Пакліканне да святасці з’яўляецца прычынаю таго, што Бог нас стварыў і падтрымлівае нашае жыццё. Гэта дазваляе нам у пэўнай ступені зразумець, чаму Бог дазваляе жыць тым, хто прычыняе боль іншым: проста Ён шукае спосаб дастукацца да душаў гэтых людзей, каб прывесці іх да святасці і збавіць: «Не хачу смерці грэшніка, — кажа Пан, — але каб адвярнуўся ад шляху свайго і жыў» (пар. Эзх 33, 11). Бог спадзяецца на іх выратаванне, можна сказаць, што Ён глядзіць на іх як на будучых святых. Калі мы скажам сабе, што святасць не для нас альбо што дасягнуць яе немагчыма, то мы гэтым пазбаўляем сваё жыццё сэнсу. Ніхто з нас не жыве толькі для таго, каб выконваць свае прафесійныя абавязкі, каб быць бацькам або маці. Мы жывем для таго, каб быць святымі, як шмат разоў падкрэсліваецца ў Святым Пісанні: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш» (Лев 19, 2). У гэтым закліку няма ніякага перабольшання: проста мы часта забываемся пра сапраўдны сэнс нашага жыцця.

З гаміліі біскупа Антонія Дзям’янкі на чуванні моладзі.
Мінск, архікатэдра, 16–17 снежня 2007 г.

 
У ноч з 16 на 17 снежня ў архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося чуванне моладзі, у якім прынялі ўдзел каля 500 чалавек з розных парафіяў. Тэма чування — «Пакліканыя да святасці».

Кожны з нас пакліканы да святасці — хтосьці праз святарства, манаства, хтосьці праз сямейнае жыццё, нават праз самоту; кожны дзень Бог даводзіць нам, што гэта магчыма, стукае ў нашыя сэрцы. Але, колькі б крокаў ні рабіў Ён у наш бок, хаця б адзіны, самы істотны крок мы павінны зрабіць самі, без прымусу, проста зразумець, што з Ім хада лёгкая нават па вадзе, проста верыць Яму, проста любіць.

Як зазначыў кс. біскуп Антоні Дзям’янка, цудоўным прыкладам для нас у пакліканні да святасці з’яўляецца Найсвяцейшая Панна. Праз Яе Беззаганнае Зачацце Бог хоча дастукацца да нас, прывесці да ачышчэння, паказаць, як мала ўплываюць на сэнс нашага жьцця матэрыяльныя даброты і меркаванні знешняга свету і як Ён можа ўсё змяніць. Шлях святасці ніколі не быў лёгкім. Нават Марыя, згадзіўшыся споўніць Божую волю, вельмі рызыкавала, бо абвінавачванне ў страце вернасці ў тыя часы пагражала смерцю. Хто на Яе месцы не прыйшоў бы ў адчай, не засмуціўся б?.. Але Яна — не. Мужная жанчына з годнасцю прымае ўсё, чэрпаючы моц у святасці. І менавіта Яна дапамагае па-іншаму перажываць выпрабаванні веры і цяжкасці штодзённасці. МАGNIFICAT — велічае душа мая Пана. Веліч Марыі — у поўным прыняцці Божай волі, у бязмежнай пакоры і даверы Богу. Гэтым ускліканнем Яна абвяшчае сябе толькі Божаю служкаю, не ставячы сябе ў цэнтр, сведчыць аб Яго велічы.

Шлях да святасці магчымы ў нашыя дні не менш, чым раней, і нараджае не менш вялікіх святых. Так, Бог ставіць вялікія патрабаванні, але не большыя, не цяжэйшыя, чым раней. I шлях гэты — шлях да Айца, пачынаецца з Касцёла, з малітвы перад Абліччам Хрыста, разважання над Яго таямніцамі, засяроджання на Святым Пісанні. Таму такое неабходнае ў наш час стварэнне новых месцаў малітвы, месцаў сустрэчы з Богам. Таму такое неабходнае стварэнне новых парафій, новых святыняў, якіх чакае Божы народ. Таму неабходныя такія сустрэчы моладзі, будучыні Касцёла і краіны, бо яны ачышчаюць, з’ядноўваюць, падтрымліваюць на цяжкім, але такім важным шляху да Бога.

Чуванне, падрыхтаванае моладдзю з парафіяў Мінска, здолела засяродзіць увагу на адвэнтавым чаканні Божага прыйсця, на Яго шматграннай неахопнай любові, падоранай нам праз Уцелаўленне.

Пасля Імшы з удзелам біскупа адбылася адарацыя з удзелам моладзі Чырвонага касцёла. Падчас адарацыі кожны мог атрымаць ліст-разважанне на тэму паклікання да святасці ў штодзённым жыцці. Там былі і такія радкі: «Ты — настолькі Неспасцігальны, настолькі Недасяжны, што чым глыбей Душа пранікае ў Таямніцу Тваёй Любові, тым меней мы Яе адчуваем, пакуль не падасца нам, што мы ўжо не любім. Верце: чым мацней душа любіць Бога, тым меней яна гэта адчувае...»

Разам з моладдзю Серабранкі ўдзельнікі чування перанесліся ў сімвалічны горад чорных парасонаў, у якім раптам з’явіўся жоўты парасон Божага Святла і Любові, здольны перамяняць жыццё і прыносіць добрае надвор’е і настрой. Галоўнае — моцна трымаць той парасон і перадаваць сонейка іншым. Пад жоўты парасон прыходзілі людзі і сведчылі аб справах Божай любові ў сваім жыцці. Кожны мог падзяліцца часткаю сваёй душы з іншымі: сямейная пара сведчыла аб пакліканні да святасці ў сям’і шляхам узаемаразумення і захавання штодня Любові Божай; малады святар гаварыў аб шматлікасці шляхоў, што вядуць да Айца, і аб тым, што Бог ніколі не дае больш, чым можаш вытрываць; хлопцы і дзяўчаты распавядалі аб сваіх выпрабаваннях на шляху Любові, аб веры, надзеі, аб зразуменні Бога, Неба, Святасці.

Моладзь з парафіі Лошыца падчас ружанцовай малітвы даводзіла прысутным важнасць малітвы, яе натуральнасць, як зычэнне добрай раніцы бацькам, прычым малітвы рознай («...мала моліцца той, хто мае звычку маліцца, толькі ўстаючы на калені...»); яны гаварылі пра Любоў, якая адзіная можа змагацца са смерцю і не быць пераможанай, пра немагчымасць забіць веру ў душах людзей («...ад яе можна толькі адмовіцца...»), пра неабходнасць поўнага дзіцячага даверу Богу, калі, быццам над безданню, не абапіраешся больш ні на што, акрамя Яго самога, калі верыш так, што не адчуваеш боязі смерці, адпускаючы галінку, за якую трымаешся... Толькі такая глыбокая вера нараджае вялікіх святых.

Сапраўднай пярлінай чування стала містэрыя на тэму Божага Нараджэння, падрыхтаваная моладдзю з мінскай парафіі Залатая Горка, у якой перапляліся класічны сюжэт беларускай батлейкі, тэатр ценяў, спевы і незвычайнае музычнае афармленне…

Скончылася сустрэча пастырскім благаслаўленнем і традыцыйным дзяленнем аплаткам з віншаваннямі, перапрашэннямі і зычэннямі Божага благаслаўлення на наступны год.

Юля Шэдзько