Адна мая знаёмая распавядала неяк мне, што яе хрэснік вельмі любіць атрымліваць ад яе падарункі. «Хто ж гэтага не любіць?» — магчыма, падумае хтосьці. Вядома. Але ў маёй знаёмай склалася такое ўражанне, што яе хрэсніку яна адно і патрэбна дзеля падарункаў. Так было тады, калі ён быў дзіцем, так застаецца й цяпер. З той хіба што розніцай, што цяпер яна перастала дарыць яму тыя падарункі. І прычына, як сказала яна, зусім не ў сквапнасці, а ў тым, што непамысна неяк сябе адчуваеш, калі становішся часткай чыіхсьці спажывецкіх інтарэсаў, няхай сабе і бяскрыўдных. Ды й бачыцца яны пачалі значна радзей. Хрэснік вырас, і цяпер мая знаёмая задае сабе пытанне пра тое, што ж засталося, што вытрывала з іхніх колішніх даволі цёплых адносінаў? На жаль, пахваліцца няма чым. І ў такім разе ўзнікае лагічнае пытанне: хто ў гэтым вінаваты? Хросная не здымае з сябе адказнасці. Магчыма, яна не зрабіла для яго чагосьці вельмі важнага. Але чаго? Найперш таго, што не змагла пераканаць у важнасці сакрамэнту пакаяння: яе хрэснік так і не быў у першай споведзі, не перажыў свята Першай святой Камуніі. Усе размовы пра тое, што трэба практыкаваць веру, калі ты быў ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле, разбіваліся аб неразуменне ягоных кроўных бацькоў ды сваякоў, а потым і аб ягоную ўласную абыякавасць, якая з гадамі вырасла з таго ж бацькоўскага неразумення.

Бацькі гэтага хлопчыка ніколі не былі практыкуючымі католікамі. Маці ўвогуле не хрысціянка, але бацька ў дзяцінстве быў ахрышчаны ў Касцёле, аднак далей за гэта ягоная вера не пасунулася.

Хтосьці, магчыма, запытае: «Дык а навошта ж твая знаёмая згадзілася быць хроснай дзіцяці з сям’і, якая ажно так далёка ад Бога?» Адказ просты: бацькі гэтага хлопчыка — яе сябры, і яна не губляла надзеі, што іх уклад жыцця зменіцца, што яна зможа нейкім чынам паўплываць на іх, хоць бы і праз дзіця.

Памятаю, як адзін палітык на пытанне сваіх выбаршчыкаў, ці верыць ён у Бога, адказваў:«Я паважаю вернікаў». Ну, што ж, прынамсі, не імкнуўся дзеля набыцця дывідэндаў пускаць пыл у вочы людзям ды не нудзіўся са свечкай у руках і з посным выразам на твары на набажэнствах у святыні. Нешта падобнае і з сябрамі маёй знаёмай: яны не адмаўляюць існавання Бога, не выступаюць супраць вернікаў, больш за тое — нават уласнае дзіця па сваёй жа ініцыятыве пахрысцілі, але і не жадаюць рабіць ні кроку больш у накірунку веры.

Ведаем, што чалавек, які прымае хрост, атрымлівае адначасна шанец быць збаўленым. Іншая рэч, як ён потым распарадзіцца гэтым шанцам, бо збаўленне ж адбываецца з большым альбо меншым удзелам у гэтым самога чалавека, дакладней, наша збаўленне — у супрацоўніцтве чалавека з Богам. Кажуць жа, што Бог стварае нас без нас, але збавіць нас без нашага ўдзелу не можа.

Вядома, можна суцяшаць сябе тым, што не ўсё страчана, што навяртанне чалавека можа стацца ў любы, самы непрадбачаны момант, што, у рэшце рэшт, Бог нашмат пераўзыходзіць усе нашы ўяўленні пра Яго і таму Яго інтэрвенцыя ў жыццё чалавека можа адбыцца і без удзелу апошняга, а тым больш без удзелу хросных бацькоў, пабожных сваякоў ці сяброў. Таму мая знаёмая не губляе надзеі. Моліцца за гэта, просіць у Пана Бога ласкі веры для свайго хрэсніка, але не-не ды й заколе стрэмка ў душы: а ці ўсё магчымае зрабіла яна сама дзеля таго, каб наблізіць яго да Бога тады, калі ён быў дзіцем і нецярпліва зазіраў пры кожнай сустрэчы ў яе сумку ў надзеі на падарунак, цяпер, калі ён, відаць, ужо й не чакае падарункаў, бо адвык ад іх? Цяпер, калі хрэснік займеў уласную сям’ю?

Апошняе — дадатковы галаўны боль для ягонай хроснай. Пару гадоў таму хлопец пачаў жыць пад адным дахам з каханай дзяўчынай. Цяпер трэба часам ужываць такія словы, каб назваць рэчы сваімі імёнамі, а не падмяняць іх паняццем «грамадзянскага шлюбу». Бо калі саюз дваіх маладых людзей не зафіксаваны ў ЗАГСе, называць яго шлюбам, мякка кажучы, ранавата. Ёсць для назвы гэтай з’явы такое мудрагелістае слоўца — канкубінат, ад лацінскага слова concubinatus, якое ў тлумачальным слоўніку акрэсліваецца як няшлюбная сувязь жанчыны з мужчынам. А як на маю думку, дык гэтую з’яву найвыразней і больш трапна назваў пісьменнік Янка Брыль: «жыццё напавер». Сапраўды, не быў бы ён Брылём, калі б не выказаў вось так трапна ды з гумарам тое, што модна стала прыкрываць дзіравай шырмачкай гэтак званага «грамадзянскага шлюбу».

Дык пажыў хрэснік маёй знаёмай пару гадоў напавер са сваёй каханай, пайшло ў іх усё на добрае, а праз нейкі час вырашылі яны і вяселле згуляць — каб, значыцца, усё як у людзей было. Шчаслівы нібыта выпадак: не разбегліся ж у розныя бакі, можа й дзеці з часам з’явяцца... А пакуль — вяселле, вялікае ды гучнае. Ну, і ўвесь антураж як мае быць: выкраданне нявесты, белая сукенка на ёй, удавана цнатлівыя пацалункі на патрабавальнае «горка!»... А мая знаёмая як уявіла сябе ўдзельніцай гэтага «спектакля», дык і не змагла перасіліць сябе ды пайсці на тое вяселле. А запрашалі настойліва : маўляў, як гэта — каб хроснай ды не было на вяселлі?! Цікава, а каб яна ўсё ж перасіліла сябе ды й стала ўдзельніцай таго вясельнага «спектакля»? Як бы яно там гучала: «Вып’ем за хросную, якая...» Ну, ці мала чаго можна пачуць у вясельных зычэннях ды тостах? Хрэснік не пажадаў узяць шлюб у касцёле, вырашыў, што ім для шчасця дастаткова пасведчання аб шлюбе ў ЗАГСе. Фактычна менавіта гэта стала галоўнай прычынай адсутнасці хроснай на ягоным шыкоўным вяселлі. Такая вось гісторыйка. Не вельмі, відаць, я здзівіла ёю чытачоў — падобных сітуацый на кожным кроку... І можна было б не надта прыймацца ўсім гэтым, ды вось жа цяжка выкінуць з памяці той момант, калі святар пытаў у хросных у той даўні дзень: «А вы, хросныя, ці гатовыя вы дапамагаць бацькам гэтага дзіцяці выконваць іх абавязкі?». Яны адказалі згодным «так». Не думалі, вядома ж, у той момант, што нялёгка ім будзе выканаць гэтае «так». Прынамсі, пакуль што яны яго не выканалі.

Адказнасць за хрэсніка ляжыць, вядома ж, не толькі на хросных, але і на кроўных бацьках. Тым больш што ў той дзень, калі хлопец прыняў сакрамэнт хросту, да згоднага «так» хросных тое ж самае прамовілі і хлопчыкавы маці з бацькам. А пытанне да іх гучала з вуснаў святара наступным чынам:«Дарагія бацькі! Просячы хросту для вашага дзіцяці, ці ўсведамляеце вы, што прымаеце на сябе абавязак выхаваць яго ў веры, каб захоўваючы Божыя запаведзі, яно любіла Бога і бліжняга, як нас навучыў Езус Хрыстус?». Бацькі адказалі, што ўсведамляюць гэтую адказнасць. Калі б яны адказалі інакш, калі б сказалі, што не разумеюць, пра што гаворка, што не згодныя з ускладзенай на іх такой адказнасцю, ім бы проста адмовілі ў іх просьбе...

Расказала неяк пра гэтую гісторыю знаёмаму святару. Ён у адказ адно ўздыхнуў: «А можаце ўявіць, колькі людзей, прамовіўшы ў часе хросту сваё «так», адразу ж на яго забыліся? Каб жа і родныя, і хросныя бацькі памяталі тое, што яны абяцаюць Богу ў часе хросту дзіцяці!.. Больш за тое, ці добра ўсе хросныя ўвогуле памятаюць, колькі яны маюць хрэснікаў?» І я сапраўды прыгадала, як адзін мой знаёмы з гонарам казаў, што ён не згадае і не злічыць, колькі мае хросных дачок і сыноў, бо надта ж іх шмат у яго. І прагучала гэта так, што яго трэба паважаць за тое ды зайздросціць, бо ён мае такі вялікі аўтарытэт сярод людзей, яму давяраюць і таму шмат разоў запрашалі быць хросным бацькам. І на кожным хросце ён, вядома ж, казаў сваё «так» перад святаром, бацькамі дзіцяці, перад самім дзіцем і, зразумела, што найважней, — перад Панам Богам... Зрэшты, гэта ўжо тэма наступнай гаворкі: пра родных і хросных бацькоў, дзяцей, хрэснікаў ды пра тое, што звязала іх усіх у момант хросту, якія абавязкі яны прынялі на сябе, калі разам стаялі перад Абліччам Бога і адзін з іх атрымаў сакрамэнт хросту ды быў прыняты ў вялікую Божую сям’ю, называную Каталіцкім Касцёлам.

Працяг у нумары №3(143) 2007 >>>

Ірына Жарнасек.