Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Попел

На ўскрайку лесу расце жывакост. Так сваявольна паскручваны ягоныя лісты. Так зграбна выгнута і моцна сфармавана стройнае сцябло. Кветкі нібы выразаныя з цяжкага шоўку, а іх сіняя барва так ззяе бляскам каштоўных камянёў, што напаўняе ўсё паветра навокал. І ўявіце цяпер, што прыйшоў бы сюды нехта і сарваў кветку, а потым, калі яна яму надакучыла, кінуў бы яе ў агонь... Кароткае імгненне — і ўся гэта ззяючая раскоша ператварылася б у вузкую палоску шэрага попелу.

Аднак тое, што зроблена тут за кароткае імгненне полымем, зноў і зноў робіць час з усім, што жывое: з вытанчаным папаратнікам, са стройнай дзіваннай, з магутным дубам. Ён робіць гэта з лёгкім матыльком і з імклівай ластаўкай. З жвавай вавёрачкай і з грузным быком; заўсёды гэта адбываецца таксама, толькі хутчэй ці больш павольна; будзе гэта ў выніку раны альбо хваробы, ад агню альбо голаду, альбо ад нечага іншага — кожнае квітнеючае жыццё аднойчы стане попелам.

Ад моцнай постаці застанецца толькі жменька сыпкага пылу, якую развее нават самы лёгкі парыў ветру. Ад ззяючых барваў — шараваты парашок. Ад жыцця, поўнага цяпла і адчуванняў, — марная, мёртвая зямля; нават менш чым зямля: толькі попел!

Тое самае адбываецца і з намі. Якая дрыготка ахоплівае нас, калі мы глядзім у адкрытую магілу і бачым побач з рэшткамі касцей жменьку шэрага попелу.

«Памятай, чалавеча:
што ты — прах,
і ў прах вернешся!»

Тленнасць — вось што азначае попел. Нашу тленнасць, не некага іншага. Нашу, маю! Пра маю тленнасць гаворыць мне святар, калі на пачатку Вялікага посту крэсліць мне на ілбе крыж попелам з галінак мінулагодняй Пальмовай нядзелі — галінак, якія некалі зелянелі:
«Memento, homo,
quia pulvis es
et in pulverem reverteris!»

Усё стане попелам. Мой дом, маё адзенне, посуд, грошы; палі, лясы і лугі. Сабака, які бяжыць побач са мною, і хатняя жывёла ў хляве. Рука, якою я пішу, і вочы, якія чытаюць, і ўсё маё цела. Людзі, якіх я любіў; і людзі, якіх я ненавідзеў; і людзі, якіх я асцерагаўся. Тое, што на зямлі здавалася мне вялікім, і тое, што здавалася малым, і тое, што здавалася годным пагарды, — усё стане попелам, усё...

 
Працяг у нумары №3(143) 2007 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.