Нагодаю для гэтага інтэрв’ю з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Уладзіславам Блінам напачатку меліся стаць традыцыйныя сустрэчы творчай моладзі, якія вось ужо трэці год запар ладзяцца па ініцыятыве Яго Эксцэленцыі пры аддзяленні «Карытаса». І не проста ладзяцца, а ўжо займелі добры розгалас і карыстаюцца ў маладых творцаў горада вялікай папулярнасцю. Але так сталася, што размова неўпрыкмет перайшла ў плынь больш агульную – пра працу з моладдзю і дзецьмі наогул, пра тое, якое месца займае сёння такая праца ў сістэме рэлігійнага выхавання, у справе духоўнага ўзрастання маладых вернікаў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу.

 
— Эксцэленцыя, Вы так шмат, сапраўды, надаяце ў сваёй працы ўвагі творчаму пачатку, што міжволі думаецца пра Вашае асабістае дачыненне да творчасці...

— Калі яно і ёсць, то вельмі апасродкаванае. Але што значыць – мець дачыненне? Калі займацца нечым прафесійна, штодня, як робіць гэта мастак, ці літаратар, ці музыка, – то гэта адно. Калі проста любіць нейкі від творчай дзейнасці і прапагандаваць яго, не лічачы пры гэтым прафесіяй, – гэта ўжо іншае. Згадзіцеся, можна не займацца нечым непасрэдна, але ўсё жыццё тое нешта любіць і праз гэта адчуваць да яго прыналежнасць. Вось музыка, напрыклад. Маё адзінае дачыненне да яе – спевы ў дзяцінстве, падчас міністранцтва. Але я вельмі люблю музыку, што проста не магло не выліцца ў заснаванне фестывалю «Магутны Божа», якому сёлета, дарэчы, споўнілася 15 гадоў. Наогул, не ўяўляю рэлігійнага жыцця без спеваў, без Баха ці Моцарта, напрыклад. Як і Літургію – без добрага хору, без аргана. Ці святую Імшу або ўрачыстасць – без належных дэкарацый, нейкіх годных дызайнерскіх знаходак. У кожным чалавеку ёсць творчы пачатак, і яго трэба развіваць, бо ён – ад Бога.

— Развіваць і спрыяць як мага больш поўнай рэалізацыі?

— Так. Паглядзіце, з якім задавальненнем бяруць маладыя вернікі ўдзел у конкурсе спеваў «Зорка Бэтлеема», што праводзіцца штогод падчас Калядаў у Мёрах, ці ў тых жа інсцэніроўках біблейскіх сюжэтаў падчас дыяцэзіяльных Дзён хрысціянскай культуры. Якою непадробнаю, шчыраю радасцю свецяцца вочы маладых выканаўцаў ад магчымасці прадэманстраваць сваё майстэрства, ад усведамлення сваёй запатрабаванасці! Вось дыякан Пётра Рудкоўскі наладзіў пры парафіі катэдральнага касцёла святой Барбары спатканні маладых, і як яны пацягнуліся на тыя спатканні! А як хораша праяўляюць сваю фантазію нашы маладыя парафіяне падчас пілігрымак у Будслаў ці ў Росіцу, колькі там выяўляецца творчага пачатку! Ёсць праца – ёсць і вынік. Мяне радуе, што ў дыяцэзіі шмат ініцыятыўных, творчых людзей і сярод ксяндзоў, і сярод сёстраў законных, і сярод вернікаў. У Віцебску, у Шаркаўшчыне, у Полацку, у Лепелі, у Шуміліне, у Мёрах – куды ні глянь, усюды яны ёсць. І гэта нягледзячы на не заўсёды прыдатныя ўмовы, адсутнасць памяшканняў і інш. У жніўні гэтага года плануем правесці ў Браславе дыяцэзіяльную сустрэчу моладзі, і ўпэўнены, што і там шмат пабачым цікавага.

— Як Вам прыйшла ідэя сустрэчаў творчай моладзі пры «Карытасе»?

— Бог благаславіў на такую задумку, і яна ажыццявілася. Ведаеце, мне заўсёды хочацца памагчы людзям убачыць у штодзённым жыцці не толькі негатыўнае, але і магчымасць праявы прыгажосці, хараства, дабрыні. Бо гэта ж і прыводзіць нас у выніку да супакою, дае нам надзею на лепшае. Чалавек не павінен бачыць у жыцці толькі бруд, толькі чарноцце. Асабліва важна гэта ў дачыненні да маладых, якія нярэдка, не маючы належнай трываласці і моцы супрацьстаяць негатыву, паддаюцца спакусе «лёгкага» жыцця, пачынаюць ужываць алкаголь, наркотыкі і г. д. Думаю, што выхаванне трываласці супраць такіх спакусаў – гэта найважнейшае, чым павінен кіравацца сёння ў сваёй дзейнасці кожны святар. Бо такое выхаванне і будзе найлепшым падмуркам добрай надзеі на будучыню. Нездарма ж кажуць: хто спадзяецца на хлеб заўтра – сее жыта, хто бачыць далёка – стварае школы. Безумоўна, нашы сустрэчы пры «Карытасе» наўрад можна лічыць школай, тым не менш у пэўным сэнсе яны, мабыць, такімі і з’яўляюцца. У плане прывіцця навыкаў міжасабовага кантактавання, напрыклад. А галоўнае для мяне асабіста – падтрымка таленавітых маладых людзей. Хай сабе крыху дзесьці і авансам. У маім жыцці неаднойчы так было, што мне давалі такі аванс, і як гэта помніцца нават праз многа гадоў!

— Як Вы пачыналі працу?

— Як толькі з’явілася вольнае памяшканне пры «Карытасе», так і пачалі. Найперш – дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і энтузіязму такіх асобаў, як Таццяна Дарафеева, Зоя Гесць, Наталля Аніськовіч. Таленты ж, перш чым далучыць іх да справы, адшукаць трэба. Што і робім паспяхова з дапамогаю ініцыятыўных людзей. Мастакі, паэты, музыкі, чытальнікі-дэкламатары – хто толькі ні пабываў на нашых сустрэчах за амаль тры гады!

— Неаднойчы даводзілася чуць ад маладых калегаў-літаратараў самыя добрыя водгукі пра іх... Вы самі заўсёды бываеце на тых сустрэчах?

— Заўсёды. Мы плануем іх загадзя, і калі я бачу, што па часе нейкая з іх супадзе з маім ад’ездам, прашу перанесці на іншы дзень. Імкнуся пры магчымасці запрасіць на сустрэчу цікавых людзей. Прыязджаюць у курыю госці з Чэхіі, ці з Аўстрыі, ці з Польшчы, ці з Італіі – калі ласка! Няхай бачаць, на што здатная наша моладзь, няхай далучаюцца да нашых культурных, духоўных здабыткаў. Што да водгукаў, дык я ведаю, што ўжо існуе чарга, каб трапіць на нашы сустрэчы. Мне ад самага пачатку хацелася стварыць такую атмасферу, каб людзі тых сустрэчаў чакалі, і так яно і сталася. Людзей, асабліва творчых, не падманеш, яны, як ніхто, адчуваюць, дзе іх любяць і чакаюць.

— У якой форме праходзяць сустрэчы?

— У выглядзе дэманстравання нейкіх працаў, абмену меркаваннямі наконт іх вартасці, дыскусій. Усё – з павагаю да іншага чалавека, без навязвання сваіх падыходаў да творчай справы. Дарэчы, кожны ўдзельнік атрымлівае напрыканцы сустрэчы падарунак.

— Дзякуюць?

— Так. Але я заўжды кажу: аддзячыце пасля — праз дарунак іншым людзям. Праз радасць ад свайго ўмельства, праз спагаду да чалавека, які мае ў ёй патрэбу.

— Вы нейкім чынам адсочваеце далейшы лёс тых маладых творцаў, якія аднойчы пабывалі на сустрэчах?

— З людзьмі, якія жадаюць штосьці рабіць, заўжды цікава мець кантакты. Я бачу, як гэтыя людзі развіваюцца, і гэта найбольш мяне радуе як святара і як чалавека. Вядома, лёс кожнага таленту найперш у руках яго самога і яго непасрэдных настаўнікаў-прафесіяналаў, але мы таксама стараемся падтрымліваць сувязі з тымі, хто нас хоць аднойчы наведаў. Вось у дзень святой Цэцыліі ў катэдральным касцёле святой Барбары зладзілі зборны канцэрт з іх удзелам. А гадоў праз пяць зноў запросім да сябе з прапановаю прадэманстраваць творчыя набыткі. Думаю, гэта будзе цікава і нам, і ім.

— Для Вас мае значэнне пры падборы ўдзельнікаў сустрэчаў іх канфесійная прыналежнасць?

— Наша задача – аб’ядноўваць людзей праз сведчанне хараства створанага Богам свету, праз дэманстраванне таго, да якіх вышыняў можа падняцца чалавек у адлюстраванні гэтага хараства сродкамі высокага мастацтва. Таму ніякіх абмежаванняў паводле канфесійнай прыналежнасці мы не робім. Прыходзяць да нас і католікі, і праваслаўныя, і атэісты. Галоўнае – каб у чалавеку была Божая іскра. І яшчэ –дабрыня, якая ёсць у кожным і якую так важна своечасова ўбачыць, падтрымаць. Неяк падчас кананічнай візітацыі ў адну з парафій заўважыў дзяўчынку гадоў сямі-васьмі – так яна малілася, так спявала! А бацькі – алкаголікі. І ўявіце, пра што марыць дзіця? Пра тое, як некалі атрымае кватэру і возьме іх да сябе, каб атуліць дабрынёй і спагадаю.

— Можна, пэўна, казаць пра тое, што такія сустрэчы скіраваныя на будучыню, працуюць на яе?

— Безумоўна. І ў першую чаргу — на належны духоўны і патрыятычны настрой, на захаванне нацыянальнай этна-культурнай самасці, пашырэнне сферы ўжытку мовы і многае іншае. З умовай, вядома, што праца – мэтанакіраваная, з любоўю да чалавека і павагай да таго, чым кожны з нас займаецца па волі Божага Провіду.

Гутарыў Францішак Дубраўскі.
Фота з архіва курыі.