Трэці раз за той дзень, 24 чэрвеня 2005 года, пад вокнамі інтэрната, у якім жыла сям’я новапалачанаў Захаравых, пранізліва заскрыгаталі тармазы машыны, пачуліся людскія крыкі. Хіба… зноў… аварыя?.. Лена застыла сярод пакою.

— Завесь шторы, — сказаў муж Сяргей.

Лена пайшла да вакна, а ў галаве пранеслася: «Шторы я завешу, а вось тое, што здарылася, — не». Матчына сэрца часта чуе тое, што няздольнае пачуць іншае...

У наступную хвіліну яны беглі ўніз, туды, дзе здарылася бяда. На дарозе, блізу машыны ляжала іхняя Дзіна — старэйшая дачушка.

Потым — хуткая дапамога, бальніца, аперацыйны стол. Чым яны маглі дапамагчы Дзіне? У тыя хвіліны, гадзіны, дні — нічым, апроч малітвы і веры. Некалькі дзён яны разам з малодшай Аняй хадзілі ўтраіх, моцна ўзяўшыся за рукі, быццам баяліся іх разняць, адным маршрутам: бальніца — царква — бальніца. Лена прасіла: «Божа! Дазволь мне выходжваць сваё дзіця!»

На аперацыйным стале ляжала іхняя Дзіна, а яны маліліся. Дзіна выжыла, хоць яе жыццё пад рукамі хірурга вісела на валаску. Аперацыю рабіў вопытны хірург Пётр Аляксеевіч Лысянкоў, якому давяралі і давяраюць свае жыцці сотні новапалачанаў і людзей з суседніх раёнаў. Праз два дні ў Наваполацк абследаваць Дзіну прыедзе нейрахірург з Віцебска Анатоль Валянцінавіч Рыхтэр, які зробіць чарговую аперацыю. Калі стаяла пытанне, які ўрач прыедзе, Лена паехала ў манастыр, да святой Еўфрасінні — прасіць там падтрымкі, бо разумела, што патрэбны вельмі добры спецыяліст. І пазней, калі ўрачы прымалі чарговае адказнае рашэнне, Лена таксама пабяжыць у царкву: дзякуй святару, які адклаў запланаваную паніхіду і разам з ёю маліўся за здароўе Іанны-Дзіны (дачка хрышчаная ў Праваслаўнай Царкве Іаннай). Доктар Рыхтэр неўзабаве скажа, што наваполацкія медыкі зрабілі цуд. І ўсё ж надзеі Захаравым ні ён, ні іншыя ўрачы даваць не спяшаліся. Затое мама Лена ўпарта казала і сабе, і ім, і ўсяму свету, што дачка будзе жыць!

Дзіна ляжала ў коме. Тыдзень. Другі. Трэці. Месяц… Дактары і медсёстры адводзілі ўбок вочы. А Лена ў іх і не пытала нічога. Яна зразумела: лёс яе дачкі вырашаецца ўжо не тут, не ў рэанімацыі, не гэтымі людзьмі, якія, калі б мелі сілы, напэўна б, дапамаглі.

…Праз паўтара месяца Дзіна ў рэанімацыі ледзь заўважна адплюшчыла вочы. Лена пабегла сказаць пра гэта ўрачам, і яны не паверылі. Адзін так і сказаў: «Пакуль не пабачу сам — не паверу». Убачыў. Убачылі і ўсе астатнія, якія прыгожыя ў Дзіны вочы. Медыцынскі персанал па чарзе бегаў глядзець на тое дзіва. Худзенькае чатырнаццацігадовае дзяўчо нерухома ляжала на ложку, маўчала і глядзела на іх. Ніхто не мог ведаць, што гэта значыць, але хіба што ўсе хацелі верыць: гэта — вяртанне.

 
Кажуць, для бяды хопіць аднаго кроку, а для выбаўлення — доўгая дарога. Захаравы ведаюць кошт гэткай дарогі. Для іх яна доўжыцца ўжо больш за паўтара года, і канчатку яе ні яны, ні медыкі пакуль не бачаць. За гэты час Дзіна падрасла, выцягнулася. Ёй ужо 16. Яна па-ранейшаму прыкутая да ложка. За гэты час бацькі не пачулі ад сваёй дачкі ніводнага гуку. Але сям’я не стамляецца верыць, не губляе надзеі і робіць усё магчымае і немагчымае для Дзінінага поўнага вяртання да жыцця. Ложа яе болю вельмі цяжкае. Сем месяцаў у бальніцы. Потым бацькі пераканалі медыкаў, што лепш будзе, калі яны забяруць дачку дахаты. Атрымалі такі дазвол і прывезлі Дзіну ў новую кватэру, у той пакой, які ёй тады спадабаўся, — Аня больш на яго не прэтэндавала. Лена гаворыць пра тыя працэсы, што адбываюцца з яе дачушкай, так, нібы скончыла медыцынскую акадэмію. Не адзін урач пытаўся ў яе за гэты час: «Вы медык?». А аднойчы чарговы кансультант яе дачкі, размаўляючы з Ленай, падняўся з крэсла і прамовіў: «Я павінен гаварыць з Вамі стоячы». Часам бацькі трапляюць у вельмі складанае становішча, калі ім даводзіцца прымаць адказнае рашэнне, бо думкі ўрачоў не заўсёды супадаюць. Часта Лена шукае адказы на складаныя пытанні ў малітве, а часам бяжыць да святара: «Каго мне слухаць?» Памятаю, якой шчаслівай вярнулася Лена з Віцебска, калі пасля адной такой надзвычай складанай сітуацыі праблему вырашыў кансультант з Нямеччыны. Ён шмат растлумачыў Лене пра тыя працэсы, якія адбываюцца з яе Дзінай, шмат чаму навучыў, а заадно таксама перапытаў, ці не медык яна. Не, яна не медык. Яна проста маці. Хоць слова «проста» не зусім тут падыходзіць, бо колькі ні бываю ў іхнім доме, увесь час лаўлю сябе на думцы, што нейкая надзвычайная Божая ласка спадарожнічае гэтым людзям. Божая ласка пры такой бядзе?! Ды дзе ж, у чым яе праявы?! Цяжка гэта вытлумачыць, але, на мой погляд, сям’я Захаравых з тых, на жаль, нямногіх сем’яў, у якіх адчуваецца, што ўсе і ўсё ў ёй невыпадковае. І найвыразней гэта стала бачна цяпер, у бядзе.

 
А зараз гаворка пойдзе пра самае галоўнае, пра… шчасце. Так, гэта неверагодна, але яно ёсць у гэтай сям’і нават цяпер. Яно ў любові, што лучыць іх усіх чатырох. У той цёплай атмасферы даверу, якая адчуваецца ў іхнім, дасюль яшчэ канчаткова не абсталяваным як след доме, бо ў той дзень, калі здарылася бяда, яны атрымалі нарэшце доўгачаканую кватэру. Разам з імі цяжкі крыж бяды нясуць і Сяргеевы бацькі. Маці штодня прыходзіць да іх і даглядае ўнучку ў той час, калі Лена з Сяргеем на працы, а Аня ў школе. А дзядуля тым часам адзін спраўляецца па гаспадарцы.

З дня на дзень, несучы разам з Дзінай яе цяжкі крыж, Лена, Сяргей і Аня здольныя жыць паўнавартасным жыццём. Яны размаўляюць з Дзінай, расказваюць ёй пра тое, што перажываюць. Не чуюць пакуль што ад яе голасу, але не губляюць надзеі калісьці пачуць. Як пачула некалі ў рэанімацыі Лена голас чалавека, які датуль ляжаў у коме. Мужчына папрасіў есці. Неяк Лена прызналася, што нікому не зайздросціла за гэты час, але яму тады пазайздросціла. Ды яшчэ раз, калі ўбачыла, як нейкая жанчына прынесла ўрачу, што лячыў кагосьці з яе сваякоў, кветкі. Казала потым Дзіне: «Ты хутчэй папраўляйся — у нас з табой столькі справаў, нам трэба будзе столькі кветак падарыць!..»

 
Захаравы не наракаюць на тых, хто лячыў і лечыць Дзіну, але вельмі ўдзячныя і наваполацкім урачам за тое, што яны зрабілі ўсё, што змаглі, і віцебскім, якія арганізавалі для Дзіны кансультацыі не толькі беларускіх, але і нямецкіх спецыялістаў. Лена з вялікай удзячнасцю гаворыць пра нейрахірурга Рыхтэра, якому яна часта тэлефануе, раіцца з ім па самых розных пытаннях, і ён заахвочвае яе да тых размоваў. Удзячныя Захаравы і нейрахірургу з 9-й мінскай клінікі Аляксандру Пятровічу Кораню, які пастаянна назірае за Дзінай. Ды толькі, разам з тым, яны перакананыя: не ўсё залежыць ад урачоў. Сваю вялікую надзею яны ўскладаюць на Бога. І Лена зусім не баіцца сказаць пра гэта тым жа ўрачам.

Я ні разу не пачула ў гэтым доме нараканняў. У той дзень, калі я папрасіла ў Лены дазволу наведаць іх, пачула ад яе: «Прыходзьце, калі не баіцеся. Бо многія нас баяцца». Ёсць і такія, што баяцца. І ўсё ж дзверы іхняга дома заўсёды гасцінна расчыненыя і для сяброў, і для тых, хто проста мае патрэбу зазірнуць да іх. А такіх таксама хапае. Унікальнасць сітуацыі ў тым, што Лена з Дзінай змаглі за гэты час падтрымаць многіх людзей. Жанчына ў бальніцы, якая, даведаўшыся пра свой страшны дыягназ, не хацела больш жыць, праз нейкі час патэлефанавала Лене і дзякавала, бо, убачыўшы іх прагу да жыцця, і сама акрыяла душой. Яшчэ адна хворая, што таксама паверыла ў свае сілы, гледзячы на іх. Яшчэ і яшчэ… Бедаў на свеце так шмат, а мужнасці годна зносіць тыя беды не заўсёды хапае.

 
Дзіну часта наведваюць яе сябры, аднакласнікі. Кажуць, у іх цяпер павышаная цікавасць на ўроках біялогіі да вывучэння цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека і яны закідваюць настаўніцу пытаннямі.

У аднаго скептыка неяк павярнуўся язык сказаць Лене пра яе дачку: «Ну, так, яна выжыла, але якая якасць гэтага жыцця?» І тады заўсёды ўраўнаважаная, прыветная Лена неспадзявана для самой сябе сарвалася на крык: «А вы самі разумееце, што гэта такое — якасць жыцця?!»

 
— Бяда прынесла ў наш дом не толькі горыч, — задумліва сказала неяк Лена, — але штосьці і яшчэ вельмі важнае. Мы ўсе сталі лепшымі, ці што… Ну так, я сама стала лепшаю. Іншымі вачыма гляджу цяпер на свет, на людзей, больш думаю пра Бога і пра нашу сувязь з Ім.

— Патрэбны час, — кажа Сяргей. — Колькі яго спатрэбіцца: год, два, пяць, а можа й нашмат больш… Значыць, узбройваемся цярплівасцю і чакаем.

Яны ўмеюць чакаць творча, а не склаўшы рукі. Кожны дзень — комплекс практыкаванняў з Дзінай, масаж, самыя розныя працэдуры. Канечне, было б невядома як радасна, калі б Дзіна аднойчы адазвалася, як той мужчына ў рэанімацыі. Але на іх долю выпала іншае — выходжаваць яе з дня на дзень, узірацца і заўважаць няхай сабе і марудныя, але ўсё ж змены да лепшага. Яны ёсць. Аднойчы нейрахірург сказаў ім: «Такіх выпадкаў, як з вашай дачкой, — адзінкі».

 
Жыццё не спынілася для гэтай сям’і. Бацькі разумеюць, што расце Аня, якой таксама трэба шмат удзяляць увагі. Аня наведвае праваслаўную нядзельную школку, і мама з татам вельмі радуюцца, што дачка вучыцца кожны дзень жыць з Богам. У сям’і ўсе любяць музыку, у іх шмат запісаў класікі, духоўных спеваў. Часта яны ўключаюць тыя запісы ў Дзініным пакоі і слухаюць музыку ўсе разам. Кожны дзень яны падымаюць Дзіну і садзяць у крэсла, часам вывозяць у іншы пакой. У гэтым доме заўсёды было шмат творчасці: Лена прыгожа спявае, Дзіна прыгожа малявала, займалася ў мастацкай школе, Аня іграе на піяніна і таксама вучыцца ў музычнай школе. Яны заўсёды ўмелі радавацца жыццю, пра што яскрава сведчыць іх сямейны альбом. Гляджу на тыя здымкі і ў думках прашу Пана Бога: «Вярні радасць у гэты дом! Яны змагаюцца за яе, яны так мужна й годна нясуць гэты крыж! Узнагародзь іх шчасцем поўнага вяртання да штодзённага жыцця Дзіны-Іанны!».

 
А што ж той чалавек, пад колы чыёй машыны трапіла ў той дзень Дзіна?

Яны не сталі ворагамі. Прабачылі, як ні цяжка гэта было зрабіць. Зразумелі, што няпроста было яму ўбачыць дзвюх дзяўчынак з-за іншай машыны, якая прыпынілася перад пешаходным пераходам, прапускаючы іх. Дзіна ішла першаю, яе сяброўка — на крок ад яе. Гэты крок і выратаваў сяброўку...

 
Такая вось гісторыя. Цярпенні і боль. І… моц. Калі я сказала Захаравым, што хачу расказаць пра іх чытачам часопіса «Ave Maria», яны спачатку разгубіліся, а потым згадзіліся. Лена сказала: «Ну, што ж, можа, хтосьці таксама перажывае нешта падобнае… Можа, камусьці наша гісторыя дадасць мужнасці. А можа хтосьці памоліцца за Дзіну…» Праз некалькі дзён у тэлефоннай размове Лена папрасіла: «Але не трэба нас хваліць. Няма за што. Мы ўсе — толькі прылады ў Божых руках».

Ірына Жарнасек