Адна з каталіцкіх парафій, што з’явілася на Віцебшчыне напрыканцы мінулага стагоддзя, — парафія святой Марыі Магдалены ў горадзе Новалукомль Чашніцкага раёна. Новалукомль — горад, які літаральна вырас на пустцы, але касцёльнае жыццё існавала тут здавён, з XVII стагоддзя, калі князь Ян Лукомскі пабудаваў у мястэчку Лукомль (цяпер гэта вёска побач з горадам) францішканскі кляштар. Менавіта тады была ўтворана ў гэтых мясцінах і каталіцкая парафія Святога Духа. У 1832 годзе кляштар быў зачынены, а ў 1868 г. — скасавана і парафія. Мінула 130 гадоў, і вось парафія адноўленая пад колішняй назвай тутэйшага, таксама некалі скасаванага, праваслаўнага прыходу — святой Марыі Магдалены, што сімвалізуе супольнасць нялёгкага шляху прадстаўнікоў абедзвюх канфесій да Бога, да веры. Пра тое, як паўставала сённяшняя парафія ў Новалукомлі, чым яна жыве цяпер, — наша размова са старшынёй парафіяльнага камітэта Аленай Юркайць.

 
— Спадарыня Алена, дык з чаго ўсё-ткі пачыналася парафіяльнае жыццё ў Новалукомлі?

— Пачнем з таго, што насельніцтва горада складаюць пераважна людзі нетутэйшыя, што прыехалі сюды ў 1964 годзе з розных куткоў СССР будаваць электрастанцыю. Зразумела, што былі сярод тых будаўнікоў прадстаўнікі розных веравызнанняў, у тым ліку і католікі. Безумоўна, у тыя часы і размовы не магло быць пра ўтварэнне парафіі, а недзе на пачатку 90-х дайшла да нас чутка, што ў Лепелі з’явіўся ксёндз, і мы пачалі ездзіць на святую Імшу ў Лепель. Маліліся, спавядаліся, а маладая пара Шаранговічаў нават узяла касцёльны шлюб.

— Тады, мабыць, і задумаліся, зважаючы, што Новалукомль — горад немалы, аб утварэнні ўласнай парафіі?

— Так. Але гэта было няпроста, бо трэба было выявіць католікаў, неяк арганізаваць. Вельмі шмат працаваў у гэтым накірунку Андрэй Мычык. Першая святая Імша адбылася на кватэры Ганны Пілецкай 10 лістапада 1996 года, і праводзіў яе ксёндз Мечыслаў Янчышын. На Імшы прысутнічала 11 вернікаў — няшмат, але ж дастаткова для таго, каб працягваць пачатае. Пачалі хадайнічаць перад мясцовымі ўладамі аб рэгістрацыі парафіі. Тым часам пачало збірацца ўсё больш і больш людзей, якія маліліся на кватэры Ядвігі Астроўскай, пакуль не атрымалі дазвол збірацца на Імшу ў памяшканні Дома культуры энергетыкаў.

— Увесь гэты час апекаваўся вамі, наколькі мне вядома, ксёндз пралат Мечыслаў Янчышын...

— О, трэба аддаць належнае гэтаму незвычайнаму чалавеку за яго ахвярную працу! Адправіць у адзін дзень сем разоў святую Імшу, праехаўшы дзеля гэтага сотні вёрст па тэрыторыі некалькіх раёнаў, — ці так гэта проста? Да нас у той час ксёндз Мечыслаў прыязджаў два разы на месяц, і ў тыя цудоўныя моманты супольнае малітвы мы так былі ўдзячныя яму за магчымасць вяртання да веры, да сваіх каранёў. А ў яго ж, апроч душпастырскіх, колькі яшчэ гаспадарчых клопатаў...

— Калі афіцыйна была зарэгістраваная парафія?

— 3 сакавіка 1998 года. Да снежня 2000 года мы збіраліся ў будынку ўсё таго ж Дома культуры, а на пачатку 2001-га, з пераездам на сталае жыццё ў Новалукомль кснядза Мечыслава, распачалася праца па падрыхтоўцы да будоўлі касцёла. Гарадскія ўлады выдзелілі нам дзеля гэтай мэты будынак колішняга завода напояў, які патрабаваў элементарнага прывядзення ў больш-менш прыстойны выгляд і, вядома ж, рэканструкцыі. Працы было шмат, але дзякуючы энтузіязму ксяндза і саміх парафіянаў будынак пакрысе мяняў аблічча. Двойчы прыязджаў да нас біскуп Уладзіслаў Блін, удзяляў сакрамэнт бежмавання, асвяціў крыж, падтрымліваў добрым словам. Нарэшце ў верасні 2004 года над горадам узняліся крыжы касцёла святой Марыі Магдалены.

— А каго б з парафіянаў вы маглі адзначыць як найбольш актыўнага ў гэты няпросты перыяд?

— Напэўна, Мар’яна Юркайця, які без перабольшання быў самым верным дарадцам ксяндза Мечыслава. Вельмі марыў дачакацца першай святой Імшы ў новым касцёле. На жаль, не дачакаўся — Бог паклікаў яго да Сябе.

— Распавядзіце, калі ласка, крыху пра ўнутрыпарафіяльнае жыццё. Якім бачыцца яно вам як парафіянцы і старшыні парафіяльнага камітэта?

— Такім, якім і павінна быць сярод людзей, што шчыра вераць у Бога і не забываюцца пра выкананне сваіх верніцкіх абавязкаў. Молімся ў святы і будзённыя дні. Кожны год 22 ліпеня ладзім фэст. Паспяхова дзейнічае ў нас Кола Ружанца. Вельмі цікава праходзіць дзень святога Мікалая. Падтрымліваем сувязі з іншымі парафіямі дыяцэзіі, арганізоўваем пілігрымкі. Будслаў, Ула, Друя, Мосар, Паставы — ва ўсіх гэтых мясцінах пабывалі нашы парафіяне, удзельнічалі мы і ва ўрачыстасці адкрыцця Непакалянава ва Удзеле. Дзеці нашы адпачываюць у дзеканальных летніках, у замежжы — у Аўстрыі, Польшчы. Не забываемся і на тых, хто стаяў ля вытокаў нашай парафіі: у 1999 годзе ўсталявалі крыж на забытых каталіцкіх могілках у Лукомлі і цяпер апякуемся імі.

— І, вядома ж, з вялікім нецярпеннем чакаеце дня, калі можна будзе засведчыць, што будынак касцёла святой Марыі Магдалены ў Новалукомлі канчаткова даведзены да ладу?

— Гэта будзе найвялікшая для нас падзея і найшчаслівейшы дзень у нашым жыцці. Не сумняваемся, што з такім пробашчам, як наш дбайны і энергічны ксёндз Мечыслаў, чакаць гэтага дня нам засталося не так доўга.

— Дзякую за гутарку. Поспехаў вам асабіста і ўсім парафіянам!

Франц Сіўко.
Фота з архіва парафіі.