2 сакавіка:
святой Агнешкі Чэшскай (Пражскай), законніцы

Нарадзілася ў Празе каля 1205 г. (1211 г. ?). Была дачкою чэшскага караля Пржэмысла Отакара І, пляменніцаю св. Ядвігі Сілезскай і стрыечнай сястрою св. Альжбеты Цюрынгскай. Калі ў 1230 г. памёр яе бацька, дзяўчына адмовілася ад каралеўскай годнасці і ад рукі імператара Фрыдрыха ІІ. У 1233 г. яна заснавала ў Празе кляштар кларысак (жаночая галіна францішканскага ордэна). Праз год, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Альжбета сама ў яго ўступіла і неўзабаве стала прыярысай кляштара. Яна вяла сяброўскую перапіску са св. Кларай Асізскай — захаваліся 4 іх лісты. Акрамя кляштара Агнешка заснавала ў Празе шпіталь імя св. Францішка, пры якім стварыла супольнасць, заданнем якой было служэнне бедным, хворым і падарожным. Папа Грыгорый ІХ надаў гэтай супольнасці правы закону. Агнешка памерла ў Празе 2 сакавіка 1282 г. Яе пачалі ўшаноўваць толькі ў ХІХ ст., а кананізаваў яе Папа Ян Павел ІІ у 1989 г.

 
5 сакавіка:
святога Герасіма, пустэльніка

Нарадзіўся ў Лікіі, на поўдні Малой Азіі. Быў адным з найбольш вядомых пустэльнікаў, якія жылі ў V стагоддзі. Пражыўшы пэўны час у пустыні разам са св. Яўфіміем Вялікім, Герасім заснаваў паселішча пустэльнікаў на беразе Ярдана, непадалёк ад Ерыхона. Жыццё пустэльнікаў, якіх было не менш за 70 чалавек, вызначалася выключнай аскезаю, а ўлюбёным вучнем Герасіма быў святы Кірыяк. Паданне апавядае, што пастаянным сябрам святога быў леў, якога Герасім аднойчы сустрэў у пустыні з параненаю лапаю і вылечыў яго. З таго часу леў хадзіў за старцам, як вучань, і манахі, здзіўляючыся яго розуму і пакоры, далі яму мянушку Ярдан. Герасім памёр верагодна 5 сакавіка 475 г. На абразах яго часцей за ўсё выяўляюць разам са львом, які не перажыў смерці старца і памёр на яго магіле.

 
9 сакавіка:
святога Дамініка Савіо

Нарадзіўся 2 красавіка 1842 г. у мястэчку Рыва дзі К’еры непадалёк ад Турына (Італія). У сямігадовым узросце прыняў Першую св. Камунію і ўжо тады напісаў, што хоча, каб яго сябрамі былі Езус і Марыя і што для яго лепш памерці, чым зграшыць. У 12 гадоў Дамінік трапіў у араторый св. Яна Боско ў Вальдоко і стаў улюбёным вучнем заснавальніка салезіянаў. Заўсёды паслухмяны, спакойны і радасны, ён вельмі сур’ёзна ставіўся да сваіх вучнёўскіх абавязкаў і чым толькі мог дапамагаў калегам: навучаў іх Катэхізісу, апекаваўся хворымі, сунімаў сваркі паміж вучнямі. Разам з тым юнак вёў напружанае духоўнае жыццё, напоўненае пакаяннем, і асабліва ўшаноўваў Багародзіцу і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Ён нават заснаваў Таварыства Беззаганнага Зачацця, для якога сам напісаў прыгожы статут. Усе яго памкненні былі скіраваныя на дасягненне хрысціянскай дасканаласці. Улетку 1856 г. у тых мясцінах выбухнула эпідэмія халеры, якая тады была невылечнаю хваробаю. Здаровыя, каб не заразіцца, пазбягалі ўсялякіх кантактаў з хворымі на халеру, і тыя былі асуджаны на смерць у самоце. Дон Боско прапанаваў найбольш смелым са старэйшых вучняў дапамагаць гэтым пакінутым людзям. Сярод дабравольцаў быў і Дамінік Савіо. У выніку ён таксама захварэў і быў вымушаны вярнуцца ў сям’ю, якая жыла ў Мандоніо. Там Дамінік Савіо памёр, яшчэ не маючы 15-ці гадоў. Кананізаваны ў 1954 г., ён з’яўляецца самым маладым святым сярод тых, якія не былі мучанікамі, а яго рэліквіі ўшаноўваюцца ў базыліцы Марыі Успамогі хрысціянаў у Турыне.