14 снежня мінулага года ў Ватыкане адбылася сустрэча Святога Айца Бэнэдыкта XVI з архібіскупам Афінскім і ўсёй Элады Хрыстадулам, падчас якой іерархі падпісалі сумесную экуменічную дэкларацыю. Яшчэ да сустрэчы з Папам архібіскуп Хрыстадул сказаў, што ў справе дыялогу паміж католікамі і праваслаўнымі «час не церпіць».

Прымаючы грэцкага госця, Папа падкрэсліў неадкладную неабходнасць правядзення сумесных пастырскіх дзеянняў, «якія стануць для сучаснікаў сведчаннем нашай еднасці і дазволяць рэалізавацца надзеі, якую на нас ускладаюць». На думку Бэнэдыкта XVI, католікі і праваслаўныя аб’яднанымі намаганнямі павінны супрацьстаяць «паводзінам і законам, якія прыніжаюць чалавека і ставяць пад сумненне такія асноватворныя інстытуты, як сужэнства».

У адказ архібіскуп Хрыстадул адзначыў: «Неабходна развіваць супрацоўніцтва паміж усімі хрысціянамі Еўрапейскага Саюза, каб супрацьстаяць шматлікім пагрозам для веры — нарастаючай секулярызацыі, рэлятывізму і нігілізму», паколькі гэта падрывае каштоўнасці жыцця і сям’і.

У сумеснай дэкларацыі Папа Бэнэдыкт XVI і архібіскуп Хрыстадул лічаць супольным заданнем Касцёла і Царквы дыялог у праўдзе і аднаўленне поўнага адзінства веры ў любові. Іерархі выказваюць надзею на тое, што ў тэалагічным дыялогу будуць выкарыстаныя станоўчыя элементы, выпрацаваныя Другім Ватыканскім Саборам, і дапаможа сфармуляваць прапановы, прымальныя для абодвух бакоў. Яны заклікаюць да развіцця міжрэлігійнага дыялогу, а таксама да канкрэтных дзеянняў у абарону міру. У дэкларацыі адзначана, што рэлігіі ніколі не могуць быць крыніцаю нецярпімасці ці насілля.

Папа і архібіскуп звярнуліся да навукоўцаў з заклікам шанаваць сакральны характар чалавечай асобы і яе годнасць і разам з тым выказалі сваю занепакоенасць у сувязі з эксперыментамі на чалавечых эмбрыёнах. Іерархі жадаюць, каб больш эфектыўна былі абаронены асноўныя правы чалавека. Яны выяўляюць жаданне плённага супрацоўніцтва з мэтаю дапамагчы еўрапейцам адкрыць хрысціянскія карані свайго кантынента. Да багатых дзяржаваў Папа і кіраўнік грэцкай Царквы звяртаюцца з заклікам праявіць больш салідарнасці з краінамі, якія знаходзяцца на шляху развіцця. Яны таксама жадаюць супрацоўніцтва католікоў і праваслаўных дзеля развіцця грамадства. У супольнай дэкларацыі яны заклікаюць вернікаў абедзвюх канфесій быць нястомнымі сведкамі Божай любові.

Як знак добрай волі Бэнэдыкт XVI перадаў архібіскупу Хрыстадулу, а ў яго асобе ўсёй грэцкай Царкве, каштоўную рэліквію: некалькі звенняў ланцуга, у які быў закаваны апостал Павел падчас зняволення ў рымскай цямніцы. Менавіта гэты нястомны прапаведнік Евангелля з’яўляецца заснавальнікам Царквы ў Грэцыі. З 18 па 25 студзеня, калі адзначаецца свята навяртання святога Паўла, якога называюць Апосталам народаў і Апосталам адзінства, у Касцёле праходзіць тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў.

Паводле матэрыялаў
інфармацыйных агенцтваў.