І нядзеля Адвэнту — 3 снежня 2006 г.

Чытанні: Ер 33, 14–16;
Пс 25 (24); Тэс 3, 12 – 4, 2.

Евангелле (Лк 21, 25–28. 34–36):

Езус сказаў сваім вучням: Будуць знакі на сонцы і месяцы, і зорках, а на зямлі — спалох народаў і замяшанне ад гулу марскога хвалявання. Людзі будуць млець ад страху і ад чакання таго, што прыйдзе на свет, бо захістаюцца моцы нябесныя. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці ў воблаку з моцаю і славаю вялікай. Калі ж гэта пачне адбывацца, тады выпрастайцеся і падыміце галовы вашыя, бо набліжаецца адкупленне вашае. Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя пахмеллем і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі, і каб дзень той не застаў вас неспадзявана, як пастка. Бо ён прыйдзе на ўсіх, хто жыве на паверхні ўсёй зямлі. Дык чувайце ўвесь час і маліцеся, каб вы маглі пазбегнуць усяго таго, што павінна адбывацца, і стаць перад Сынам Чалавечым.

Распачынаецца Адвэнт — час, калі Касцёл прабывае ў чаканні прыйсця Езуса Хрыста. Напэўна, кожны вернік задумваецца, якім чынам лепш пражыць гэты час. Адказ на гэтыя пытанні дае нам сённяшні ўрывак з Евангелля, асноўны сэнс якога заключаны ў словах: «Чувайце і маліцеся». Гэта — наша «праграма» на наступныя чатыры тыдні, але яна павінна таксама стаць праграмаю ўсяго нашага жыцця. У кожную хвіліну свайго жыцця хрысціянін павінен чуваць — гэта значыць, у любы момант павінен быць гатовым да прыйсця Пана. Чалавек, які будуе сваё жыццё паводле Божых наказаў, дадзеных у Евангеллі, не будзе баяцца нават перад абліччам невытлумачальных з’яваў, што раздзіраюць зямлю. Хутчэй, наадварот, надзея сустрэцца з Богам тварам у твар дадасць яму сілы ў цяжкасцях. Для тых, хто імкнуўся жыць любоўю, другое прыйсце Хрыста стане крыніцаю невычэрпнай радасці. Тыя ж, хто жыў несправядліва, будуць дрыжаць ад страху, бо ўбачаць перад сабою ўсё тое зло, якое яны ўчынілі. Аднак пастаяннае чаканне Хрыста можа прытупіць нашую чуйнасць, а менавіта гэтага і чакае сатана. Як жа падступна гучыць яго голас у чалавечай душы: «Ты яшчэ паспееш, яшчэ маеш час, ты яшчэ малады…». Як жа шмат людзей, якія даюць сябе падмануць такім чынам! Яны забываюцца пра тое, што Пан прыйдзе нечакана, у тую хвіліну, пра якую яны нават не думалі. Таму такое вялікае значэнне мае малітва, якая ўмацоўвае нас духоўна і дапамагае быць з Хрыстом. Гаворка тут не толькі пра штодзённыя пацеры. Маліт- ва — гэта прабыванне з Богам, гэта адкрытасць сэрца перад Ім, гэта ўменне ўважліва слухаць Яго. Магчымасцяў для малітвы шмат: адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, чытанне Святога Пісання, медытацыя, Эўхарыстыя… Нават сумленнае выкананне працоўных абавязкаў у духу служэння Богу і бліжнім можа быць малітваю! Паспрабуем жа як найпаўней выкарыстоўваць гэтыя сродкі, і тады, несумненна, адвэнт нашага жыцця стане сапраўдным часам чакання радаснай сустрэчы з Хрыстом у вечнасці.

 
ІІ нядзеля Адвэнту — 10 снежня 2006 г.

Чытанні: Бар 5, 1–9;
Пс 126 (125); Флп 1, 4–6. 8–11.

Евангелле (Лк 3, 1–6):

У пятнаццаты год панавання Тыберыя цэзара, калі Понцій Пілат панаваў у Юдэі, а Ірад быў тэтрархам у Галілеі, Філіп, брат ягоны — тэтрархам у Ітурыі і Траханідскім краі, а Лізанія — тэтрархам у Абіленах; пры першасвятарах Анне і Каяфе, было скіравана слова Божае да Яна, сына Захарыі, у пустыні. І ён абходзіў усе ваколіцы Ярдана і прапаведаваў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў, як напісана ў кнізе прамоў прарока Ісаі: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму! Кожная даліна ўзвысіцца, кожная гара і пагорак панізяцца, і выбоістыя дарогі стануць раўнінай, і ланцугі гор — далінаю. І ўбачыць кожнае цела Божае збаўленне.

Працягваецца перыяд Адвэнту. Увесь Стары Запавет быў своеасаблівым вялікім Адвэнтам — часам чакання прыйсця Хрыста-Месіі. І хоць у выбраным народзе была моцная ўпэўненасць у прыйсці Збаўцы, і хоць яго прадказалі ўсе прарокі, аднак, калі Ён прыйшоў на зямлю, многія не прынялі Яго, не пазнаўшы часу свайго наведання. Таксама і нам пагражае небяспека апынуцца ў падобнай сітуацыі. Хрыстус прыходзіць, але ці можам мы радавацца гэтаму, ці можам пазнаць Яго? У папярэднім разважанні мы ўжо звярталі ўвагу на тое, што кожны з нас перажывае свой асабісты Адвэнт, чакаючы сустрэчы з Панам. Варта адзначыць, што ёсць яшчэ адзін адмысловы Адвэнт: гэта чаканне нараджэння кожнага зачатага дзіцяці. На жаль, часам гэтая радасць ператвараецца ў смутак. У нашай краіне і ва ўсім свеце працягваюць забіваць найбольш безабаронных істотаў, не вінаватых у тым, што яны былі зачатыя пад сэрцам маці. І хоць першым і асноўным правам кожнага чалавека з’яўляецца права на жыццё, яно, аднак, паўсюдна парушаецца нават з-за самай нікчэмнай прычыны. Нягледзячы ні на што, чалавечае жыццё — святое! Прымаючы рашэнне зрабіць аборт, бацькі забіваюць не толькі ўласнае дзіця, але і частку сябе саміх. На шчасце, ёсць шмат людзей, неабыякавых да лёсу гэтых бязвінных чалавечых істотаў. У нашай краіне ўсё больш і больш распаўсюджваецца справа духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці. Яно заключаецца ў асаблівай малітве за адно зачатае дзіця, вядомае толькі Богу, якому пагражае знішчэнне ва ўлонні маці. Пэўны малады чалавек звярнуўся аднойчы да святара: «Ойча, пяць хвілін нашага жыцця — а менавіта столькі часу займае спецыяльная малітва і частка Ружанца — роўныя жыццю аднаго дзіцяці. Просты рахунак!». Просты, але і ён патрабуе ад нас намаганняў і добрай волі. 25 снежня скончыцца духоўнае ўсынаўленне, якое многія з нас прынялі на сябе ва ўрачыстасць Звеставання Пана, якую мы адзначалі 25 сакавіка. Мы верым, што дзякуючы нашай трывалай малітве Бог выратаваў не адно чалавечае жыццё, якое знаходзілася пад пагрозаю аборту. Мы верым, што для гэтых зачатых дзяцей адвэнт не скончыўся да іх прыйсця на свет і яны штогод будуць з радасцю чакаць у сваіх сем’ях прыйсця Хрыста.

 
ІІІ нядзеля Адвэнту — 17 снежня 2006 г.

Чытанні: Саф 3, 14–18а;
Пс: Іс 12, 2–3. 4bcd. 5–6; Флп 4, 4–7.

Евангелле (Лк 3, 10–18):

Калі Ян навучаў над Ярданам, пыталіся ў яго людзі: Што мы павінны рабіць? Ён сказаў ім у адказ: хто мае дзве вопраткі, няхай аддасць таму, хто не мае; і хто мае ежу, няхай зробіць тое самае. Прыйшлі і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: Настаўнік, што мы павінны рабіць? Ён адказаў ім: Не патрабуйце нічога, што больш за дазволенае вам. Пыталіся ў яго таксама і жаўнеры, кажучы: А мы што павінны рабіць? Ён адказаў ім: Нікога не крыўдзіце, не абвінавачвайце несправядліва і задавольвайцеся сваёю платаю. Калі ж народ чакаў, і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Хрыстус ён, Ян адказаў усім: Я хрышчу вас вадою, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Ягонай, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а мякіну спаліць агнём непагасным. Шмат чаго іншага прапаведваў ён, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Трэцяя нядзеля Адвэнту — нядзеля вялікай радасці, якую нясе добрая навіна пра нараджэнне Месіі-Хрыста. Пра гэтую радасць гаворыць прарок Сафонія: «Радуйся! (…) Весяліся і радуйся ад усяго сэрца!» (пар. Саф 3, 14), а апостал Павел паўтарае за ім: «Радуйцеся заўсёды ў Пану; яшчэ раз кажу: радуйцеся!» (Флп 4, 4). Таму паразважаем сёння пра тое, што азначае для хрысціяніна быць радасным. З самага пачатку варта адзначыць, што радасць — гэта цудоўны дар, атрыманы чалавекам ад Бога. Радасць мае вялізную моц. Як піша св. Ян ад Крыжа: «Радасць — гэта сэрца душы: асвятляе таго, хто яе мае, і грэе ўсіх, на каго спадаюць яе прамяні». Такую сапраўдную радасць няцяжка заўважыць. Яна струменіць з таго, хто яе мае. Яе немагчыма змясціць у сэрцы — яна адразу ж пачынае ззяць усім навокал. Яе і не варта пакідаць толькі сабе, радасцю трэба дзяліцца: такім цудоўным чынам радасць памнажаецца. Яе прамяні трапляюць у іншыя, можа нават халодныя, сэрцы, саграюць іх і ператвараюць у прыгожы, поўны квецені сад. Божая радасць не падобная да чалавечай радасці, хоць і месціцца ў чалавечых сэрцах. Яна не знікае тады, калі змаўкае смех і знікаюць усмешкі. Божая радасць застаецца нават у цяжкія хвіліны, падчас выпрабаванняў і цярпенняў. Не трэба рабіць нешта вялікае, каб адчуць гэтую радасць. Яе можна знайсці ў працы, праз якую мы яднаемся з Богам, у простых справах, зробленых з любоўю, у добрых учынках для бліжніх. Радасць можа прынесці просты жэст — усмешка, працягнутая рука, словы падтрымкі і любові. Радасць можа падараваць кожны дзень і ўсё тое, што ён нясе ў нашае жыццё. Хрысціянін павінен радавацца, бо ў яго сэрцы прабывае Бог, а яго цела з’яўляецца святыняю Духа Святога. Кожны раз, калі мы ад чагосьці адмаўляемся дзеля Пана Бога, калі адракаемся ад саміх сябе, мы адчуваем радасць, бо становімся бліжэй да Езуса Хрыста. Такім чынам, радасць вядзе нас да святасці. Няхай жа нішто не азмрочвае нашага радаснага адвэнтавага чакання прыйсця Хрыста.

 
ІV нядзеля Адвэнту — 24 снежня 2006 г.

Чытанні: Міх 5, 1–4а;
Пс 80 (79); Гбр 10, 5–10.

Евангелле (Лк 1, 39–45):

Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету. Калі ж Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі, і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае ёй Панам.

Сённяшні ўрывак з Евангелля паводле святога Лукі ўсім нам добра знаёмы. Разам з Марыяй мы ідзем у вандроўку ў невялікае мястэчка Айн-Карым, што знаходзіцца ў гарах Юдэі, да сваячкі Марыі Альжбеты, якая ў старасці зачала сына. Пра гэты цуд Марыя даведваецца ад Анёла Габрыэля падчас Звеставання. Яна разумее, што Яе немаладой сваячцы патрэбная дапамога, і без ваганняў выпраўляецца ў дарогу. Такая Яна, Марыя: не можа спакойна заставацца ў цішыні свайго дома ў Назарэце, калі патрэбна Яе дапамога. Яна спяшаецца прыйсці да Альжбеты, хоць гэта было і нялёгкае падарожжа. Марыі трэба было прайсці каля ста кіламетраў па камяністай дарозе, праз горы. Калі ж, нарэшце, Яна сустракаецца з Альжбетай, адбываецца цудоўная сцэна і з вуснаў цяжарнай сваячкі гучаць яшчэ больш цудоўныя словы: «І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім» (Лк 1, 43–44). Марыя пайшла да Альжбеты не адна. Яна пайшла з Езусам, зачатым у Яе пад сэрцам. Гэта — прызначэнне Маці Божай, што вынікае з Яе спрадвечнага абрання, — несці людзям Хрыста. Менавіта гэта і стала прычынаю таго, што радасна ўзварухнулася дзіцятка ва ўлонні Альжбеты. Гэтай хвіліны жанчына чакала некалькі дзесяткаў гадоў. З яе мужам Захарыем у іх было добрае, шчаслівае сужэнства, але без дзіцяці гэтае шчасце не было поўным… Такая Яна, Марыя. Не можа заставацца ў цішыні дома ў Назарэце. Ёй трэба ісці ў свет, несучы Езуса тым, хто ў патрэбе. Яна жадае дзяліцца сваім шчасцем, жадае несці яго ўсім людзям. На заканчэнне часу адвэнтавага чакання Марыя вучыць нас не зачыняцца ў сценах сваіх утульных дамоў. Мы, якія прымаем Езуса і маем шчасце жыць з Ім, павінны занесці Яго іншым людзям, тым, хто ў патрэбе. Для гэтага трэба мець такое ж чулае сэрца, як у Марыі, каб заўважыць патрэбу іншага.

 
Урачыстасць Нараджэння Пана — 25 снежня 2006 г.

Чытанні: Іс 9, 1–6;
Пс 96 (95); Ціт 2, 11–14.

Евангелле (Лк 2, 1–14):

Выйшаў ад цэзара Аўгуста загад зрабіць перапіс па ўсёй зямлі. Гэты перапіс быў першы падчас панавання Квірынія ў Сірыі. І пайшлі ўсе запісвацца, кожны ў свой горад. Пайшоў таксама і Юзаф з Галілеі, з горада Назарэта, у Юдэю, у горад Давіда, каб запісацца з Марыяй, заручанай з ім, якая была цяжарнай. Калі ж яны былі там, надышоў час нарадзіць Ёй. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе. У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. Раптам з’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх. І сказаў ім анёл: Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля, спавітае і пакладзенае ў яслях. І раптам з’явілася з анёлам вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі.

Вось ён, радасны дзень, які — парадокс! — пачынаецца сярод ночы. Дзень гэты паўтараецца штогод. Штогод у гэты час усяму свету абвяшчаецца радасная навіна, якую першымі з людзей пачулі бэтлеемскія пастушкі ў полі: «Я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народа (пар. Лк 2, 10). Гэтая добрая навіна застаецца нязменнай ужо больш за дзве тысячы гадоў, і ў той жа час яна заўсёды гучыць па-новаму: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан». (пар. Лк 2, 11). Яна нязменная, бо ў Богу няма зменаў. Аднойчы даўшы нам з любові свайго Сына, Ён ніколі не пазбаўляе нас гэтай любові і не змяншае яе. Аднак свет змяняецца. Змяняюцца часы, а разам з імі і мы. Таму кожнае свята Божага Нараджэння мы перажываем у новых абставінах і ў Нараджэнні Хрыста шукаем новую надзею перад абліччам выклікаў нашага часу. Паколькі сёлета нашыя думкі асаблівым чынам скіраваныя да асобы Папы Яна Паўла ІІ, няхай сёння ён сам ізноў прамовіць да нас так, як рабіў гэта кожны год, удзяляючы на свята Нараджэння Пана ўрачыстае благаслаўленне Urbi et Orbi — гораду і свету. «Браты і сёстры з усіх куточкаў зямлі! Калі Бог так моцна палюбіў нас, што стаў чалавекам, адным з нас, ці ж можам мы не любіць адзін аднаго і не дзяліцца з іншым тым, што кожны з нас атрымаў, на радасць усім? Толькі даючы любоў, можна змяніць аблічча нашай планеты, скіроўваючы думкі і сэрцы да братэрства і міру. Мужчыны і жанчыны ўсяго свету, Хрыстус заклікае нас да ўзаемнай любові. Гэта — пасланне Божага Нараджэння, гэта пажаданне, якое я скіроўваю ўсім з глыбіні майго сэрца» (Ян Павел ІІ, Пасланне на Божае Нараджэнне, 25.12.1986 г.). Няхай жа гэтыя словы вялікага Папы стануць для нас заахвочваннем і заклікам адкрыць свае сэрцы для Любові, якая нараджаецца сёння ў бэтлеемскай стаенцы для кожнага з нас.

 
Свята Святой Сям’і — 31 снежня 2006 г.

Чытанні: Сір 3, 2–6. 12–14;
Пс 128 (127); Клс 3, 12–21.

Евангелле (Лк 2, 41–52):

Бацькі Ягоныя хадзілі штогод у Ерузалем на свята Пасхі. І калі Яму было дванаццаць гадоў, яны прыйшлі паводле звычаю ў Ерузалем на свята. Калі пасля заканчэння дзён свята яны вярталіся, засталося Дзіця Езус у Ерузалеме, і не заўважылі гэтага Ягоныя бацькі. Думаючы, што Ён ідзе з падарожнымі, прайшлі дзень дарогі і тады пачалі шукаць Яго між сваякамі і знаёмымі. Не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалем, шукаючы Яго. І сталася, што пасля трох дзён знайшлі Яго ў святыні. Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх. Усе ж, хто слухаў Яго, дзівіліся розуму і адказам Ягоным. І, убачыўшы гэта, здзівіліся; і сказала Яму Маці Ягоная: Сыне, чаму Ты зрабіў нам гэтак? Вось айцец Твой і Я ў вялікім смутку шукалі Цябе. І сказаў ім: Чаго ж вы Мяне шукалі? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму? А яны не зразумелі таго, што Ён сказаў ім. І пайшоўшы з імі, прыйшоў у Назарэт і быў ім паслухмяны. А Маці Яго захавала ўсе гэтыя словы ў сэрцы сваім. Езус жа ўзрастаў у мудрасці, у гадах і ў ласцы ў Бога і ў людзей.

З самага пачатку ў цэнтры таямніцы Божага Нараджэння знаходзіцца сям’я. «Слова сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14), а менавіта ў сям’і Марыі і Юзафа. Такім чынам сям’я з’яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам. У Святым Пісанні мы, аднак, бачым нямала складаных сітуацый, якія ўзнікаюць у сем’ях. Біблейская гісторыя ведае шмат падобных прыкладаў. Давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі і Святой Сям’і. Мы чуем пытанні Марыі ў дзень Звеставання, бачым пакутлівыя сумненні Юзафа, які ў пэўны момант нават хоча патаемна адпусціць сваю нарачоную. Мы бачым цяжкія выпрабаванні ў Бэтлееме: непрыманне, пячору, беднасць, страх перад Ірадам, а таксама прароцтва старца Сімяона, вандраванне і жыццё на чужыне. Нарэшце, мы бачым апісанае ў сённяшнім урыўку з Евангелля неразуменне Марыяй і Юзафам пасланніцтва дванаццацігадовага Езуса, якога знаходзяць у Ерузалемскай святыні. Наогул, у Бібліі мы знойдзем значна больш прыкладаў складаных адносінаў у сем’ях, чым бясхмарных, лёгкіх, ідэальных. Таму ўзнікае пытанне: чаму Біблія — слова Божае і кніга ўсяго чалавецтва — гаворыць пра гэтыя цяжкасці? Без сумненняў, Біблія павінна вучыць нас, што сужэнскае жыццё, жыццё ў сям’і — нялёгкае заданне, і ніхто не можа пазбегнуць у ім цяжкасцяў. Часам у ім здараюцца нават драматычныя сітуацыі. Менавіта падаючы прыклады цяжкіх сямейных сітуацый, Святое Пісанне дапамагае нам знайсці ў гэтых выпрабаваннях суцяшэнне, падказкі, парады і надзею ў імкненні да рэалізацыі ідэалу хрысціянскай сям’і. Час Нараджэння Пана — гэта добрая нагода для таго, каб у святле Божага слова лячыць крыўды ўнутры сям’і, ліквідоўваць канфлікты, шукаць паразуменне і новыя шляхі да развіцця. Вядома, што не адна сям’я адрадзілася, седзячы за святочным сталом; таксама не адна сям’я замест звычайных падарункаў знайшла каля ясляў Божага Дзіцяці любоў, усмешку і згоду. Нарэшце, не адна сям’я, прыгожа спяваючы калядкі, прыйшла да супольнай малітвы. Няхай жа сённяшняя ўрачыстасць Святой Сям’і дапаможа нам усвядоміць, што сам Бог выбраў сям’ю, каб яна стала месцам сустрэчы чалавека з Богам.

Падрыхтаваў
айцец Артур Папроцкі CSMA