Напрыканцы мінулага года ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Марыі Панны ў Мінску прайшлі арганныя канцэрты ў гонар святой Цэцыліі — апякункі касцёльнай музыкі і музыкаў. Вось што расказаў пра гэта галоўны арганіст і дырыжор архікатэдры Уладзімір Неўдах.
 

— Ужо год як нас радуе сваім гучаннем новы арган, пабудаваны вядомай аўстрыйскай фірмай «Pfluger» . Гэты інструмент, як вядома, з’яўляецца падарункам аўстрыйскага епіскапата нашаму архікатэдральнаму касцёлу. Акрамя сваёй асноўнай задачы суправаджаць набажэнствы, гэты інструмент мае ўсе якасці для таго, каб і ў пазалітургічны час збіраць людзей у касцёле, чараваць сваімі гукамі, каб мітуслівы штодзённы шум раствараўся ў магутным і ласкавым гучанні аргана. Пасля ўрачыстага асвячэння аргана, галоўнага алтара і каранацыі абраза Маці Божай у галоўным алтары з’явілася магчымасць выкарыстоўваць гэты інструмент у пазалітургічных падзеях. Так і ўзнікла ідэя правядзення маленькіх фестываляў, якія прызначаны на кожнае літургічнае свята ў літургічным годзе. Усе нашы вечары духоўнай музыкі маюць назву «Музыка сакра». Пад гэтай назвай аб’ядноўваюцца і адзінкавыя канцэрты, і невялікія цыклы. Як і ў мінулым годзе, так і ў гэтым праходзяць вечары калядных віншаванняў, а ўвосень — цыкл вечароў, прысвечаных святой Цэцыліі. Усе канцэрты ў нас праходзяць бясплатна, і тыя музыканты, якія згодны сюды прыехаць і выканаць канцэртную праграму, гэта, сапраўды, энтузіясты, у асноўным, мае даўнія сябры, калегі, якія робяць усім нам такія вялікія падарункі.

Свае арганныя канцэрты далі тры арганісты: Ёахім Айхгорн з Германіі, Магдалена Чайка з Польшчы і Даля Ятаўтайтэ з Літвы. Мы прапануем чытачам кароткую размову з імі.
 

Размова з Ёахімам Айхгорнам, царкоўным арганістам,
кіраўніком хора ў саборы ў Ветцлары (Германія)

— Раскажыце, калі ласка, калі Вы пачалі іграць на аргане?

— На аргане я навучыўся іграць у трынаццаць гадоў. Я вучыўся тады яшчэ ў школе. І я так захапіўся гэтай ігрой, што пазней ужо з’явілася жаданне зрабіць гэта будучай прафесіяй. Тады і захапіўся царкоўнай музыкай.

— Якія кампазітары для Вас самыя любімыя?

— Наконт любімых кампазітараў цяжка сказаць, але мне вельмі падабаецца творчасць Іагана Себасцьяна Баха, таксама вельмі люблю старых нямецкіх майстроў, такіх, напрыклад, як Дзітрых Букстэхудэ і Нікалаус Брунс. Вельмі падабаюцца прадстаўнікі старой французскай музыкі: Клерамбо, Купэрэн, Нікалаус Д’Грыньі... Таксама люблю старыя італьянскія творы, але перш за ўсё рамантычную музыку: нямецкую альбо французскую рамантыку. Безумоўна, люблю і сучасную музыку, але, як ужо казаў, і музыку дваццатага стагоддзя: асноўнае — гэта старая музыка.

— А якія творы Вы звычайна выконваеце?

— Мы як кампазітары валодаем рознымі формамі выканання. Я з задавальненнем іграю ўсе формы. Зразумела, гэта такаты, прэлюдзіі і фугі, харальныя творы розных відаў. На гэты раз у касцёле я буду выконваць асаблівы цыкл з вялікіх харальных апрацовак, які завецца «Арганная меса» і быў створаны Бахам па «Катэхізме» Марціна Лютэра. Усе творы я не магу ўспомніць, але ўсе я выконваю з задавальненнем.

— Гэта Ваша першае турнэ? Вы былі ў Беларусі раней?

— Мы маем сяброўскія кантакты з моладзевым хорам з Віцебска. (Сам я таксама маю хор у Ветцлары.) З віцебскім хорам мы пазнаёміліся на 14-годдзі вялікага праекту «Бахаўскія Каляды». Гэта мерапрыемства праводзілася і ў Германіі, і тут, на Беларусі. Таксама маем сяброўскія кантакты з Ксеніяй Пагарэлай з Полацка. Дзякуючы гэтым кантактам мы сумесна арганізоўваем арганныя канцэрты. Ксенія Пагарэлая некалькі разоў сама была ў Германіі, а гэта мой чацвёрты візіт у якасці арганіста на Беларусь.

Свой першы канцэрт я даваў у Полацку ў канцы 90-х , потым у 2000 годзе (год Баха) я выконваў вялікую праграму таксама ў Полацку, пасля, ужо праз два гады, у мяне быў канцэрт у зале камернай музыкі ў Мінску. Цяпер я даю ўжо чацвёрты арганны канцэрт у Беларусі. У гэты час з хорам робіцца сумесны пяты праект.
 

Размова з Магдаленай Чайкай,
прафесарам Варшаўскай акадэміі музыкі імя Ф. Шапэна.

— У Польшчы людзі ў большасці каталіцкага веравызвання. А як у вас цяпер: ці ёсць шырокая зацікаўленасць арганнай музыкай, у прыватнасці, у моладзі?

— Арганная музыка напоўнена ўражаннямі і хваляваннямі. Калі людзі прыходзяць на канцэрт флейціста альбо скрыпача, яны пакідаюць свае думкі і любуюцца толькі выкананнем. З арганнай музыкай усё крышачку інакш. Здавалася б, няма двух аднолькавых арганаў, якія можна было б параўноўваць, але існуе шмат розных параметраў, якія параўноўвае сам слухач. Гэта і само гучанне інструмента, і знешні выгляд. Аднолькавыя арганы маюць аднолькавыя рэгістры, на іх выконваюцца аднолькавыя творы і толькі арганіст, змяняючы рэгістры, можа змяніць гучанне твора.

На жаль, у школе цяпер увогуле няма заняткаў па музыцы. Праўда, ёсць яшчэ гадзіна, але таксама не ва ўсіх школах, якая называеццца «Мастацтва», дзе даюць агульнае ўяўленне пра ўсю музыку. Настаўнік павінен вельмі часта паказваць гучанне аргана ў самім касцёле.

Ёсць цяга да арганнай музыкі, але я не сказала б, што менавіта ў моладзі. Звычайна гэтай музыкай цікавяцца нашы студэнты.

— Вы ў Беларусі ўпершыню? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі.

— У Беларусі я другі раз. Да гэтага была ў Полацку. Павінна сказаць, што заўсёды, калі даю канцэрт, бачу вельмі зычлівыя, мілыя, заўсёды адкрытыя твары людзей. Мае бацькі, як і ўся мая сям’я, паходзяць з Львова. Шмат цікавага пра Беларусь я ведаю з аповедаў маіх бабулі і матулі. Тут вельмі прыгожа, незвычайна прыгожа. Калі б я мела больш часу, то праехала б па ўсёй Беларусі на веласіпедзе... Я проста б паразмаўляла з людзьмі, якія жывуць у горадзе і асабліва з людзьмі, якія жывуць у вёсцы, у якіх больш часу і магчымасцяў пабыць з прыродай сам-насам.

— Што для Вас значыць арганная музыка?

— Гэта музыка, якая дапамагае музыканту дыхаць музыкаю. Музыка, якая выпраменьвае святло са сцэны. У храме арган выконвае вялікую ролю, бо ён дае музыку. Арганіст тут не важны, ён безасабовы. Музыка дае новае дыханне, радасць. І не трэба ніякіх эфектаў публікі, якогасьці руху для таго, каб стварыць сапраўдную музыку. Галоўная задача, якая стаіць перад арганістам, удыхнуць гэту музыку ў сябе і найлепшым чынам перадаць яе слухачу..
 

Размова з Даляй Ятаўтайтэ, выкладчыцай Каўнаскай кансерваторыі,
кіраўніком «Цэнтра рэлігійнай музыкі» ў Каўнасе.

— Раскажыце, калі ласка, як развіваецца арганная музыка ў Літве?

— Арганная музыка ў нас зусім маладая, а яе распачынальнікам можна назваць Йозаса Наўяліса. Вось такая кароткая гісторыя.

— А як Вы ацэньваеце якасць аргана ў мінскай катэдры?

— Такі інструмент ва Усходняй Еўропе, я лічу, рэдкасць. І ўвогуле, напэўна, можна сказаць, што гэта унікум. Гэты інструмент ва ўсіх сэнсах выдатны: і па тэхнічных дадзеных, і па гучанні, і па акустыцы. Спрацавана ўсё цудоўна. Проста варты найвышэйшай пахвалы!

— Як Вы лічыце, чаму людзі ў наш час працягваюць наведваць канцэрты арганнай музыкі? Здаецца ж, зусім іншая эпоха...

— Цяжка сказаць. Па-першае, напэўна, таму, што яшчэ з часоў Моцарта арган называўся каралём усіх інструментаў, бо толькі ён мае такое мноства розных фарбаў і магчымасцяў. Ды і калі арган стаіць у касцёле, музыка ўспрымаецца зусім не так, як у канцэртнай зале. Ведаеце, гэтыя касцёльныя купалы... Напэўна, гэта найлепш спалучаецца: дух музыкі і гэта атмасфера.

— А як Вы ставіцеся да той тэндэнцыі, што арганная музыка цяпер выконваецца і на іншых музычных інструментах?

— Раней гэта ўвогуле ўспрымалася вельмі негатыўна. Навошта трэба іграць арганныя творы на акардыёне ці на скрыпцы? А цяпер, я, напрыклад, не бачу ў гэтым нічога страшнага, бо кожны інструмент мае магчымасць даць сваё гучанне. Аднак не варта забываць пра жаданне самога кампазітара: калі ён напісаў твор для аргана, то ён і даваў гучанне, уласцівае менавіта аргану.

— Якім кірункам у музыцы Вы аддаяце перавагу?

— У мяне няма пэўных прыярытэтаў. Слухаю тое, што падыходзіць па настроі ў дадзены момант.З вялікім захапленнем слухаю і выконваю французскую рамантыку: Маршэля Ідора, Берна, Франка...Вельмі падабаюцца французскія кампазітары.

— Што б Вы пажадалі беларускім слухачам і чытачам нашага часопіса?

— Музыка не можа супадаць з рэальным жыццём, таму што яна створана не для вырашэння праблем, а для ўнутранага жыцця. Жадаю ўспрымаць музыку так, каб яна ўплывала не толькі на ўнутраны стан чалавека, але і на тое, каб усе-усе-усе праблемы, якія ёсць навокал, адышлі ўбок.

Запісаў Ілля Лапато