Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі (Ян 19, 37)

(...)
Любоў Бога — «агапэ» і «эрас»

Паняцце «агапэ», якое шмат разоў сустракаецца ў Новым Запавеце, адносіцца да ахвярнай любові, якая шукае толькі дабра для іншага; а слова «эрас» азначае любоў асобы, якая жадае атрымаць тое, чаго ёй не хапае, і жадае з’яднацца з тым, каго любіць. Любоў, якою любіць нас Бог, гэта, несумненна, «агапэ», бо хіба можа чалавек даць Богу нейкае дабро, якога Ён яшчэ не мае? Усё, чым з’яўляецца і што мае чалавек — створаная істота, — гэта Божы дар, а таму гэта стварэнне ва ўсім адчувае патрэбу ў Богу. Але Божая любоў гэта таксама «эрас». У Старым Запавеце Творца сусвету праяўляе да народа, які Ён выбраў, любоў, вышэйшую за любое чалавечае разуменне. Прарок Осія паказвае гэтую палымяную Божую любоў у смелых вобразах, такіх як любоў мужчыны да блудніцы (пар. 3, 1–3); Эзэхіэль жа, гаворачы пра адносіны Бога з народам Ізраэля, не баіцца карыстацца словамі, поўнымі палымянасці і страсці (пар. 6, 1–22). Гэтыя біблейскія тэксты паказваюць, што «эрас» прысутны ў сэрцы Бога: Усемагутны чакае адказу «так» ад сваіх стварэнняў, як малады жаніх чакае адказу «так» ад сваёй каханай. На жаль, з самага пачатку чалавецтва, падманутае хлуснёю злога духа, замкнулася ад Божай любові ў зманлівай упэўненасці ў самадастатковасці, якая немагчыма (пар. Быц 3, 17). Замыкаючыся ў сабе, Адам аддаліўся ад той крыніцы жыцця, якою з’яўляецца сам Бог, і стаў першым з тых, «хто ўсё жыццё быў зняволены страхам перад смерцю» (Гбр 2, 15). Аднак Бог не адступіўся, больш за тое, «не» чалавека стала як быццам вырашальным фактарам у тым, што Бог адкрыў сваю любоў з усёю яе адкупляльнаю сілаю.

 
Крыж адкрывае паўнату Божай любові

Менавіта ў таямніцы крыжа поўнасцю адкрылася бязмежная моц міласэрнасці нябеснага Айца. Каб зноў вярнуць любоў свайго стварэння, Ён згадзіўся заплаціць найвышэйшую цану крыві свайго Адзінароднага Сына. Смерць, якая для першага Адама была знакам крайняй самотнасці і немачы, такім чынам ператварылася ў найвышэйшы акт любові і свабоды новага Адама. Таму можна паўтарыць за Максімам Вызнаўцам, што Хрыстус «памёр, калі можна так сказаць, па-боску, таму што памёр дабравольна» (Ambiguorum liber, 91, 1956). У крыжы праяўляецца Божая любоў (эрас) да нас. Бо «эрас» — як гаворыць Псеўда-Дыянісій — гэта тая сіла, «што не дае любячаму заставацца самому ў сабе, а схіляе яго яднацца з каханаю асобаю» (De divinis nominibus, IV, 13: PG 3, 712). Ці ж ёсць больш «неўтаймаваны эрас» (Н. Кабасілас, Пра жыццё ў Хрысце) за той, які ўчыніў, што Сын Божы з’яднаўся з намі так моцна, што ўзяў на сябе наступствы нашых злачынстваў і цярпеў за іх?

 
«Той, Каго прабілі»

Дарагія браты і сёстры, мы глядзім на прабітага Хрыста на крыжы! Ён — найбольш уражальнае адкрыццё любові Бога, той любові, у якой «эрас» і «агапэ» зусім не супрацьстаяць адно аднаму, а асвятляюць адно другое. На крыжы сам Бог выпрошвае любоў свайго стварэння, ён прагне любові кожнага з нас. Апостал Тамаш пазнаў у Езусе Пана і Бога, калі ўклаў руку ў рану ў Яго баку. Нічога дзіўнага ў тым, што шмат святых бачылі ў Сэрцы Езуса найбольш кранальны выраз гэтай таямнічай любові. Наогул, можна было б сказаць, што адкрыццё «эраса» Бога да чалавека насамрэч з’яўляецца найвышэйшаю праяваю Яго «агапэ». Сапраўды, толькі такая любоў, у якой бескарыслівы дар самога сябе, злучаны з палымяным жаданнем узаемнасці, прыносіць тую асалоду, дзякуючы якой самыя цяжкія ахвяры становяцца лёгкімі. Езус сказаў: «Я, калі буду ўзняты над зямлёю, усіх прыцягну да сябе» (Ян 12, 32). Пан прагна жадае, каб мы ў адказ перадусім прынялі Яго любоў і дазволілі Яму прыцягнуць нас. Аднак не дастаткова толькі прыняць Яго любоў. На гэтую любоў трэба адказаць узаемнасцю, а потым старацца перадаваць яе іншым: Хрыстус «прыцягвае мяне да сябе», каб з’яднацца са мною, каб я навучыўся любіць братоў такою самаю любоўю, якою любіць Ён.
(...)

Ватыкан, 21 лістапада 2006 г.
Бэнэдыкт XVI, Папа