1 снежня:
святога Элігія, біскупа.

Элігій, або, у французскім вымаўленні, Элуа, нарадзіўся каля 590 г. у невялікім мястэчку непадалёк ад Ліможа (Францыя). Ён быў прыдворным залатаром французскіх каралёў, якія часта звярталіся да яго па парады. Акрамя працы ў майстэрні, ён актыўна займаўся дабрачыннасцю: выкупляў палонных, засноўваў касцёлы і кляштары, рабіў падарункі бедным. Пасля смерці караля Дагабера пакінуў сваё рамяство і ў 639 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Праз два гады Элігій быў прызначаны біскупам Нуаёна. Як пастыр дыяцэзіі ён асабліва клапаціўся пра навяртанне паганаў, вёў місіянерскую дзейнасць у Фландрыі, працягваў засноўваць і падтрымліваць кляштары. Памёр 1 снежня 660 г. Святы Элігій з’яўляецца апекуном ювеліраў, слесараў, кавалёў і ветэрынараў. Яго заступніцтва просяць ад хваробаў коней.

 
4 снежня:
святой Барбары, панны і мучаніцы.

Паводле падання, Барбара жыла ў ІІІ ст. у Нікамідыі (Малая Азія, на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і была выхавана ў паганскай традыцыі. Шмат маладых людзей шукалі рукі прыгажуні Барбары, але яна адхіліла ўсе прапановы. Прычынаю яе нежадання выходзіць замуж было тое, што яна належала да групы хрысціянаў, якія былі вымушаны хаваць сваё веравызнанне з-за жорсткага пераследу падчас панавання цэзара Максіміна. Калі гэта стала вядома бацьку Барбары, ён вырашыў зачыніць дзяўчынуў вежы, і тады яна прызналася яму, што прыняла хрост. Раз’юшаны бацька прывёў дачку да намесніка — заўзятага ворага хрысціянаў, які аддаў Барбару на катаванне: яе жорстка бічавалі, прыпальвалі цела агнём паходні, адсеклі грудзі. Нязломная маладая хрысціянка загінула ў 306 г. Святую Барбару ўшаноўваюць як заступніцу вязняў, архітэктараў і будаўнікоў, а таксама як апякунку добрай смерці. У яе просяць паратунку ад агню і бураў.

 
9 снежня:
святога Хуана Дыега (Куаўтлатацына).

Хуан Дыега (да хросту меў імя Куаўтлатацын) паходзіў са старажытнага індзейскага племені Нахуа, што жыло ў горадзе Куаўцітлане — адным з найстаражытнейшых паселішчаў ацтэкаў (Мексіка). Ён нарадзіўся каля 1474 г. У 1524 г. Хуан Дыега і яго жонка Марыя Луіза прынялі хрост і такім чынам сталі аднымі з першых індзейцаў-хрысціянаў. Пасля смерці жонкі Хуан Дыега вёў самотніцкае жыццё і штодзённа хадзіў у місіянерскі цэнтр у Мехіка на святую Імшу. Аднойчы ў дарозе яму з’явілася Найсвяцейшая Панна Марыя, якая размаўляла з ім на яго роднай мове і пажадала, каб у Яе гонар быў пабудаваны санктуарый. Падчас апошняй сустрэчы Хуана Дыега з Багародзіцай, якая адбылася 12 снежня 1531 г., на яго плашчы засталася выява Яе аблічча. На месцы цудоўнага аб’яўлення, якое біскуп, атрымаўшы пераканаўчыя доказы, прызнаў сапраўдным, Хуан Дыега пабудаваў капліцу і правёў пры ёй рэшту свайго жыцця, спаўняючы сціплую паслугу сакрыстыяніна. Пабожны індзеец памёр у 1548 г. ва ўзросце 74 гадоў. Святы Хуан Дыега з’яўляецца заснавальнікам славутага санктуарыя Маці Божай Гвадэлупскай і пасланцом Яе аб’яўлення.

 
11 снежня:
святога Дамаса І, Папы.

Нарадзіўся каля 305 г. у Рыме (па іншых звестках — у Іспаніі). Служыў дыяканам у Папы Ліберыя, пасля смерці якога быў абраны яго наступнікам і заняў Пасад святога Пятра. Часы пантыфікату Дамаса азмрочыліся неабходнасцю супрацьстаяць двум антыпапам, якіх абвясцілі праціўнікі законнага Папы. Акрамя таго, Дамас паслядоўна змагаўся з ерасямі і клапаціўся пра належны маральны ўзровень духавенства. Ён наказаў змясціць на месцах пахавання мучанікаў адпаведныя надпісы (частка з іх была выканана ў вершаванай форме), а таксама даў распараджэнне свайму сакратару святому Гераніму нанава перакласці Святое Пісанне. Гэты пераклад, які атрымаў назву Вульгата, не страціў актуальнасці да сённяшняга дня. Папа Дамас памёр у Рыме 11 снежня 384 г. Яго рэліквіі лічыліся страчанымі, але ў XVII ст. іх удалося знайсці ў адным з рымскіх касцёлаў. Заступніцтва святога Дамаса просяць ад гарачкі.

 
16 снежня:
святой Адэлаіды.

Нарадзілася ў 931 або ў 933 г. у Бургундыі (Францыя). Ужо ў дзяцінстве па волі бацькі, бургундскага караля Рудольфа ІІ, была заручаная з італьянскім каралём Лотарам ІІ. Ва ўзросце 16 гадоў выйшла за яго замуж, але ўжо праз 3 гады аўдавела. З-за пагрозы ад прэтэндэнтаў на трон была вымушана звярнуцца па абарону да будучага імператара Аттона І, за якога ў 951 г. выйшла замуж. У 962 г. у Рыме Папа Ян ХІІ каранаваў іх абоіх імператарскімі каронамі. Пасля смерці Аттона І Адэлаіда шмат гадоў адстойвала дзяржаўныя інтарэсы, мудра карыстаючыся сваім уплывам і сувязямі, але з-за непаразуменняў з сынам, імператарам Аттонам ІІ, і яго жонкаю адышла ад справаў. Апошнія гады жыцця правяла ў заснаваным ёю кляштары ў Эльзасе (Францыя). Адэлаіда заснавала шмат іншых кляштараў, падтрымлівала клюнійскую рэформу, фінансавала касцёльныя ўстановы. Яна памерла 16 снежня 999 г. і праз сто гадоў пасля смерці была кананізавана. Яе рэліквіі ўшаноўваюць шматлікія пілігрымы.

 
23 снежня:
святога Яна Кенцкага, святара.

Ян Кенцкі нарадзіўся 23 чэрвеня 1390 г. у Кентах (Польшча). У 23 гады распачаў навучанне ў кракаўскай акадэміі, якую скончыў праз пяць гадоў са ступенню магістра вольных мастацтваў. На працягу васьмі гадоў кіраваў школаю пры кляштары канонікаў, дзе займаўся таксама перапісваннем манускрыптаў. Ян Кенцкі вылучаўся сваёй пабожнасцю і міласэрнасцю, а таксама лічыўся добрым прамоўцам. Быў выкладчыкам філасофіі і тэалогіі ў кракаўскай акадэміі. Для студэнтаў ён стаў сапраўдным сябрам, многіх з іх матэрыяльна падтрымліваў і даваў прытулак у сваім доме. Памёр у 1473 г. у Кракаве напярэдадні Божага Нараджэння. Святы Ян Кенцкі з’яўляецца апекуном студэнтаў і выкладчыкаў.