Ганне Нехвядовіч, парафіянцы лебедзеўскага касцёла ў Маладзечанскім раёне, на Тры Каралі споўнілася 100 гадоў.

Нарадзілася і пражыла гэтая незвычайная жанчына ўсё жыццё ў Лебедзеве. Цяпер жыве ў Мінску, у дачкі, і толькі на лета вяртаецца ў родную вёску, але вельмі сумуе па ёй, бо там усе знаёмыя, там пахаваны муж, два сыны. Замуж яна выйшла яшчэ ў 1929 годзе за хлопца, з якім жылі на адной вуліцы. Выгадавалі разам пяцёра дзяцей. Але ўжо сорак пяць гадоў спадарыня Ганна жыве без мужа.

Метрыкаў пра дакладную дату нараджэння ў жанчыны не захавалася, але яна ведае, што нарадзілася ў ноч з 6 на 7 студзеня. Заўсёды звязвала свой дзень нараджэння са святам Трох Каралёў, але ўсё жыццё адзначала толькі імяніны – 26 ліпеня. Аднак на юбілей тэлефонныя званкі раздаваліся бесперапынна некалькі дзён. Віншаванні прыходзілі з розных бакоў свету: адна дачка жыве ў Аўстраліі, другая дачка і браты Ганны – у Польшчы. Званілі ўнукі, якіх у яе дзесяць (а праўнукаў яшчэ больш – пятнаццаць), аднавяскоўцы, знаёмыя. У лебедзеўскай парафіі ў гэты дзень адбылася Імша ў яе інтэнцыі – парафіяне захацелі такім чынам разам з ёю перажыць урачыстасць.

Спадарыня Ганна кажа, што на працягу ўсяго жыцця ёй дапамагала Божая Маці. Гаворыць, што Яна давала ёй усё, што прасіла. “Я думаю, што нічога лішняга мама ў Яе не прасіла”, – гаворыць Ядвіга, Ганніна дачка. Падчас Другой сусветнай вайны, калі яе мужа павінны былі ўзяць на фронт, ішла да горада, молячыся на ружанцы. І лічыць цудам, што яго не забралі, а праз выпадак пакінулі рабочым на аднаўленні дарог. Важнымі ў сям’і былі маёвыя, кастрычніцкія набажэнствы і малітвы. Калі не магла пайсці ў Касцёл сама, то адпраўляла хаця б дзяцей.

Цяпер увесь час трымае ружанец пад падушкаю. Побач з ложкам – невялікі алтарык з крыжам і абразкамі. На стале ляжаць малітоўнікі. Гаворыць, што не можа ўжо іх чытаць. Некалі, ведаючы, што прыйдзе час, калі яна не зможа чытаць маленькія друкаваныя літары, спадарыня Ганна перапісала многае сваёй рукой вялікімі літарамі ў сшытак. Аднак, па словах дачкі Ядвігі, многія малітвы яна ведае на памяць. Нядаўна, калі прыйшла ўрач, жанчына ўголас чытала літанію. Урач не зразумела: “Што гэта з ёю?” На што пачула ў адказ: “Не хвалюйцеся, гэта яна моліцца”. Увогуле ж, калі падчас хваробы маці пачынае шукаць свой сшытак, Ядвіга сцвярджае, што яна ўжо ідзе на папраўку.

З даўняга часу слухала хрысціянскія радыёстанцыі. Ведала, у якія дні на Ватыканскім радыё ідуць праграмы на беларускай або польскай мове. Разам з радыё адгаворвала ружанец на латыні. Да нядаўняга часу спадарыня Ганна любіла і паспяваць разам з дачкой касцёльныя песні, бо ведае толькі іх. Яна спявала ў касцёльным хоры, і некалі іх вучыў спеву арганіст, таму здаралася, што амаль стогадовая бабуля вучыла дачку, як правільна вывесці мелодыю.

Ганна Нехвядовіч ніколі не сядзела без працы і цяпер перажывае, што не можа нічога рабіць. Некалі і суседзям пойдзе дапамагчы па гаспадарцы, і цётцы адрабіць працадні ў калгасе. Цяпер жа, калі прыязджае ў Лебедзева, усё роўна, хоць і рухаецца пры дапамозе дзвюх палак, але ідзе штосьці зрабіць у агародзе. Калісьці яе дом заўсёды быў поўны моладзі – прыходзілі знаёмыя і сябры дзяцей. Заўсёды знаходзілася нешта на стол, нават у нялёгкі час пасля смерці мужа. І цяпер у яе дачкі Ядвігі на працягу многіх гадоў жывуць якія-небудзь студэнты з родных і знаёмых, а часам незнаёмых, бо ведаюць, што будуць прынятыя.

Увесь час было так, што сын прыязджаў па першай просьбе маці і адвозіў яе на любы фэст. Увогуле аўтарытэт бацькоў, а потым маці заўсёды шанаваўся ў сям’і. Само сабой зразумелым было, што ўсе павінны прыехаць на вігілію, Вялікдзень і традыцыйнае лебедзеўскае свята каля цудадзейнай крынічкі. На вігілію заўсёды запрашалі праваслаўных суседзяў, а потым хадзілі на іх свята. Дачка Ядвіга кажа, што ўсе дзеці выраслі дружнымі, старэйшыя заўсёды дапамагалі малодшым. “А як жа інакш?” – здзіўляецца яна. Дачка з Аўстраліі паклапацілася і размножыла даўнія фатаграфіі бацькоў, каб яны былі ў кожнага з дзяцей. Улетку бабулю Ганну даглядае то дачка з Мінска, то другая дачка з Польшчы. Можа пабыць і ў нявесткі, якая ўжо засталася без мужа. Нявесткі заўсёды называлі яе толькі мамаю. Людзі ў вёсцы гавораць: “Канешне, табе добра – у цябе такія дзеці!” Спадарыня Ганна згаджаецца: “Добрыя дзеці”.

Па словах Ядвігі, адны з самых яркіх успамінаў у маці пра паездкі па касцёлах. Цяпер яна вельмі перажывае, што не можа быць у святыні. Пакуль не было касцёла ў Лебедзеве, кожную нядзелю ездзіла за шмат кіламетраў у Краснае, у Мінск. Ядвіга згадвае выпадак, калі не так даўно маці абавязкова хацела ўдзельнічаць на Новы год у Імшы апоўначы і вярнулася з яе ў чатыры раніцы. Цяпер, калі яна ўжо не можа бываць у касцёле, але яе часам адвозяць, яна гаворыць, што магла б праседзець там увесь дзень. Запрашаюць святароў і дадому. “Я ўсё жыццё пражыла з Касцёлам, цяпер не магу дайсці, дык Касцёл сам да мяне прыходзіць”, – жартуе жанчына. Увогуле яна любіць пажартаваць і часта ўсміхаецца. Пра што б ні гаварыла, ад яе часта пачуеш, што ўсё ў руках Божых, а таму й кажа, што будзе жыць столькі, колькі Бог дасць.

Вольга Рудніцкая