У Гродне пры брыгіцкім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштары назарэтанак адбыліся рэкалекцыі групаў АА Гродзенскай дыяцэзіі, у якіх удзельнічалі сябры групаў з усёй Беларусі.

Кожны дзень для ўдзельнікаў усіх веравызнанняў і тых, хто шукае Бога, адбывалася святая Імша. Тэму рэкалекцый вызначылі самі ўдзельнікі, яе падкрэсліў у першым казанні на Імшы святар Аляксандр: адносіны ў сям’і, праблема дзяцей, якія растуць побач з хворымі бацькамі. На гэтую ж тэму быў прачытаны даклад.

Важным днём рэкалекцый быў дзень споведзі і пакаяння. Ксёндз Мікалай выкарыстаў урывак з Евангелля пра апостала Пятра, які тройчы адрокся ад Езуса Хрыста. Разважаючы над маральным учынкам св. Пятра, ксёндз прапанаваў кожнаму паставіць сябе на месца апостала, каб зразумець, што чалавечая грахоўнасць не перакрэслівае яго духоўнае развіццё ў дарозе да святасці.

Ёсць дзве глыбіні — прадонне Міласэрнасці Божай і наша грахоўнасць. Мы зграшылі, але трэба рабіць выбар, як жыць далей... Здрадзілі Езусу і Пётр, і Юда, але пасля здрады яны зрабілі розны выбар.

Апостал Пётр апынуўся ў эпіцэнтры сваёй безнадзейнасці, у пустэчы адчаю. Але з’явіўся Езус, які азірнуўся і паглядзеў у вочы Пятру. У гэтым позірку Пётр убачыў любоў і ўсёдараванне. Пётр горка заплакаў. Ён выйшаў па-за сваю асобу, паглядзеў на сябе вачамі Езуса. Езус дазволіў святому Пятру перажыць гэтыя слёзы вызвалення, каб ён зразумеў, што Езус любіць яго незалежна ад граху. Цяпер Пётр вучыцца прыняць прабачэнне Бога, перамагае спакусу зачыніцца ў сабе самім са сваёй бядой. У Пятра гэта быў доўгі працэс, які цягнуўся ўсё яго жыццё. І ў кожнага чалавека гэта доўгі працэс. Магчыма, што мы яшчэ не адчулі Божай Міласэрнасці даравання нам нашых грахоў.

Такім чынам: першы крок — гэта прызнацца ў граху, другі крок, самы цяжкі, — раскрыць душу і сэрца на дараванне нам грахоў Богам.

Цяжка гэта таму, што мы не можам самі сабе дараваць свайго мінулага грахоўнага жыцця. Але не дараваць самім сабе — гэта значыць знішчыць саміх сябе.

Мы можам непрыгожа выглядаць ў вачах людзей, але быць прыгожымі ў вачах Бога.

Як святы апостал Пётр з таго позірку Езуса пачаў будаваць у сабе святасць, разумеючы, што ён чалавек слабы, грэшны, так кожны чалавек кожны дзень па добрай волі павінен прызнаваць прабачэнне Бога. Гэтае прабачэнне вучыць чалавека пакоры. Хто адчуў прабачэнне Бога, той хоча жыць далей з Божай любоўю... Прыкладна так я зразумела казанне святара, якое і мне дапамагае перамагчы ў сабе непрыняцце мною майго мінулага жыцця. Як зразумелі і ці зразумелі гэта яны, дзеля каго былі наладжаны рэкалекцыі?

Сведчанні на сустрэчы АА былі розныя і ў нечым усе падобныя — людзі шчыра дзяліліся з такімі ж братамі па бядзе сваім жыццёвым горам.

Я паразмаўляла з сябрам Славікам і спытала ў яго дазволу расказаць яго гісторыю чытачам часопіса «Ave Maria», ён дазволіў. Славік сказаў мне ў прыватнай гутарцы, што шчыра апавядае пра сваё жыццё для сябе самога. Шчыра хоча вызваліцца ад алкагольнай залежнасці. Славіку 40 гадоў, ён рабочы. Мае жонку і сына. Спачатку пачаў піць, пасля ажаніўся. Жонка ў часе запояў выганяла яго з дому, яны жылі ў інтэрнаце, але яна не разводзілася з ім, ведала, што ён знойдзе апеку ў бацькоў у вёсцы. Бацькі цярпліва лячылі яго. Аднойчы бацька цягнуў яго, п’янага, з горада ў вёску, паўтараў усю дарогу, што ён яго не кіне, не дасць яму загінуць, таму што любіць...

На сустрэчы сузалежных — жонак, дзяцей і маці — прысутныя дзяліліся перажытым, апавядалі пра тое, як Бог дапамагае ім не стаць істэрычкамі, жывучы побач з цяжка хворымі мужамі-алкаголікамі.

Рэкалекцыі, сустрэчы сябровак па няшчасці, супольныя малітвы — гэта іх святы, дзе яны адчуваюць вызваленне.

Маці былі не гаваркія, заставаліся са сваім болем і любоўю, са сваім цярпеннем. Маці згодны несці гэтае цярпенне праз усё жыццё, бо любяць сваіх хворых дзяцей.

На канферэнцыі выступала дзяўчына, дачка алкаголіка, дарога якой да вызвалення ад сузалежнасці была амаль містычнай...

Ва ўтульным месцы за калонай сядзела прыгожая светлавалосая дзяўчына. Я глядзела на яе збалелы тварык. У перапынку паразмаўляла з ёю. Ёй 25 гадоў, яна жыве адна. Яна паказала мне вачыма свайго бацьку. Бацька ўжо выступаў — і я зразумела, што гэтая прыгожая дзяўчына збіраецца жыць адна, без сям’і...

Яна запрасіла мяне на спатканне сузалежных.

Рэкалекцыі агучвалі музычны ансамбль семінарыі і хор парафіі Вішняўца. Заключную святую Імшу цэлебраваў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Нам выпала магчымасць памаліцца за сваіх блізкіх, знаёмых і ўсіх людзей, залежных ад розных дрэнных звычак. Але мала было тых паўзаў у часе малітвы верных, каб успомніць імёны ўсіх, каго ўжо няма і хто ёсць, але блукае яшчэ ў алкагольным тумане...

І такія рэкалекцыі, якія арганізуе Касцёл для групаў АА і іх сем’яў, даюць сілу і абуджаюць духоўна да жыцця з Богам.

Гл. таксама:
:: ДВАНАЦЦАЦЬ КРОКАЎ АА ::

Данута Бічэль,
Гродна