У першым пасланні да хрысціянаў Карынфа, якія першымі сутыкнуліся з цяжкасцямі і сур’ёзнымі спакусамі падзелу, мы можам бачыць актуальны зварот да ўсіх хрысціянаў. Сапраўды, рэальная небяспека ўзнікае тады, калі некаторыя асобы выяўляюць жаданне атаясамліваць сябе з пэўнай групай, гаворачы: я — Паўла, я — Апалоса, я — Кіфы. І тады Павел задае грознае пытанне: «Хіба падзяліўся Хрыстус?» (1 Кар 1, 13).

Грэцыя і Рым умацавалі свае адносіны на золку хрысціянства і падтрымлівалі гэтыя адносіны, з якіх нарадзіліся розныя формы хрысціянскіх супольнасцяў і традыцый у тых рэгіёнах свету, якія сёння адпавядаюць Усходняй і Заходняй Еўропе. Гэтыя насычаныя адносіны разам з тым паспрыялі ўзнікненню пэўнага ўзаемадзеяння ў стварэнні царкоўных інстытутаў. Гэтае ўзаемадзеянне — з захаваннем асаблівасцяў веравучэння, літургіі, багаслоўя і духоўнасці абедзвюх традыцый — рымскай і грэцкай — зрабіла плённымі евангелізацыйную дзейнасць Касцёла і інкультурацыю хрысціянскай веры.

Сёння нашыя адносіны аднаўляюцца: павольна, але сягаючы ўглыб і з клопатам пра захаванне адметнасцяў. Яны з’яўляюцца для нас сродкам адкрыцця цэлага спектру новых духоўных праяваў, якія маюць вялікае значэнне і даюць шмат магчымасцяў для агульнага ўдзелу. Дзякуем за гэта Богу.

З прамовы падчас сустрэчы
з архібіскупам Афінскім і ўсёй Элады Хрыстадулам.
Ватыкан, 14 снежня 2006 г.