1–3 студзеня Супольнасць Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі развітвалася з сястрой Ядвігай Віршутай. Развітвалася з чалавекам, жыццё якога ў пэўным сэнсе адлюстроўвае гісторыю самой супольнасці.

Сястра Ядвіга нарадзілася 11 ліпеня 1915 года на Браслаўшчыне. Да таго дня, калі Віленскі біскуп Юры Матулевіч заснуе Супольнасць сясцёр эўхарыстак, заставалася яшчэ 8 гадоў. Адзін з першых дамоў супольнасці таксама, дарэчы, паўстаў на Браслаўшчыне, у Друі. Сястра Ядвіга прыйшла ў супольнасць у 1936 годзе, 26 снежня 1937 года склала першыя законніцкія шлюбы, а ў 1940-м — вечныя.

Выпрабаванні для маладой сястры наступілі вельмі хутка, і яны былі выкліканыя не цяжкасцямі жыцця ў кляштары, але тым, што новая ўлада, усталяваная ў Друі пасля 1939 года, варожа ставілася і да кляштараў, і да касцёлаў, і ўвогуле да хрысціянскай веры. Быць законніцай стала не толькі цяжка, але і небяспечна. Вядома, не ўсе маглі вытрываць цяжкія выпрабаванні. Некаторыя адступаліся, але тым большае захапленне выклікаюць тыя адважныя дзяўчаты, якія не адступіліся, не здрадзілі свайму пакліканню. Сястра Ядвіга была сярод іх.

У часе вайны яна ўдзельнічала ў місіі сясцёр эўхарыстак і айцоў марыянаў у Росіцы, несучы святло Хрыстовай веры тым, хто ўжо шмат гадоў быў пазбаўлены магчымасці жыць па-хрысціянску. Місія запатрабавала ад яе ўдзельнікаў не толькі моцнай веры, але і мужнасці. І сёстры праявілі патрэбную мужнасць. Надышоў дзень, калі кіраўнік місіі айцец Антоні Ляшчэвіч прапанаваў ім пакінуць Росіцу і вярнуцца ў Друю, бо да самой Росіцы ўжо падступалася пачварная карная акцыя. Чым гэта пагражала сёстрам, яны добра разумелі. І ўсё ж не адступіліся. Кожная з іх засведчыла сваё добраахвотнае рашэнне застацца ўласным подпісам. Быў там і подпіс сястры Ядвігі Віршуты. Так яна разам з іншымі сёстрамі стала сведкай і ўдзельніцай трагедыі. Ім пашчасціла выжыць. Можа дзеля таго, каб потым данесці нашчадкам праўду аб гэтай жудаснай трагедыі, а таксама і аб высакародстве, самаахвярнасці двух беларускіх святароў — Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Сястра Ядвіга Віршута шмат распавяла пра тыя падзеі даследчыкам гэтай балючай старонкі Касцёла на Беларусі.

У пасляваенны час ад сясцёр запатрабавалася не менш мужнасці, чым у гады ваеннага ліхалецця. У сясцёр адбіралі маёмасць, забаранялі ім працаваць з людзьмі, адкрыта вызнаваць веру ў Хрыста. У выніку некаторыя сёстры выехалі ў Польшчу, былі і такія, што адступіліся і вярнуліся ў свецкае жыццё. Але адважная купка законніц, сярод якіх была і сястра Ядвіга, не здалася. Быў час, калі яны перабіваліся на хлебе і вадзе, але знаходзілі ў сабе сілы быць вернымі свайму пакліканню ды яшчэ і дапамагаць святарам, якія ў той час знаходзіліся ў сталінскіх лагерах, на выгнанні. Яны збіралі ад людзей прадукты і пасылалі святарам пасылкі, пісалі выгнаннікам лісты, падтрымлівалі іх словам і малітвай.

У самыя цяжкія часы Супольнасць сясцёр эўхарыстак час ад часу папаўнялася новымі пакліканнямі. Патаемна ў яе ўліваліся тыя, што прагнулі жыць законніцкім жыццём насуперак усім нечалавечым законам, якія забаранялі ім гэта рабіць. Калі сястра Ядвіга Віршута знаходзілася ў Браславе, яна працавала кухаркай у санаторыі. Мала хто з яе калегаў ведаў, што ёсць у гэтай ціхай, лагоднай жанчыны і яшчэ вельмі адказныя абавязкі — кіраўніцы навіцыяту. Для маладзенькіх дзяўчат, якія адважваліся пераступіць парог іх дамка ды застацца ў ім, сястра Ядвіга была і маці, і сястрою, і добрым прыкладам законніцы. Пазней сястра прыгадвала той час і сама дзівілася, як яна здолела выконваць тыя адказныя заданні, бо не мела ж, маўляў, патрэбнай адукацыі. Тэалагічнай адукацыі яна і сапраўды не мела, а гаспадарчая школа ў Пшыбышове Новым, якую яна ў свой час закончыла, патрэбных ведаў для выхавання маладых эўхарыстак не давала. Дапамагалі веды, набытыя з кніг, на рэкалекцыях, у прыватных размовах са святарамі ды сёстрамі, а галоўнае, мабыць, — адкрытасць на Божую ласку. Яна заўсёды, да глыбокай старасці прагнула як мага больш даведацца пра Бога і выкарыстоўвала для гэтага кожны зручны момант.

У 1976 годзе сястра Ядвіга Віршута выехала на місію ў Казахстан, дзе прычынілася да заснавання законніцкага дома ў Карагандзе. Яна выконвала там функцыі і настаяцельніцы дому, і кіраўніцы навіцыяту да юніярату. З часам па яе ініцыятыве і дзякуючы яе высілкам паўсталі пляцоўкі ў Цалінаградзе, Кустанаі, Душанбэ, Наварасійску, Томску і ў Марксе, блізу Саратава. Яна здолела апекавацца сёстрамі з усіх тых законніцкіх дамоў.

Сястра Ядвіга хварэла на цукровы дыябет і ў Казахстане неаднойчы колькі разоў знаходзілася за крок ад смерці. Але, ачуняўшы, яна не дазваляла сабе доўга адпачываць, бо заўсёды ўсведамляла вялікую адказнасць за свае абавязкі.

Гэта быў чалавек глыбокай веры і малітвы. Насуперак шматлікім выпрабаванням, на якія было шчодрае яе жыццё, сястра Ядвіга здолела зберагчы дабрыню свайго сэрца, зычлівасць да людзей, тонкі гумар ды пастаяннае жаданне ісці на дапамогу тым, каму яна была патрэбная.

Калі ёй была 76 гадоў, яна нарэшце вярнулася на Беларусь. Вярнулася ў шчаслівы, радасны, як яна казала, час, бо якраз тады вярталіся да жыцця знявечаныя святыні, аднаўляліся колішнія ды закладваліся новыя парафіі. У Полацку адкрывалася новая пляцоўка сясцёр эўхарыстак, і сястра Ядвіга прыехала сюды, каб у старажытным горадзе заснаваць новы дом законніц. Адсюль яна час ад часу ездзіла ў Росіцу, дзе таксама была адноўлена парафія ды вяртаўся да жыцця касцёл — маўклівы сведка трагедыі. У Росіцы сястра навучала дзяцей асновам рэлігіі і зусім як калісьці, у часы той трагічнай місіі, рыхтавала дзяцей да першай споведзі. Пры любым зручным моманце сястра Ядвіга ездзіла ў Росіцу, удзельнічала ва ўрачыстасцях у гонар мучанікаў, распавядала людзям пра тыя падзеі, сведкай якіх ёй давялося стаць.

Яна ўмела ў часы найвялікшай хлусні і бязвер’я заставацца праўдзівай і вернай Богу. У часы панавання несправядлівасці яна сваім прыкладам сведчыла пра тое, што можна і трэба жыць па Божых запаведзях. Яна ўмела і падтрымаць чалавека, і развесяліць, і асцерагчы ад неабачлівага кроку. Сястра Ядвіга Віршута 70 гадоў свайго жыцця аддала Супольнасці Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі. Яе любілі і паважалі. Ёю, якая мела такі паважны ўзрост, захапляліся і сёстры, і святары, за якіх яна, асабліва за маладых марыянаў, шмат малілася. Яе мудрыя жыццёвыя ўрокі старэйшыя сёстры будуць пераказваць маладым, даючы ім прыклад прыгожага, высакароднага і глыбокага законніцкага жыцця.

Сястра Ядвіга Віршута адышла да Пана Бога ў першы дзень 2007 года ў Барысаве. Урачыстую Імшу за святой памяці сястру Ядвігу ў парафіяльным касцёле адслужыў біскуп Антоні Дзям’янка. Потым была выканана апошняя воля памерлай: яе цела адвезлі ў касцёл Святой Тройцы ў Друі. Развітацца з сястрой Ядвігай Віршутай з’ехаліся сёстры эўхарысткі з розных дамоў Беларусі, а з Вільні разам з сёстрамі і маладымі навіцыяткамі прыехала маці-правінцыялка Роза Шмідтляйн. У пахавальнай урачыстасці 3 студзеня ў Друі ўдзельнічала шмат святароў з суседніх парафій і айцоў марыянаў, Імшу цэлебраваў генеральны вікары Віцебскай дыяцэзіі Францішак Кісель. Развітацца з сястрой Ядвігай прыйшлі мясцовыя парафіяне. Прачулае казанне на Імшы сказаў айцец Вячаслаў Пялінак.

Пахавалі сястру Ядвігу на друйскім могільніку, дзе спачываюць таксама і сёстры эўхарысткі, разам з якімі сястра Ядвіга шмат гадоў служыла Богу і людзям.

Ірына Жарнасек