У невялікім гарадскім пасёлку Полаччыны Ветрыне касцёл з’явіўся нядаўна. Нельга сказаць, што ветрынцы па ім моцна сумавалі. Для большасці з іх хрысціянства найчасцей асацыіруецца з багатым сталом на вялікае свята ды яшчэ са свянцонай вадой. Праўда, ёсць купка вернікаў, для якіх касцёл азначае штосьці нашмат большае. Гэтая купка і стала актывам парафіі благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, пазней да яе далучыліся яшчэ некаторыя ветрынцы ды жыхары суседніх вёсак. Але і цяпер чакаць вялікага натоўпу, якому раптам стала б цесна ў невялічкім касцялку, не даводзіцца. Не так гэта проста — зварухнуць людскія душы ад духоўнага сну, паняверкі ды ляноты.

Касцёл у Ветрыне хоць і невялікі, але даволі ўтульны, светлы й прыветны. Памятаю, як адзін чыноўнік на ўрачыстасці яго кансэкрацыі сказаў, што гэта самы прыгожы будынак у Ветрыне. І з ім нельга не згадзіцца. Ды, на жаль, раскрытыя ў зычлівым жэсце рукі Маці Божай на франтоне касцёла ды фігура Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса на высокай камяністай горцы на касцёльным пляцы пакуль што мала да каго ў Ветрыне прамаўляюць. Большасць ветрынцаў, занятыя сваімі штодзённымі справамі, абыякава праходзяць паўз іх, як, зрэшты, і паўз ветрынскую царкву. У рай, як сцвярджае народная мудрасць, сілком не зацягнеш. Да таго ж, рай — аддаленая перспектыва і да яе трэба яшчэ добра папрацаваць. Вось гэта больш за ўсё і адштурхоўвае, бо прынцып «няхай будзе, як было» не сказаць каб перспектыўны, але, на жаль, даволі папулярны сярод нашага люду, не надта ахвочага да пераменаў.

Нейкія сумныя ды песімістычныя нататкі атрымліваюцца ў мяне пасля адпустовага фэсту ў Ветрыне 27 студзеня, на якім, калі б не прыехалі суседзі з Фарынава, Полацка ды Наваполацка, было б даволі прасторна. Ніякага адкрыцця я тут не зрабіла. І ўсё ж не магу забыцца на радасна-трапяткое адчуванне, што заўсёды напаўняе сэрца, калі едзеш паўз гэты касцёл. Ён і сапраўды ўспрымаецца нейкай цудоўнай выспай у Ветрыне, бо заўсёды памятаеш: тут, на гэтай бялюткай выспе, штодня справуецца Найсвяцейшая Ахвяра Хрыста, а значыць, у тых, хто ўсё яшчэ спіць, ёсць шанец абудзіцца. Нібы ва ўнісон маім думкам на фэсце гучала калядка: «Не спі, абудзіся, Хрыстос нарадзіўся, з неба радасць прамяніцца…».

А яшчэ з удзячнасцю думалася пра тых, хто не паленаваўся не надта прыветным днём прыехаць у Ветрына, каб разам з тутэйшымі парафіянамі маліцца ва ўрачыстасць апекуна іхняга касцёла, благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча. Так яно вось і ёсць: некаму лянота перайсці цераз дарогу ў святыню, а хтосьці дзеля гэтага ж гатовы ехаць за няблізкі свет. Што гэта, калі не ўздзеянне Божай ласкі, за якую нам, хто здолеў абудзіцца ад духоўнага сну, яшчэ дзякаваць ды дзякаваць?

Святую Імшу цэлебраваў генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель, разам з ім літургію служылі пробашч Віктар Місевіч, святары Ежы Зыгмунтоўскі з Празарокаў, Андрэй Кулік з Падсвілля ды Вячаслаў Барок, які ў свой час ствараў ветрынскую парафію ды так захапіўся гэтай справай, што і цяпер не лянуецца час ад часу прыязджаць сюды са сваіх Расонаў. Змястоўнае казанне пра сэнс святасці для сучаснага чалавека сказаў ксёндз Андрэй Кулік.

…Вярнуўшыся дахаты, разгарнула «Духоўны дзённік» благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча і на адной старонцы прачытала: «Вядома, прыемна працаваць сярод пабожных людзей з карысцю для іхняга духу і нялёгка падступіцца да тых, хто напоўнены прымхамі адносна Касцёла, хто не любіць яго… Мы абавязаны таксама і ім несці вучэнне Хрыста ды імкнуцца да выратавання іхніх душаў. Добры працаўнік у Хрыстовым вінаградніку не можа пакінуць неапрацаваным ніводнага лапіку зямлі, не акрапіўшы яго сваім потам…». Прачытала і падумала, што гэтыя словы нібы знарок напісаныя для ветрынскага пробашча Віктара Місевіча. Бо яму, які прыехаў сюды служыць з Гарадзеншчыны, дзе і ў савецкія часы касцёлы не пуставалі, а цяпер дык і ўвогуле перапоўненыя вернікамі, не надта, мабыць, лёгка працаваць у Ветрыне. Для гэтай службы асабліва патрэбныя і настойлівасць, і мужнасць, а асабліва вялікая вера, моцная надзея ды вялікая любоў да тае высакароднае справы, якой ён адважна прысвяціў жыццё. Не толькі для тых прысвяціў, хто не ўяўляе сабе жыцця без Бога і Касцёла, але таксама і для тых, хто ўсё яшчэ марудзіць ды не жадае расставацца з утульным для яго станам духоўнага сну. Дзе ж яму, маладому святару, браць для ўсяго гэтага патрэбныя сілы?

Гартаю далей дзённік Юрыя Матулевіча і чытаю такое: «Няхай прыкладам нам будзе Хрыстус, не толькі той, які працаваў у цішы назарэтанскага дома, які нёс за нас пакаянне і пасціўся сорак дзён на пустэльні, які праводзіў цэлыя ночы на малітве, але і той Хрыстус, які працаваў, наракаў, пакутаваў, Хрыстус сярод людскіх натоўпаў, які праходзіў цераз вёскі і гарады, наведваў грэшнікаў і праведнікаў, людзей вучаных і нявучаных, бедных і багатых, Хрыстус, які… шукаў згубленых авечак, Хрыстус, які пакутаваў, які быў гнаны і які быў змушаны хавацца ад нянавісці ворагаў». Прачытала такое і падумала, што вельмі ўдала, пад натхненнем Святога Духа быў выбраны для гэтай парафіі яе апякун, благаслаўлёны Юры Матулевіч, чалавек, які напоўніцу зведаў радасць людскога навяртання, цяжар расчаравання ад людской нявернасці, пыхі ды пустэчы, чалавек, які ставіў перад сабою задачу згарэць для Хрыста, як згарае на алтары свечка. Таму папросім яго, які цяпер радуецца сваім прабываннем у небе: «Благаслаўлёны Юры Матулевіч, маліся за гэты маленькі статак у вялікай аўчарні святога Касцёла, які ты так моцна любіў і дзеля якога не шкадаваў самага дарагога, чым надзяліў цябе Пан Бог».

Ірэна Задарожная.
Фота аўтара.