Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Кадзіла

«І прыйшоў іншы анёл, і стаў перад ахвярнікам, трымаючы залатую кадзільніцу; і далі яму багата кадзіла... І ўзняўся дым ад кадзіла з малітвамі святых з рукі Анёла перад Богам». Так гаворыцца ў Кнізе Адкрыцця.

Колькі ў гэтым узнёслай прыгажосці, калі ясныя зярняткі кладуцца на палаючае вуголле і з разгойданай кадзільніцы падымаецца духмяны дым. Нібы мелодыя стрыманага руху і прыемнага паху. Дзеянне без ніякай карысці, чыстае, як песня. Поўнае прыгажосці растрачванне ўпустую каштоўных рэчаў. Ахвярная, гатовая ўсё прынесці ў дар любоў.

Як тады, калі Пан Езус сядзеў у Бэтаніі, а Марыя прынесла каштоўны алей і палівала ім святыя ногі, і выцірала іх сваімі валасамі, а водар напаўняў увесь дом. Людзі вузкага розуму наракалі: «Навошта такое марнаванне?». Але Сын Божы сказаў: «Пакіньце яе, яна ўчыніла гэта на пахаванне Маё». Таямніца смерці была тут, таямніца любові, водару і ахвяры.

І гэта ёсць таксама ў кадзіле: таямніца прыгажосці, якой невядома ніякая карысць, якая свабодна ўздымаецца. Любові, якая палае і згарае, і праходзіць праз смерць. І тут таксама затрымліваецца сухі розум і пытае: навошта ўсё гэта?

Ахвяра водару, і само Святое Пісанне гаворыць: гэта малітвы святых. Сімвалам малітвы з’яўляецца кадзіла, менавіта той малітвы, якая не думае ні пра якую карысць; якая нічога не жадае і ўздымаецца, як Gloria — Хвала, пасля кожнага псальма; малітвы, якая праслаўляе і прагне выказваць падзяку Богу, «бо Ён такі цудоўны».

Вядома, да такога сімвалу можа прымешвацца шарлатанства. Воблакі духмянага дыму могуць таксама прынесці настрой прыгнечанасці таямніцай, рэлігійнага зачароўвання пачуццяў. Калі гэта здарыцца, то хрысціянскае сумленне будзе мець рацыю, калі запрацівіцца гэтаму і ўкажа на малітву да «Духа і Праўды»; нагадае нам, што мы пакліканыя быць бездакорнымі і добрасумленнымі. Але ў рэлігіі існуе таксама філісцерства, якое паходзіць з убогасці розуму, з сухасці сэрца, як нараканне Юды Іскарыёта. Тады малітва ператвараецца ў духоўную карыслівасць; павінна быць дакладна вымеранай і па-мяшчанску разважлівай.

Такія людзі нічога не ведаюць пра каралеўскую паўнату малітвы, тую паўнату, якая хоча шчодра адорваць. Нічога не ведаюць пра глыбокае пакланенне; нічога не ведаюць пра душу малітвы, якая ўвогуле не пытаецца «навошта» і «чаму», але толькі ўздымаецца, таму што яна ёсць любоўю і водарам, і прыгажосцю. І чым больш яна любіць, тым больш яна становіцца таксама ахвяраю, а водар ідзе ад полымя, якое паглынае яе.

 
Працяг у нумары №4(144) 2007 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак