Прэзентацыя кнігі Вялікага Папы

9 лютага падчас ХХІV-й Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу «Кнігі Беларусі — 2007» на пляцоўцы выдавецтва «Про Хрысто» адбылася прэзентацыя кнігі Яна Паўла ІІ «Памяць і самасвядомасць» (пераклад пісьменніцы Крыстыны Лялько).

Прэзентацыю адкрыў Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка. «Сёння — прэзентацыя апошняй кнігі Яна Паўла ІІ „Памяць і самасвядомасць“. Паколькі Папа Ян Павел ІІ нарадзіўся недалёка ад нас, многае ў кнізе, напісанай Вялікім Папам, які ўвёў Касцёл у новае трэцяе тысячагоддзе хрысціянства, актуальнае і для нас. Гэтая кніга — вялікі ўнёсак у скарбонку культуры і філасофіі. Я думаю, што яна будзе заўважана і знойдзе сваіх удзячных чытачоў». Біскуп падзякаваў усім, хто прычыніўся да выдання гэтай кнігі, а таксама пажадаў плённай працы дзеля ўзрастання духоўнасці нашага грамадства.

Перакладчыца кнігі Вялікага Папы пісьменніца, галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Аve Maria» і «Наша вера» Крыстына Лялько, адзначыла, што «Ян Павел ІІ у сваёй кнізе дае аналіз дзвюх таталітарных сістэмаў, якія спрычыніліся да трагедый нашай эпохі — нацызму і камунізму. Ён не проста гаворыць пра гэтае зло і пра яго вытокі, але гаворыць, як зло пераадольваць дабром. І вось гэтая хрысціянская пазіцыя асабліва важная для нас, яго сучаснікаў».

Адзін з першых чытачоў кнігі «Памяць і самасвядомасць» – народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч, які падзяліўся з прысутнымі сваімі ўражаннямі ад прачытанага. Ён асабліва адзначыў якасць перакладу. «Кніга перакладзена бліскуча, — сказаў ён. — Віншую ўсіх са святам гэтай кнігі».

 
XV Дзень хворых у Сеуле

У цэнтры ўвагі сёлетняга, XV Дня хворых, які прайшоў 11 лютага ў сталіцы Паўднёвай Карэі Сеуле, знаходзілася тэма душпастырства невылечна хворых. Напярэдадні сустрэча распачалася Эўхарыстыяй, якую цэлебраваў кіраўнік Канферэнцыі біскупаў Карэі. Гамілію прамовіў біскуп Лазар Ю Хьюнг-сік, адказны за душпастырства службы аховы здароўя ў карэйскім епіскапаце. Ён падкрэсліў, што ў эпоху развіцця генетычных доследаў і прагрэсу медыцыны нельга забывацца пра тое, як ставіўся да хворых сам Збаўца.

Адразу пасля святой Імшы 500 удзельнікаў сусветнага Дня хворых сабраліся ў канферэнцзале для абмену думкамі. Старшыня Папскай Рады душпастырства службы аховы здароўя Кардынал Хав’ер Лазана Бараган нагадаў, што мэтаю такога душпастырства з’яўляецца асвячэнне як саміх хворых, так і тых, хто імі апякуецца. Наступныя прамоўцы засяродзіліся на такіх практычных аспектах, як хоспісы, анкалагічна хворыя, хворыя на СНІД. Асаблівая ўвага была прысвечана палеатыўнай медыцыне, якая становіцца ўсё больш папулярнай у Азіі. Прафесар Лі, які працуе ў гэтай галіне, падзякаваў Каталіцкаму Касцёлу за прынесеную ў Азію ідэю хоспісаў і за няспынную падтрымку цэнтраў палеатыўнай апекі. Хоць у іх яшчэ не хапае дастаковай колькасці лекараў, медыцынскіх супрацоўнікаў і нават душпастыраў, аднак яны ўжо трывала ўвайшлі ў азіяцкую мадэль апекі над невылечна хворымі.

У нядзелю падчас малітвы «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI шчыра прывітаў удзельнікаў сустрэчы ў Сеуле на чале са сваім спецыяльным прадстаўніком кардыналам Бараганам. Кіраўнік Папскай Рады душпастырства службы аховы здароўя ў гэты дзень цэлебраваў у сталіцы Карэі Эўхарыстыю, падчас якой больш чым 600 асобам быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых. У гаміліі, якая прагучала на карэйскай мове, кардынал Бараган нагадаў пра асноўныя думкі з паслання Святога Айца на XV Сусветны дзень хворых.

 
Статыстыка Касцёла ў свеце

12 лютага Дзяржаўны Сакратар Ватыкана кардынал Тарчызіо Бэртонэ прадставіў Святому Айцу Бэнэдыкту XVI першы экзэмпляр штогадовага ватыканскага даведніка Annuario Pontificio на 2007 год. Паводле прыведзеных у ім новых дадзеных, колькасць католікаў у свеце з 2004 г. па 2005 г. павялічылася прыблізна на 17 мільёнаў і цяпер складае 1 мільярд 115 мільёнаў. Такім чынам за год яна павялічылася на 1,5 %, што крыху больш за гадавы паказчык росту насельніцтва зямлі, які складае 1,2 %. Сёння католікі ў свеце складаюць 17,2 % жыхароў зямлі.

Паводле новага Annuario Pontificio, каталіцкая супольнасць найбольш хутка расла ў Афрыцы — на 3,1 %, у той час як агульнае насельніцтва кантынента павялічылася на 2,1 %. Акрамя таго, рост колькасці католікаў перавысіў агульны рост насельніцтва таксама ў Азіі (2,7 % да 1,2 %) і ў Амерыцы (1,2 % да 0,9 %). У Еўропе колькасць вернікаў павялічылася нязначна, у той час як рост насельніцтва Старога Свету быў практычна роўны нулю.

Колькасць каталіцкіх святароў за год таксама павялічылася з 405 тысяч 891 да 406 тысяч 411, ці на 0,13 %. Найбольшы рост колькасці святароў назіраўся ў Афрыцы (3,8 %) і Азіі (3,5 %), і наадварот, спад назіраўся ў Еўропе (на 0,5 %), Амерыцы (на 0,5 %) і Акіяніі (на 1,8 %). Колькасць пакліканняў павялічылася ў Афрыцы, Азіі і нязначна ў Амерыцы, але зменшылася ў Еўропе, а ў Акіяніі засталася без зменаў.

У 2006 г. Святым Айцом былі створаны 12 новых дыяцэзій, 9 мітраполій і адна Апостальская адміністратура. Былі прызначаны 180 новых біскупаў.

 
Дзень чыстасці замест «валянцінак»

14 лютага хрысціянская моладзь Амерыкі замест «дня закаханых» адзначыла IV Дзень чыстасці. З ініцыятывай правядзення такога дня выступіла грамадская арганізацыя Liberty Council, якая дзейнічае з 1989 г. і выступае ў абарону рэлігійнай свабоды, прапагандуе жыццё ў чысціні і традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Мэта правядзення Дня чыстасці — «распаўсюджанне цноты чыстасці ў культурным асяроддзі, прасякнутым геданізмам і сексуальным лібертынізмам».

Дзень чыстасці адзначаўся перадусім у школах і касцёлах. Юнакі і дзяўчаты, апранутыя ў футболкі з лозунгамі, якія прапагандуюць цнатлівасць, раздавала ўлёткі на вуліцах, каб выказаць свой пратэст супраць таго, што сёння моладзь проста бамбардуюць заклікамі да распусты і «сексуальных эксперыментаў», якія фальшыва спрабуюць прадставіць «нармальнымі і карыснымі для здароўя», а таксама намовамі адкінуць традыцыйныя маральныя каштоўнасці, каб «як мага раней адкрыць сваю сексуальнасць». Навязванне распусты моладзі адбываецца ў навучальных установах, па тэлебачанні і ў «Інтэрнэце». Дзень чыстасці павінен дапамагчы ўсвядоміць небяспеку такога падыходу да гэтых пытанняў.

 
Так выглядаў Дантэ

Тры калектывы вучоных ва універсітэтах у Пізе і ў Балонні рэканструявалі твар славутага італьянскага паэта эпохі Адраджэння Дантэ Аліг’еры (1265–1321).

Вучоныя выкарысталі камп’ютэрную методыку. Рэканструкцыя была выканана на аснове мадэлі чэрапа паэта, створанай у 1921 годзе антраполагам Фабіё Фрасэтто.