У Віцебскай дыяцэзіі пяты раз запар прайшоў фестываль «Дні хрысціянскай культуры», прымеркаваны да Дня Божага Нараджэння. Як і ўсе папярэднія гады, ён сабраў немалыя аўдыторыі і ў чарговы раз засведчыў і імкненне людзей да духоўнасці, і ролю рэлігійнага выхавання ў папулярызацыі Божых Запаветаў. А яшчэ — ролю сродкаў мастацтва ў яднанні вернікаў і тых, хто не прыйшоў яшчэ да веры.

Як і штогод, фестывалю папярэднічала вялікая арганізацыйная праца, якую ўзначальваў ардынарый дыяцэзіі Уладзіслаў Блін і ў якой бралі ўдзел многія святары, законныя сёстры, свецкія асобы.

Адметнасцю сёлетняга фестывалю з’яўлялася вялікая колькасць гасцей з замежжа, сярод якіх можна назваць музычны гурт «Акадэмія традыцый»(з Кракава), хор руска-нямецкага цэнтра сустрэч (з Пскова), Хрысціянскі хор (з Масквы), ансамбль «Ад Параменя» (Пскоў-Санкт-Пецярбург), музычны ансамбль універсітэта Марыі Складоўскай (з Любліна).

Парадавалі віцябчанаў выканаўчым майстэрствам і мясцовыя музычна-спеўныя калектывы. Такія, напрыклад, як вядомы хор «Гасанна» кафедральнага касцёла святой Барбары, харавая капэла Віцебскага медуніверсітэта, калектыў Віцебскай дзяржфілармоніі, мужчынскі хор выкладчыкаў і студэнтаў Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. М. Машэрава, Віцебскі народны хор, зборны хор Віцебскага дэканата, хор музычнай школы №5 абласнога цэнтра, узорны дзіцячы хор 33-й сярэдняй школы, узорны хор хлопчыкаў гімназіі №3 і інш.

Увесь гэты час на працягу амаль месяца ў горадзе і вобласці экспанаваліся выставы мастакоў. З вялікім поспехам прайшлі выставы дзіцячай творчасці ў Літаратурным музеі, у цэнтры дзіцячай творчасці «Задзвінне», на іншых вядомых пляцоўках.

А яшчэ былі «Калядная сімфонія» Наталлі Аніськовіч, калядная сустрэча таленавітай моладзі, дабрачынны канцэрт «Божае Нараджэнне» для хворых і супрацоўнікаў абласной клінічнай бальніцы.

Як заўсёды, вялікую цікавасць выклікаў у гараджанаў дыяцэзіяльны конкурс тэатральных парафіяльных калектываў, у якім сёлета вызначыліся 9 калектываў і пераможцамі якога сталі юныя артысты з браслаўскай (гран-пры), мёрскай (1-я прэмія) і дзвюх віцебскіх (Езуса Міласэрнага – 2-я прэмія і святога Антонія – 3-я прэмія ) парафій.

Напружаным быў у гэтыя дні графік працы у работнікаў дыяцэзіяльнай курыі і асабіста ў біскупа Уладзіслава Бліна, які правёў напярэдадні святаў прэс-канферэнцыю для журналістаў мясцовых перыядычных выданняў, наведаў некалькі парафіяў, а ў вігілію Божага Нараджэння цэлебраваў святую Імшу ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах.

Францішак Дубраўскі.
Фота Ірыны Кульпекшы.

 
P. S. Католікі Віцебскай дыяцэзіі сардэчна віншуюць свайго ардынарыя біскупа Уладзіслава Бліна з высокай дзяржаўнай узнагародай – прэміяй «За духоўнае адраджэнне», жадаюць яму моцнага здароўя і Божага благаслаўлення на новыя ініцыятывы і справы дзеля мацавання веры і духоўнага ўзрастання ўсіх жыхароў Віцебшчыны і Беларусі.

Рэдакцыі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», а таксама выдавецтва «Pro Christo» далучаюцца да гэтых віншаванняў з падзякаю Яго Эксцэленцыі за сталае супрацоўніцтва і падтрымку.