7 студзеня:
святога Раймунда Пеньяфорцкага, святара.

Нарадзіўся каля 1175 г. непадалёк ад Барселоны (Іспанія). З 1210 г. — выкладчык кананічнага права Балонскага універсітэта. У 1222 г. уступіў у незадоўга да гэтага створаны дамініканскі ордэн прапаведнікаў. Займаў высокія пасады ў сваім ордэне і ў Касцёле, быў дарадчыкам і спавядальнікам Папы Грыгорыя ІХ, па распараджэнні якога сабраў і сістэматызаваў кананічнае права. Вёў місіянерскую дзейнасць сярод маўраў; з мэтаю навяртання ў хрысціянства юдэяў і мусульманаў заснаваў школу габрэйскай мовы ў Мурцыі (на поўдні Іспаніі) і школу ўсходніх моваў у Тунісе. У 1238 г. Раймунд быў выбраны трэцім генералам ордэна дамініканаў і перапрацаваў дамініканскую канстытуцыю. Ён напісаў шмат важных працаў, у асноўным у галіне права, а таксама натхніў св. Тамаша Аквінскага на напісанне Сумы супраць паганаў. Каталонскі дамініканін, які стаў адным з найвыдатнейшых навукоўцаў свайго часу, памёр у Барселоне ў паважным узросце 6 студзеня 1275 г. Святы Раймунд Пеньяфорцкі з’яўляецца апекуном юрыдычных факультэтаў і юрыстаў.

 
22 студзеня:
святога Вінцэнта, дыякана і мучаніка.

Па няпэўных звестках, нарадзіўся ў ІІІ ст. у іспанскім горадзе Хуэска. Служыў архідыяканам біскупа Сарагосы Валерыя, разам з якім быў арыштаваны ў Валенсіі падчас пераследу хрысціянаў пры цэзары Дыяклетыяне. Біскуп Валерый быў высланы на выгнанне ў Францыю, а яго архідыякан пасля жорсткага катавання прыняў мучаніцкую смерць, верагодна, 22 студзеня 304 г. Імя мучаніка Вінцэнта згадваецца ў самых старажытных мартыралогах, а яго рэліквіі захоўваюцца ў розных месцах Еўропы. Святы з’яўляецца апекуном вінаградараў, дрывасекаў, страхароў і ганчароў.

 
27 студзеня:
святой Анжэлы Мэрычы, панны.

Нарадзілася 1 сакавіка 1474 г. у невялікім мястэчку ў італьянскіх Альпах. Уступіўшы ў трэці закон святога Францішка, прысвяціла сябе дабрачыннай дзейнасці. У 1525 г. здзейсніла паломніцтва ў Святую Зямлю, пасля чаго зразумела, што яе пакліканнем з’яўляецца хрысціянскае выхаванне моладзі, асабліва дзяўчат. У 1535 г Анжэла Мэрычы заснавала таварыства святой Уршулі і стала першай настаяцельніцай распаўсюджанага ў наш час закону уршулянак, які з’яўляецца ўзорам рэлігійнага жыцця ў жаночай супольнасці і вядомы сваёй выхаваўчай дзейнасцю. Анжэла вяла вельмі аскетычнае жыццё і пры гэтым была цудоўнай дарадчыцай і педагогам. Памерла 27 студзеня 1540 г. у Брэшыі (Італія), дзе была пахавана ў касцёле, які сёння названы яе імем. Святая Анжэла Мэрычы належыць да ліку найбольшых рэфарматараў свайго часу.

 
8 лютага:
святога Гераніма Эміліяні

Геранім Эміліяні (Джыроламо Міяні) нарадзіўся ў 1486 г. у Венецыі. Жадаючы вайсковай кар’еры, ён пачаў служыць і неўзабаве стаў афіцэрам, а пазней — генералам. Падчас адной з бітваў Геранім трапіў у палон. Пасля цудоўнага вызвалення ён пакінуў службу і прысвяціў сваё жыццё Касцёлу. У 30 гадоў прыняў святарскае пасвячэнне, пасля чаго заснаваў шмат дзіцячых дамоў на поўначы Італіі. Цэнтрам яго дабрачыннай дзейнасці стала мястэчка Самаска ў Ламбардыі, дзе ў 1532 г. Геранім заснаваў законную супольнасць рэгулярных клерыкаў — самасцаў, мэтаю якой стала апека над сіротамі і ўбогімі. Праз 8 гадоў супольнасць была зацверджана Папам, але сам заснавальнік так і не ўступіў у яе. Геранім Эміліяні памёр ад чумы ў Самасцы 8 лютага 1537 г. Святы з’яўляецца нябесным апекуном сіротаў.

 
10 лютага:
благаслаўлёнага Алаізія Стэпінаца, біскупа і мучаніка

Алаізій Віктар Стэпінац нарадзіўся 8 мая 1898 г. у вёсцы Брэзарыч за 40 кіламетраў ад Загараба (Харватыя) і быў пятым з васьмі дзяцей у сям’і. Пасля заканчэння класічнай гімназіі ў 1916 г. хацеў паступіць у семінарыю, але Першая сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэты намер: Алаізій быў мабілізаваны і накіраваны на фронт, дзе трапіў у палон. На пачатку 1920-х гг. ён вярнуўся на радзіму, якая апынулася ў складзе Югаславіі, і паступіў у сельскагаспадарчую акадэмію. Аднак пакліканне ўсё ж прывяло яго на тэалагічны факультэт. У 1930 г. у Рыме Алаізій атрымаў ступень доктара філасофіі і тэалогіі і прыняў святарскае пасвячэнне. Вярнуўшыся ў Заграб, стаў супрацоўнікам мясцовага арцыбіскупа і пасля смерці папярэдніка ў 1937 г. заняў яго месца. Падчас фашысцкай дыктатуры ў Харватыі выступаў супраць тэрору і дапамагаў ратаваць сербаў і габрэяў ад этнічных чыстак. Пасля ўсталявання ў Югаславіі прасавецкага рэжыму арцыбіскуп Стэпінац супрацьстаяў пераследу Касцёла новымі ўладамі і жорстка іх крытыкаваў. У 1946 г. ён быў арыштаваны і асуджаны на 16 гадоў зняволення. Праз пяць гадоў, праведзеных у вязніцы, Алаізій Стэпінац быў пераведзены пад хатні арышт. У 1953 г. нязломны арцыбіскуп быў менаваны кардыналам, аднак так і не змог прыняць з рук Папы кардынальскага берэту. 10 лютага 1960 г. ён памёр у зняволенні ад хваробаў, атрыманых у вязніцы. Святы Айцец Ян Павел ІІ сказаў пра гераічнага Заграбскага арцыбіскупа: «Ён супрацьстаяў пакутам, каб не здрадзіць уласнаму сумленню і слову, дадзенаму Хрысту і Касцёлу».

 
22 лютага:
святой Маргарыты з Картоны, законніцы

Нарадзілася ў 1247 г. у італьянскай правінцыі Таскана. У маладым узросце на працягу 9-ці гадоў жыла ў «вольным саюзе» з нейкім шляхціцам, ад якога мела сына. Калі яе сужыцеля забілі, Маргарыта ўспрыняла гэта як знак ад Бога. Яна раскаялася ў сваім ранейшым жыцці і ўступіла ў трэці закон святога Францішка ў Картоне. Стаўшы тэрцыяркай, Маргарыта заснавала прытулак для бедных, а таксама таварыства сясцёр трэцяга закону. Яна жыла ў суровым пакаянні і атрымала шмат містычных ласкаў. Памерла 22 лютага 1297 г. у Картоне. На месцы пахавання святой Маргарыты цяпер стаіць санктуарый у яе гонар.