2006 год у жыцці Касцёла

Сярод найбольш значных падзеяў у жыцці Каталіцкага Касцёла за мінулы год незалежныя назіральнікі называюць з’яўленне першай энцыклікі Бэнэдыкта XVI Deus caritas est, лекцыю Святога Айца ў Рэгенсбургскім універсітэце, апостальскі візіт у Турцыю, аднаўленне праваслаўна-каталіцкага дыялогу, новыя прызначэнні ў Ватыкане і абвяшчэнне 15-ці новых кардыналаў.

У сваёй першай энцыкліцы Бэнэдыкт XVI глыбока адлюстраваў натуру Боскай любові і ролю індывідуальнай і асноватворнай міласэрнасці ў жыцці Касцёла.

Прамоўленая Святым Айцом падчас візіту ў Баварыю лекцыя ў Рэгенсбургскім універсітэце павінна была звярнуць увагу на праблемы ісламу і секулярызацыі ў заходнім грамадстве, а таксама на думку пра непарыўнасць веры і розуму. Гэтая лекцыя выклікала моцную негатыўную рэакцыю ў ісламскім свеце, дзе некаторыя словы Папы былі ўспрынятыя як абраза ісламу, а выказванні на тэму росту атэізму ў заходнім свеце былі проста праігнараваныя. Як агрэсіўная незадаволенасць мусульманскіх радыкалаў, так і абыякавасць заходняй ліберальнай грамадскасці толькі падкрэслілі актуальнасць праблемаў, закранутых Папам.

Загладзіць непрыемнае ўражанне ад рэгенсбургскай лекцыі Святому Айцу ўдалося падчас апостальскага візіту ў Турцыю — пераважна мусульманскую краіну, — які адбыўся напрыканцы лістапада. Падчас гэтага візіту Бэнэдыкт XVI таксама сустрэўся з праваслаўным Сусветным Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І, што стала важным крокам у аднаўленні праваслаўна-каталіцкага дыялогу. Багаслоўскі дыялог паміж дзвюма канфесіямі ўзнавіўся пасля 6-гадовага перапынку — у 2000 годзе абодва бакі зайшлі ў тупік. Папа і Патрыярх падпісалі супольную дэкларацыю, а ў снежні падобная дэкларацыя была падпісана Бэнэдыктам XVI і кіраўніком грэцкай Праваслаўнай Царквы архібіскупам Афінскім і ўсёй Элады Хрыстадулам.

У верасні Святы Айцец прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара Ватыкана. Ім стаў кардынал Тарчызіо Бэртонэ, які змяніў кардынала Анджэло Садано пасля 16-ці гадоў яго знаходжання на гэтай пасадзе. Змяніліся таксама кіраўнікі шэрагу ватыканскіх кангрэгацый. Сярод менаваных у сакавіку 15-ці новых кардыналаў — прэфект кангрэгацыі веравучэння Уільям Джозэф Левада, былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ Кракаўскі арцыбіскуп Станіслаў Дзівіш, арцыбіскуп Ганконгскі Дзэн Дзэ-К’юн.

Паводле дадзеных, якія падае радыё Ватыкана, за 2006 год у сустрэчах з Папам Бэнэдыктам XVI у Ватыкане і Кастэль Гандольфо прынялі ўдзел 3 мільёны 222 тысячы вернікаў. Рэкордная колькасць вернікаў — 260 тысяч асобаў, — якія маліліся разам з Папам «Анёл Панскі», была адзначана ў снежні, а больш за ўсё ўдзельнікаў агульных аўдыенцый, якія Бэнэдыкт XVI, як і яго Папярэднік Ян Павел ІІ, праводзіў па серадах, было ў маі мінулага года — 206 тысяч асобаў. Усяго на працягу 2006 года Святы Айцец правёў 45 агульных аўдыенцый, у якіх узялі ўдзел 1 мільён 31 тысяча 500 асобаў. У іншых аўдыенцыях удзельнічалі 357 тысяч 120 асобаў. На літургіях з Бэнэдыктам XVI прысутнічалі 539 тысяч 200 вернікаў. Прыведзеныя статыстычныя дадзеныя не ўключаюць дадзеных пра колькасць людзей, якія сустракаліся з Папам падчас яго апостальскіх падарожжаў і сустрэчаў Святога Айца з вернікамі падчас яго вакацый у Валь-д’Аоста.

Мінулы год азмрочыўся паглыбленнем канфлікту паміж Апостальскай Сталіцай і ўладамі Кітая, якія правялі шэраг біскупскіх пасвячэнняў без згоды Святога Айца, а таксама адлучэннем ад Касцёла скандальна вядомага былога арцыбіскупа з Замбіі Эмануэля Мілінго, што было звязана з незаконным пасвячэннем у «біскупы» некалькіх жанатых мужчынаў.

Акрамя таго, па інфармацыі місіянерскага агенцтва «Fides», у 2006 годзе былі забітыя 24 каталіцкія святары і кансэкраваныя асобы. У служэнні Касцёлу найбольш духоўных асобаў (11) загінула ў краінах Афрыкі. Тры чалавекі загінулі ў Кеніі, два — у Нігерыі. У Паўднёвай Амерыцы ад рук забойцаў загінулі 8 святароў і кансэкраваных асобаў, двое з іх — у Бразіліі. У Азіі ахвярамі насілля сталі 4 духоўныя асобы, у тым ліку дзве — у Індыі. Таксама ў Акеаніі быў забіты адзін каталіцкі законнік. Найбольшы рэзананс у свеце выклікала забойства ў Турцыі італьянскага святара Андрэа Санторо, які быў застрэлены мусульманскім фанатыкам пры дзвярах касцёла Маці Божай у Трабзоне.

 
Благаслаўленне «Гораду і свету»

Паводле старажытнай традыцыі, апоўдні 25 снежня 2006 г. на плошчы перад ватыканскай базылікай святога Пятра Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прамовіў спецыяльнае пасланне на Божае Нараджэнне, пасля чаго ўдзяліў урачыстае благаслаўленне Urbi et orbi (Гораду і свету) і павіншаваў усіх вернікаў з гэтым вялікім святам на 62 мовах, у тым ліку таксама і па-беларуску.

У сваім калядным пасланні, уступам да якога сталі словы антыфоны на ўваход са св. Імшы «Пастэркі» Salvator noster natus est in mundo — «Збаўца наш нарадзіўся ў свеце», Папа сказаў, што таксама і сёння наш Збаўца нарадзіўся ў свеце, бо ведае, што Ён патрэбны нам, хоць можа здавацца, што сённяшні свет і сучасны чалавек са сваёй тэхнікай могуць без яго абысціся. «Чалавек ХХІ стагоддзя стварае ўражанне ўпэненага ў сабе і самадастатковага гаспадара свайго лёсу, поўным энтузіязму творцам бясспрэчных дасягненняў. Так здаецца, але, на жаль, гэта не так», — падкрэсліў пантыфік.

Пасля кароткага агляду міжнароднага становішча і ўнутраных праблемаў чалавека Святы Айцец зрабіў выснову, што, нягледзячы на вялікі прагрэс і ўражанне самадастатковасці, людзі нашага часу ўсё яшчэ пакутуюць ад голаду і беднасці, паміраюць ад разнастайных хваробаў, якія немагчыма перамагчы, а ў свеце поўна войнаў і насілля. «Менавіта таму чалавеку патрэбны Збаўца, успамін нараджэння якога, мы, як штогод, сёння адзначаем», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

На заканчэнне Святы Айцец сказаў: «Дарагія браты і сёстры, дзе б вы ні знаходзіліся, няхай дойдзе да вас гэтае пасланне радасці і надзеі. Бог стаў чалавекам у Езусе Хрысце, нарадзіўся з Дзевы Марыі і сёння зноў нараджаецца ў Касцёле. Гэта Ён прыносіць любоў нябеснага Айца. Гэта Ён — Збаўца свету! Не бойцеся, адчыніце сэрцы, прыміце Яго, каб Яго валадарства любові і супакою стала агульным набыткам усіх. Шчаслівых святаў Божага Нараджэння!».

Падчас святочнай прамовы і благаслаўлення Urbi et orbi плошча Святога Пятра была запоўнена вернікамі, сярод якіх было шмат пілігрымаў з усяго свету. Віншуючы вернікаў на розных мовах, Святы Айцец пажадаў па-беларуску: «Вясёлых калядных святаў!».

 
Новы год у Ватыкане

Як паведамляе радыё Ватыкана, увечары апошняга дня 2006 года Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў урачыстыя Нешпары ў базыліцы святога Пятра. Падчас набажэнства, якім завяршыўся грамадзянскі год і распачалося святкаванне ўрачыстасці святой Багародзіцы Марыі, быў праспяваны гімн Te Deum як выраз падзякі Богу за пражыты год.

Папа звярнуў увагу на тое, што колькаснаму вымярэнню часу супрацьстаіць яго якаснае вымярэнне. Забавам, якія часта ператвараюцца ва ўцёкі ад рэчаіснасці, хрысціянская супольнасць супрацьпастаўляе сузіранне новага Сонца — Дзіцяткі Езуса, клапатліва даручаючы Яму «радасць і надзею, смутак і страх людзей нашага часу, асабліва бедных і прыгнечаных». Святы Айцец нагадаў, што тытул Багародзіцы прызнаў за Марыяй Эфескі сабор, які адбыўся ў 431 годзе. Згадваючы пра свой візіт у Эфес, Бэнэдыкт XVI падзякаваў Маці Божай за Яе асаблівую апеку над ім падчас яго апостальскага падарожжа ў Турцыю. Папа даручыў матчынаму заступніцтву Багародзіцы ўвесь свет, а асабліва тыя абставіны, у якіх толькі Божая ласка можа прынесці суцяшэнне, зноў усталяваць мір і справядлівасць.

«Калі завяршаецца 2006 год і ўжо відаць світанне года 2007-га, просім Багародзіцу, каб Яна вымаліла для нас дар сталай веры, як мага больш падобнай да Яе веры: яснай, шчырай, пакорнай, а разам з тым мужнай, поўнай надзеі і энтузіязму адносна Божага Валадарства; веры, пазбаўленай усялякага фаталізму і адкрытай для сумеснай дзейнасці ў поўнай і радаснай паслухмянасці Божай волі, а таксама ў абсалютнай упэўненасці ў тым, што Бог не жадае нічога іншага, акрамя любові і жыцця заўсёды і для ўсіх», — сказаў Папа.

Пасля Нешпараў Святы Айцец падышоў да ясляў, усталяваных на плошчы Святога Пятра, дзе правёў некалькі хвілін у ціхай малітве.

1 студзеня, калі Касцёл адзначаў 40-ы Сусветны дзень міру, у разважанні перад малітвай «Анёл Панскі» Бэнэдыкт XVI нагадаў, што гэты дзень быў усталяваны яго Папярэднікам Паўлам VI, таксама як і ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. Выказваючы навагоднія пажаданні кіраўнікам дзяржаваў і міжнародных арганізацый, Бэнэдыкт XVI звярнуўся да тэмы сёлетняга Дня міру: «Чалавечая асоба — сэрца міру». Пасланне на гэты дзень, падрыхтаванае Святым Айцом разам з Папскаю Радай Iustitia et Pax, закранае надзвычай важнае пытанне: каштоўнасць чалавечай асобы. Па словах Папы, гэта — стоўп, на якім трымаецца ўся канструкцыя вялікага будынку міру.

«Сёння шамат гавораць пра правы чалавека, але пры гэтым часта забываюцца, што для іх неабходны трывалы фундамент, несумненны і бясспрэчны. Такім фундаментам можа быць толькі годнасць чалавечай асобы», — адзначыў Святы Айцец. Ён падкрэсліў, што павага да годнасці асобы пачынаецца з прызнання яе права на жыццё і свабоды вызнаваць сваю рэлігію. На заканчэнне Папа сказаў: «Скіруем нашую малітву да Багародзіцы, каб у свядомасці людзей няспынна ўзрастала павага да кожнай чалавечай асобы і рашучае непрыманне вайны і насілля. Дапамажы нам, Марыя, якая дала свету Езуса, прыняць ад Яго дар супакою і быць шчырымі і мужнымі будаўнікамі міру».

 
Цэнтральны вакзал Рыма названы ў гонар Яна Паўла ІІ

Цэнтральнаму чыгуначнаму вакзалу Рыма — Тэрміні — было афіцыйна нададзена імя Яна Паўла ІІ. Падчас цырымоніі, якая адбылася 23 снежня 2006 г., Дзяржсакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Папскі Вікарый Рыма кардынал Каміллё Руіні і мэр Вечнага горада Вальтэр Вэльтроні ўрачыста адкрылі ў галоўнай зале вакзала дзве стэлы, прысвечаныя Вялікаму Папу. Два 12-метровыя манументы ўсталяваныя ў найбольш заўважнай частцы цэнтральнага вакзала, які з’яўляецца, бадай, самым вялікім у Еўропе.

 
Афіцыйны сайт Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі

Ва ўрачыстасць Божага Нараджэння ў Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі з’явіўся свой афіцыйны сайт у сеці Internetwww.ruscatholic.ru.

Ён знаёміць наведвальнікаў з дзейнасцю Канферэнцыі і прадстаўніцтва Святога Пасаду — Апостальскай Нунцыятуры ў Расійскай Федэрацыі. На старонцы падаюцца звесткі пра мясцовых іерархаў, адміністрацыйную структуру Каталіцкага Касцёла ў краіне, уключаючы дыяцэзіі, навучальныя ўстановы і выдавецтвы, а таксама змешчаны каляндар рэлігійных святаў і інфармацыя пра святых.

Ардынарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч павіншаваў расійскіх вернікаў са з’яўленнем уласнай Інтэрнэт-старонкі, адзначыўшы пры гэтым, што «нарэшце здзейснілася мара расійскіх католікаў» пра ўласны інфармацыйны партал. Ён выказаў надзею на тое, што «распачатая добрая справа прынясе шчодры плён ва ўмацаванні маральных каштоўнасцяў перад абліччам выклікаў ліберальнага секулярызму, маральнага рэлятывізму і рэлігійнай недасведчанасці, а таксама паспрыяе паляпшэнню адносінаў з іншымі канфесіямі і рэлігіямі, а асабліва з Рускай Праваслаўнай Царквою».

 
Рэакцыя Ватыкана на смяротнае пакаранне Садама Хусейна

З вялікім смуткам сустрэў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI вестку пра выкананне смяротнага прысуду, вынесенага іракскім судом былому дыктатару Садаму Хусейну. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы Ватыкана а. Фэдэрыко Ламбардзі SI. Ён адзначыў, што смяротнае пакаранне — гэта заўсёды трагічная падзея. Яна выклікае смутак нават тады, калі гаворка ідзе пра чалавека, на сумленні якога ёсць сур’ёзныя злачынствы. Каталіцкі Касцёл неаднаразова выказваў свае адносіны да смяротнага пакарання, якое лічыць недапушчальным. Ватыканскі прэс-сакратар падкрэсліў, што «забойства вінаватага не вядзе да ўсталявання справядлівасці і паяднання грамадства. Наадварот, гэта можа выклікаць помсту і новую хвалю насілля. У гэты змрочны перыяд у жыцці іракскага народа застаецца толькі пажадаць усім адказным асобам прыкласці свае намаганні для таго, каб у гэтай трагічнай сітуацыі з’явілася, нарэшце, надзея на прымірэнне і мір».

Вялікай праблемай з’яўляецца таксама пытанне рэлігійнай свабоды. У новай канстытуцыі на гэтую тэму ёсць адпаведныя артыкулы, якія пакуль што вельмі складана ўвесці ў жыццё. «Мы маем надзею на тое, што пасля прыняцця паправак рэлігійная свабода будзе больш дакладна сфармулявана. Усё гэта неабходна ўпарадкаваць дзеля грамадзянскага прымірэння, каб прызнаваліся і паважаліся правы меншасцяў ва ўсёй краіне», — адзначыў Апостальскі Нунцый.

Разам з Каталіцкім Касцёлам смяротнае пакаранне Садама Хусейна асудзілі кіраўнікі і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, міжнародных і праваабарончых арганізацый, сярод якіх ААН, Англіканская Царква, Сусветная рада Цэркваў.

 
Інгрэс, які не адбыўся

На нядзелю 7 студзеня, калі Касцёл адзначаў свята Хросту Пана, быў запланаваны інгрэс (урачыстае ўступленне на пасаду) новапрызначанага Варшаўскага арцыбіскупа Станіслава Вельгуса. Аднак на пачатку цырымоніі, якая праходзіла ў варшаўскай катэдры, арцыбіскуп у прысутнасці шматлікага духавенства і вернікаў зачытаў сваё адрачэнне ад пасады. Прычынаю яго рашэння стаў «шпіёнскі скандал», раздзьмуты ў польскай прэсе на падставе абвінавачанняў іерарха ў колішнім супрацоўніцтве са спецслужбамі сацыялістычнай Польшчы.

Касцёльная гістарычная камісія, якая займалася вывучэннем гэтых фактаў, прыйшла да высновы, што хоць самі па сабе яны мелі месца, аднак дзейнасць Станіслава Вельгуса не была звязана з выкананнем разведвальных заданняў і нікому не нанесла шкоды. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, які раней выказаў сваю падтрымку арцыбіскупу Вельгусу, тым не менш прыняў яго адрачэнне. Апостальскім Адміністратарам Варшаўскай дыяцэзіі быў прызначаны Прымас Польшчы кардынал Юзаф Глемп, які раней займаў гэтую пасаду. Разам з другім найбольш аўтарытэтным польскім іерархам Кракаўскім арцыбіскупам кардыналам Станіславам Дзівішам ён неаднаразова заклікаў спыніць істэрыю вакол пытанняў пра так званую «люстрацыю» духавенства, якая ў апошні час ахапіла краіну. Гэты заклік падтрымаў таксама Старшыня канферэнцыі епіскапату Польшчы арцыбіскуп Юзаф Міхалік.

 
«Сведчанне» Станіслава Дзівіша

Напрыканцы студзеня ў познаньскім выдавецтве ТВА (Польшча) выйшла кніга ўспамінаў кардынала Станіслава Дзівіша, які каля сарака гадоў быў асабістым сакратаром і паплечнікам Караля Вайтылы — Папы Яна Паўла ІІ. У кнізе-прызнанні, напісанай паводле размоваў Станіслава Дзівіша з Італьянскім журналістам Джан Франко Свідэркоскі, апавядаецца пра гады дзейнасці біскупа Вайтылы ў Польшчы (1966–1978) і гады яго пантыфікату (1978–2005). Кардынал Дзівіш апісвае гісторыю Вялікага Папы, падкрэсліваючы яго асабістую пазіцыю падчас вырашальных падзеяў, такіх як разбурэнне берлінскага муру ці 11 верасня. Падарожжы, палітыка, эпахальныя рашэнні, а таксама штодзённыя заняткі, малітва і хваробы — матэрыялы, якія малююць партрэт нашага вялікага сучасніка і якія ніколі не публікаваліся раней.

Паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.