу Свёнтку як «чалавеку, які ў вачах французскіх грамадзянаў увасабляе сабой гісторыю беларускага народа апошніх сямідзесяці гадоў» надаў сваім дэкрэтам ад 15 верасня 2006 года Прэзідэнт Францыі Жак Шырак. Пасля таго як пасол Францыі Стэфан Шмялеўскі павязаў вакол шыі кардынала залаты крыж Камандора на пунсовай стужцы, узнагароджаны выступіў з кароткаю прамоваю, у якой, у прыватнасці, адзначыў: «Высокую ўзнагароду, якой сёння мяне адзначае Французская Рэспубліка, я прымаю (…) як сведчанне павагі і прызнання беларускаму народу і яго лёсу».            
Рэд.
Фота М. Новікава.