Калі Данута прачнулася ў рэанімацыі пасля кесаравага сячэння, яна ўбачыла прасветлены твар урача анестэзіёлага. Схіліўшыся над ёю, доктар сказаў: «Вы не проста Герой Савецкага Саюза, вы гераіня ўсёй зямлі, бо ў вас нарадзіўся хлопчык вагою ў 3 кілаграмы».

«Дзякую»,– ціха адказала доктару Дана. А калі той пайшоў, павярнула галаву да акна і, узіраючыся ў зорнае неба, прашаптала: «Галоўная падзяка Табе, мой любы Пане! Прашу, не пакідай мяне і надалей, усё толькі пачынаецца...»

Данута – інвалід з дзяцінства. Калі яна нарадзілася, ніхто не думаў, што дзяўчынка ўвогуле будзе жыць. Пазней дактары скажуць, што такая форма скалеозу несумешчальная з жыццём. Аднак, насуперак немачы, яна не проста выжыла, але і скончыла педагагічны інстытут, выйшла замуж за фізічна здаровага чалавека і, самае неверагоднае, нарадзіла здаровае дзіця.

Калі глядзіш на гэтую маленькую жанчыну, якая ледзьве дацягваецца да кухоннай пліты, а перамяшчаецца толькі пры дапамозе кастылёў альбо інваліднай каляскі, але ў той жа час поўная аптымізму і жыццядайнай сілы, разумееш глыбінны сэнс слоў Святога Пісання: «... бо сіла Мая заключаецца ў немачы» (2 Кар. 12,9). Дарэчы, гэтыя словы для Дануты Лебедзевай з’яўляюцца жыццёвым арыенцірам, і ўсе свае сціплыя поспехі і штодзённыя дасягненні яна аддае Усемагутнаму Богу, часта паўтараючы: «Бо ў Ім жывем і рухаемся, і існуем...» (Пар. Дз. 7,28).

Фізічная абмежаванасць цела гэтай жанчыны напоўніцу кампенсаваная прыгажосцю і сілаю яе духу. Гэта прыгажосць уражвае. Не дзіўна, што яе шчыра пакахаў фізічна здаровы мужчына, які адразу ж прапанаваў ёй замуства. Яму дадзена было ўбачыць і ацаніць духоўнае хараство Дануты.

– З першай нашай сустрэчы, – гаворыць Аляксандр, – я ўжо не ўяўляў побач з сабою іншай жанчыны.

Жыццё пацвердзіла шчырасць гэтых словаў.

У 1992 годзе яны ажаніліся, чым выклікалі шок ва ўсіх родных і знаёмых. Нават маці Дануты са слязьмі прыгаворвала: «Табе ж нянька патрэбна, а не муж, ён доўга з табою не нажыве!».

На шчасце, яна памылілася. Саша стаў цудоўным мужам, які носіць сваю жонку на руках у прамым і пераносным сэнсах.

Жылі спачатку на кватэры ў Данусінай роднай цёткі, паколькі свайго жылля не мелі. Аляксандр Лебедзеў родам аж з Прыазоўя, а Данута – з-пад Рубяжэвічаў. Выхоўвалася ў івянецкім інтэрнаце для дзяцей з фізічнымі недахопамі. Увесь час марыла пра далейшую вучобу. Пасля школы паступіла на завочнае аддзяленне філфака мінскага педінстытута. Калі была на чацвёртым курсе, зацяжарыла. Разумеючы цяжкасці, якія чакалі яе, вырашыла кінуць інстытут, аднак ёй параілі проста ўзяць акадэмічны адпачынак.

За мацярынства прыйшлося змагацца.

Звесткі аб цяжарнасці прыйшлі да яе ў адзін з ясных майскіх дзён, напоўніўшы душу вялікім шчасцем. Свет, здавалася, змяніўся ў адно імгненне, і ўсё навокал стала неверагодна прыгожым і гарманічным. Муж вёз Дану на інваліднай калясцы да доктара, а ёй здавалася, што яна сядзіць на царскім троне, прыгожая і велічная, нібы каралева. Новае жыццё ўнутры яе напаўняла душу неверагоднай годнасцю і значнасцю, і гэта не было самападманам. Толькі вельмі далікатныя і чыстыя душы здольныя вось так адчуць і прыняць тую ласку, якую дае Пан Бог праз мацярынства.

– Вось толькі, што скажуць генетыкі? – з заміраннем сэрца думала Данута. Яе нядобрае прадчуванне хутка апраўдалася. На паведамленне аб цяжарнасці доктар не без іроніі запытаў: «Як вы сабе гэта ўяўляеце?» Аднак накіраваў яе на ультрагукавое абследаванне. Там яна пачула: «Дзевяць тыдняў цяжарнасці, плод для гэтага тэрміна развіты добра, адхіленняў ад нормы няма». Яна падзякавала доктару і, бясконца шчаслівая, паведаміла мужу радасную вестку. Аляксандр, не справіўшыся з эмоцыямі, закрычаў: «Ура!».

Калі вярнулася ў кабінет генетыкаў, настрой хутка прапаў. Дактары не тое што не падзялялі яе радасці, наадварот, у адзін голас сцвярджалі: аборт і ўсё. Дана зразумела, што за права быць маці ёй давядзецца змагацца.

Муж суцяшаў як мог: падкаціўшы на калясцы да кіёска, купіў шакаладку, а ўбачыўшы квітнеючую шыпшыну, сарваў галинку для жонкі. Дана беражліва трымала яе ў руках і пяшчотна гладзіла пругкі бутон. Потым, паклаўшы руку на жывот, прашаптала: «Нічога не бойся, мой маленькі, усё будзе добра». Усю астатнюю дарогу яна малілася: «Пане Божа, Ты наш Творца і Збаўца. Благаславі нас і дапамажы. У нас няма грошай і сувязяў, няма адкуль чакаць дапамогі. Толькі Ты ў нас ёсць, Пане Божа!».

Назаўтра муж павёз яе ў паліклініку, каб стаць на ўлік па цяжарнасці, аднак доктар пра гэта нават і слухаць не жадаў: на стале ў яго ляжала папера з рэкамендацыяй генетыкаў зрабіць аборт. На такую прапанову Дана адказала: «Вы нават мяне не паглядзелі, чаму ж настойваеце на аборце?»

– Таму што, вы – інвалід і ў такім стане плод не зможа развівацца. Дзе ён у вас змесціцца?– Доктар гаварыў і пра тое, што нават калі яна і народзіць, то фізічна потым не справіцца з дзіцём, бо яго яшчэ трэба выгадаваць. На гэта Данута смела адказала:

– У мяне ёсць добры муж, а галоўнае, у мяне ёсць Бог.

– А, значыць вы – веруючая і таму не хочаце рабіць аборт? І тут доктар перайшоў на крык:

– Навошта дзіцяці такая маці, гэта праціўна, гэта гідотна!..

Дана старалася не слухаць жахлівыя абразы і, перавёўшы дух, цвёрда і ўпэўнена спытала: «Што неабходна для таго, каб стаць на ўлік па цяжарнасці?»

Яе адвялі ў іншы кабінет, дзе маральны здзек працягваўся.

– 34 гады – не лепшы ўзрост для першых родаў. Слухайце: вага 32 кілаграмы, такога экзэмпляра ў маёй практыцы яшчэ не было! Рост: ха–ха – 125 сантыметраў, – здзекліва каментаваў свае запісы ўрач. У канцы ён сказаў, што ў яе ёсць тыдзень на роздум.

Не развітваючыся, Дана выйшла з кабінета, разумеючы, што медыцына ні ў чым ёй дапамагаць не будзе. Толькі дома яна дала волю слязам. Такіх абразлівых адносінаў да сябе ёй яшчэ не даводзілася перажываць, тым больш ад медыкаў. У душы нешта надламілася, падняўшы хвалю няўпэўненасці і страху: «А што, калі дактары гавораць праўду, і я не маю права так рызыкаваць?»

Маці таксама не падтрымала Дану ў яе намеры нарадзіць дзіця. Справа ў тым, што ў гэтым жа годзе ад раку памерла жонка старэйшага Данінага брата, пакінуўшы траіх малых дзяцей. Клопат пра іх лёг на плечы яе 74-гадовай маці. Дана не крыўдзілася, яна ўсё разумела, але...

Сяброўкі, а яны ў асноўным былі з супольнасці інвалідаў, з захапленнем успрымалі навіну аб цяжарнасці Даны. З разуменнем аднесліся да яе і ў інстытуце. Хтосьці з аднакурснікаў параіў звярнуцца да вядомага прафесара Івана Уладзіміравіча Дуды. Сабраўшы вынікі ўсіх абследаванняў, Дана паехала да яго. Гледзячы ў вочы, прафесар сказаў ёй тады:

– Усё роўна зробіш так, як вырашыла сама.– А наконт прагнозаў, ніякая медыцына тут не можа нічога прадказаць. Адзіны Пан Бог ведае, што з табой будзе. Ідзі і выбірай: калідор налева – на аборт, калідор направа – на захаванне цяжарнасці.

Дана, нібы на крылах, вылецела з кабінета, цвёрда вырашыўшы захаваць дзіця.

На той час яны з мужам жылі ўжо ў сваёй аднапакаёвай кватэры, якую Дана не без цяжкасцяў атрымала ў Мінску. Калі заставалася адна, пастаянна размаўляла з Богам як з рэальна прысутнай Асобай: «Мой любы Пане, Ты шмат зрабіў у маім жыцці таго, што не паддаецца ніякай логіцы, таго, аб чым я толькі патаемна марыла. Прашу, дазволь нарадзіцца гэтаму дзіцяці здаровенькім. Калі ж яму суджана памерці, няхай памру і я...»

Яна нават падрыхтавала адзенне на смерць.

Бог не маўчаў. Яна адчувала Яго адказ у тым супакоі і нябачным святле, што запаўнялі яе душу, у тым самаадчуванні, якое было звышнатуральна выдатным. Часам здавалася, што гэта самі анёлы носяць яе на руках. За ўвесь час цяжарнасці яна ні разу ні адчула ніякага дыскамфорту. Да самых родаў была ў вёсцы, хаваючыся ад дактароў, якія ўвесь час хацелі пакласці яе ў бальніцу. Аперыраваў Дануту усё той жа прафесар Дуда, якога Бог паслаў ёй у самы адказны перыяд яе жыцця.

– Мне вельмі шанцуе на добрых і мудрых людзей, – гаворыць Данута Сцяпанаўна, – таму што я пастаянна малю Бога аб гэтым.

 
Сын

Хлопчык нарадзіўся 25 лістапада 1994 года абсалютна здаровенькім. Яго назвалі Паўлам. Цяпер ён вучыцца ў 5 классе СШ № 134 г. Мінска, а таксама ў нядзельнай школцы парафіі святога Яна Хрысціцеля. Міністрантам дапамагае святару падчас святой Імшы. Ён -- добры памочнік і для маці: часта сам возіць яе на калясцы ў касцёл. І абараняе, як умее. Неяк прыйшоў са школы вельмі ўзрушаны і паведаміў з парога: «Я пабіўся з хлопцам, таму што ён сказаў, што ў мяне мама інвалід...». Маці яму адказала: «Ты больш не біся, а прыводзь такіх дзяцей да мяне, а я дапамагу ім зразумець, што інваліднасць – гэта не злачынства».

З гордасцю Данута расказала пра выпадак, калі яе сын выступіў у ролі сапраўднага прарока. Справа ў тым, што ў Дануты здараюцца сутаргі ног, і пакуль костка не пераломіцца, яны не адступаюць. У сваім жыцці яна перанесла ўжо больш за 20 такіх вось пераломаў ног, якія потым дрэнна зрастаюцца. Боль невыносны. Аднойчы падчас прыступу Данута са слязьмі прасіла Бога пазбавіць яе ад гэтай пакуты і такога вось жыцця. Незаўважна падышоў Паўлік і, абняўшы яе, сказаў: «Не гавары так, мама, добра любіць Божаньку, калі ўсё добра, а можа Ён хоча, каб ты Яго і вось так любіла». Гэтыя словы прашылі сэрца Даны: яна зразумела, што сам Пан Бог зараз прамаўляе праз сына. Данута стала прасіць у Бога прабачэння і згадзілася пакутаваць столькі, колькі трэба, ахвяруючы свае цярпенні Богу. Амаль адразу ж яе душа напоўнілася супакоем, а боль адступіў.

 
Праз церні – да зорак

Данута Сцяпанаўна разумела, што працаваць педагогам яна не зможа, але і сядзець, склаўшы рукі, любуючыся на свой дыплом, не жадала. У аддзеле адукацыі Ленінскага раёна ёй параілі адкрыць тэлефон даверу. Аднак для гэтага патрэбны былі веды псіхолага. Дануту прываблівала сама ідэя, але палохалі цяжкасці – год вучобы на стацыянары, а ў яе -- сям’я і трохгадовы сын. Вырашальнымі сталі словы дырэктара Цэнтра пазашкольнай работы «Маяк» Таццяны Пташнік: «Ты зможаш, ідзі і рабі першы крок». Потым дэкан факультэта псіхалогіі яе таксама подтрымаў: «Пачынай! Шлях у 100 міляў пачынаецца з першага кроку».

І вось ужо больш за 8 гадоў Данута вядзе тэлефон даверу для дзяцей і падлеткаў. За гэты час шмат каму дапамагла, а некаторым, можа, і жыццё ўратавала. Аднойчы ўначы ёй патэлефанавала дзяўчына і са слязьмі паведаміла, што зрабіла аборт і цяпер пастаянна чуе крык немаўляці. Яна казала, што не можа больш так жыць. Данута ў доўгай размове ўпэўніла дзяўчыну пайсці ў царкву на пакаянне, сказаўшы таксама, што гэта голас нявіннага дзіцяці кліча яе да Міласэрнага Бога.

Год таму Данута Сцяпанаўна скончыла яшчэ і камп’ютэрныя курсы. Нават адкрыла сваю старонку ў Інтэрнеце (электронны адрас peraspera.iatp.by). Назва сайта перакладаецца з лаціны вядомым выслоўем: праз церні – да зорак. Гэты сайт, па словах Дануты, для тых, хто любіць жыццё, умее радавацца жыццю, хоча быць карысным для іншых, нягледзячы на фізічныя абмежаванні.

...Завяршыць матэрыял мне хочацца словамі студэнткі Алесі з клуба валанцёраў, куды Данута Лебедзева была запрошана як псіхолаг: «Ўсё знешняе становіцца абсалютна неістотным, калі бачыш і слухаеш Вас... Заставайцеся такой і надалей, таму што Ваш гумар і прыгажосць асобы ўражваюць і даюць стымул ісці наперад. Няхай Вам дапамагае Бог ва ўсіх пачынаннях».

Рэдакцыя далучаецца да гэтых пажаданняў, просячы таксама ў Пана Бога патрэбных ласкаў для ўсёй сям’і Лебедзевых.

Галіна Калевіч.
Фота Міколы Новікава.