«Прагніце ў духу і з клопатам Марыі служыць кожнай асобе, якая з’яўляецца вобразам Хрыста».
Ян Павел ІІ да легіянераў.

 

Я ТУТ, МАРЫЯ...

З трох мільёнаў легіянераў Марыі на свеце каля тысячы працуюць у Беларусі. Яны маюць некалькі прэзідыумаў, якія ўваходзяць у курыю Маці Божай Кангрэгацкай.

Пры катэдры Францішка Ксавэрыя ў Гродне працуе адзін прэзідыум Маці Божай Тракельскай, у якім па ўласным жаданні, з паслухмянасцю салдатаў на службе веры, годна прадстаўляюць і працавітасць, і духоўнасць 10 сёстраў і адзін брат — Ігар. (У Легіёне адзін аднаго называюць брат і сястра.)

Мінулы год для гродзенцаў быў часам выпрабавання. 27 мая 2006 года прыехала ад Каміцыума сястра Марыя з Маладзечна і ў канцы Імшы на беларускай мове зрабіла кароткую інфармацыю пра апостальства свецкіх, якое нарадзілася ў Ірландыі, у Дубліне, 7 верасня 1927 года (яно было створана Фрэнкам Даффам).

Запрасіла на арганізацыйнае спатканне. Людзі прыходзілі і сыходзілі. Іх расчароўвала строгая паслядоўнасць спатканняў: малітва ў пачатку, 5 дзесяткаў Ружанца, пераклічка, чытанне і абмеркаванне статута, казанне духоўнага кіраўніка, абмеркаванне пратакола, справаздача за мінулы тыдзень і новыя заданні — малітоўныя і практычныя. Зноў шчырая малітва на заканчэнне.

Духоўны кіраўнік напамінае, што ў Легіёне Марыі, як ва ўсім Касцёле, Божая дэмакратыя называецца тэакратыяй. Легіянеры павінны клапаціцца пра свой духоўны фундамент, пра свой аўтарытэт у свецкім жыцці, у іх ёсць адна прывілея — дбаць пра асабістую святасць, здабываючы аўтарытэт словам і справай.

Маліцца — гэта цяжкая праца душы. Праз малітву напаўняецца духоўная скарбонка Касцёла. Малітва, як вядома, нябачная, і яе вынік Богам не дэманструецца, бо яна — Божая таямніца. Бог лічыцца з воляй чалавека і дае яму час паблукаць у лабірынтах жыцця. Кожная малітва Богам пачутая і прынятая. Трываласць малітвы змушае Пана Бога да ласкі. Чаму такі вынік даюць малітвы да Маці Божай? Яна перадае іх Богу, якога аглядае твар у твар штодзённа, і няспынна моліцца...

Прыехала з Мінска ў Гародню на працу сястра Людміла, якая мае стаж легіянера 5 гадоў. З Эміляй, якая кіруе прэзідыумам, яны пайшлі па жаночых кансультацыях. Моляцца і далікатна размаўляюць з маладымі мамамі пра тое, які неацэнны скарб дае ім Бог. Перад гэтым ім даводзіцца пра тое самае размаўляць з галоўным урачом, які лічыць, што для шчасця дастаткова аднаго дзіцяці і што мініаспірацыя — гэта не забойства, маўляў, аборт Бог даруе, бо Ён добры.

Нядаўна давалі прысягу родныя сёстры Ірэна і Анастазія. У сваіх працоўных асяродках яны ўгаворваюць сужэнцаў браць касцёльны шлюб, наведваюць адзінокую старую жанчыну, інтэрнат для дзяцей сіротаў, бальніцы.

Сястра Марына вучыцца ў катэхетычным інстытуце, з назарэтанкай Стэлай яны наведваюць бальніцу, каб запісаць тых, хто можа ісці на Імшу, а да каго трэба прыйсці ксяндзу ў палату.

Марына праводзіць «разведку» па палатах, каб ведаць, куды найперш трэба ісці сёстрам, каб сумесна з хворымі маліцца за іх здароўе, каму прынесці малітвы, часопісы. У аддзяленні, дзе лечаць зрок, дзяўчаты самі чытаюць хворым.

Сястра Наталля працуе ў калегіі адвакатаў, яе сын Жэня служыць міністрантам.

Сястра Часлава працуе інжынерам ліфтавай гаспадаркі, да прыходу ў легіён яна апекавалася сіротамі адна.

Сястра Аня наведвае малітоўныя спатканні з дзецьмі Уладзікам і Стаськай. На ружанцах дзеткі хораша моляцца з дарослымі.

Такое адчуванне, што гэта Бог іх выбірае і прыводзіць проста са святой Імшы ў залу Андрэя Баболі, як сведкаў таго, што вера — гэта вельмі канкрэтная справа і такі погляд на свет, і такі спосаб жыцця, дзе ўсё мае сэнс.

Курыя Маці Божай Кангрэгацкай утворана ў лістападзе. 13 студзеня мне дазволілі прысутнічаць на сходзе курыі.

Старшыня Тэрэза Вашчыла дынамічна вяла сход. Прэзідыум Маці Беззаганнай з Ліды даваў справаздачу за год. У канцы мінулага года лідчане Слабодкі святкавалі 10-гадовы юбілей свайго прэзідыума. У іх 9 актыўных легіянераў, 41 сябра малітоўнай падтрымкі. Яны вельмі шырока ахапілі сваёй малітоўнай апекай увесь горад (і месцы, дзе людзі церпяць ад болесцяў, і вуліцы), праводзяць Крыжовы шлях, упрыгожваюць алтар, развешваюць на вялікія святы сцяжкі, раздаюць прадукцыю выдавецтва «Про Хрысто», ходзяць у пілігрымкі ў Будслаў, Тракелі і Першамайскі, праводзяць рэкалекцыі і рыхтуюць людзей да першай споведзі.

Пры фарным касцёле ў Лідзе таксама ёсць прэзідыум Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Лідчане сустракаліся з с. Патрыцыяй з Ірландыі і с. Элізабет з Аўстрыі.

Старшыня курыі Тэрэза Вашчыла сказала, што ў легіёне ўсё яе жыццё. Дзякуючы яму яна прымае Камунію кожны дзень. Але ў яе ёсць і добрая сям’я — бацькі, муж і сын, якога ёй выратавала пры родах Маці Божая. Тэрэза выкладае музыку ў школе.

... Наша штодзённасць пранікнута малітвай аб міласэрнасці Божай да ўсіх людзей свету. З малітвай мы адчуваем, як паўстае і квітнее наш малітоўны народ. Ніякія палітычныя жахі нас не палохаюць, таму што ў руках мы маем зброю — Ружанец, а на вуснах — малітву.

Магутны малітоўны дэсант Легіёна Марыі — гэта станцыя пераказвання просьбаў ад людзей да Бога і Божай волі ад Бога да людзей.

Данута Бічэль, Гродна

 

ШЧАСЛІВЫ АДЫХОД

У адзін з прэзідыумаў Легіёна Марыі ў Мінску звярнулася жанчына, якая папрасіла дапамогі для сваёй анкалагічна хворай знаёмай. Легіянеры наведалі хворую. Аказалася, што гэта 54-гадовая жанчына нават не ахрышчана і хрысціцца не збіралася, гаворачы, што не гатова да такога кроку. Між тым нават не медыкам было відаць, што жыць ёй заставалася нядоўга. Ведаючы, якія цуды робіць медалік Беззаганнай Панны Марыі, легіянеры ўгаварылі жанчыну прыняць яго. Хворая ахвотна павесіла медалік на шыю, але ад далейшых сустрэч з легіянерамі адмовілася, спасылаючыся на стомленасць. Легіянеры маліліся за сваю падапечную, ахвяравалі святую Імшу за яе. І цуд здарыўся – жанчына папрасіла аб сакрамэнце хросту. Легіянеры прывезлі ксяндза, і ён ахрысціў хворую, удзяліўшы ёй таксама сакрамэнты святой Камуніі і намашчэння хворых. Асвяціў кватэру. Жанчына цалкам перамянілася. Усе тры тыдні, што яшчэ пражыла, яна не пераставала дзякаваць Пану Богу за атрыманыя ласкі. А яе адыход у вечнасць для тых, хто быў побач, стаў прыкладам сапраўднай хрысціянскай веры.

 

ВЯРНУЛАСЯ Ў КАСЦЁЛ

Амаль 10 гадоў прадстаўнікі Легіёна Марыі ў Мінску наведваюць 1-ю клінічную бальніцу, у асноўным, анкалагічнае аддзяленне. Хворыя, у большасці сваёй, вельмі ўдзячны ім за маральную і духоўную падтрымку.

Неяк у адной з палатаў легіянеры сустрэлі 85-гадовую жанчыну, якая сказала, што ў дзяцінстве была ахрышчана ў Касцёле. Памятае, як у белай сукеначцы дзяўчынкай удзельнічала ў працэсіі на свята Божага Цела. Рана засталася сіратою, і далейшае яе жыццё было ўжо без Касцёла.

Дзесьці гадоў 30 таму яна трапіла ў хрысціянскую супольнасць адвентыстаў 7-га дня, але на схіле гадоў усё часцей думае пра Касцёл, стараецца слухаць па радыё нядзельную святую Імшу. Сказала, што душа прагне споведзі.

Легіянеры пачалі наведваць гэту бабульку. Разам моляцца, чытаюць Святое Пісанне. Ганна Феліксаўна (так яе завуць) павесіла на шыю цудоўны медалік Маці Божай, аднак доўга не асмельвалася на афіцыйнае вяртанне ў Каталіцкі Касцёл праз малітву «Веру...». Легіянеры неаднаразова ахвяроўвалі ў яе інтэнцыі святую Імшу, самі маліліся. І вось перад святам Божага Нараджэння жанчына папрасіла прывезці да яе ксяндза. Праз Сімвал веры, які яна прачытала ў прысутнасці святара, праз святыя сакрамэнты споведзі, Камуніі, намашчэння хворых, жанчына вярнулася ў супольнасць Каталіцкага Касцёла.

 

У АПОШНІЯ ХВІЛІНЫ ЖЫЦЦЯ...

У анкалагічным аддзяленні 1-й клінічнай бальніцы Мінска легіянеры спаткалі маладую жанчыну, якая практычна памірала. Пры размове высветлілася, што яна ніколі не была ў споведзі. Легіянеры тут жа памаліліся Вяночак да Божай Міласэрнасці, падаравалі хворай цудоўны медалік Беззаганнай Панны Марыі. Дамовіліся, што пэўнага дня прыдуць з праваслаўным святаром, бо яна праваслаўная. Але напярэдадні візіту святара легіянерам паведамілі, што Ларыса (так звалі хворую) у рэанімацыі, бо ёй зрабілі тэрміновую аперацыю. Дзякуй Богу, яна тады не памерла. Легіянеры наведалі Ларысу, калі тая была ўжо ў агульнай палаце. Зноў дамовіліся на канкрэтны дзень, каб прыйсці са святаром, аднак напярэдадні вечарам патэлефанавала сястра Ларысы і сказала, што тая ў рэанімацыі і надзеі на папраўку ўжо няма.

Легіянеры, якія апекаваліся Ларысай, спачатку вельмі разгубіліся, але потым сталі маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці, і раптам прыйшло азарэнне – трэба змагацца да канца. Яны патэлефанавалі святару, і той сказаў, што зараз жа паедзе ў шпіталь і паспрабуе прайсці ў рэанімацыю – па прафесіі ён доктар і шмат каго там ведае. На дварэ стаяла зімовая сцюжа, а гадзіннік паказваў 23.00. Легіянерам сказаў, каб маліліся дома, бо ўсё роўна ў рэанімацыю не пусцяць. Намаганні легіянераў і сапраўдная ахвярнасць святара зрабілі амаль неверагоднае – бацюшка Аляксандр трапіў да хворай.

Ларыса была пры памяці і вельмі ўзрадавалася гэтаму візіту. Яна шчыра выспавядалася з усяго жыцця, прыняла святое Прычасце. На наступны дзень адышла ў вечнасць.

Сястра Галіна