Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2007 г. >>>

Таленты

Бог чакае ад нас, каб на розныя сітуацыі, якія перажываем, асабліва на цяжкія, мы глядзелі вачыма веры. У прыпавесці пра таланты Езус перасцерагае нас, каб мы не замыкаліся перад выплываючым з веры Божым пазнаваннем і перад лянотаю ў карыстанні ўсім тым, чым Бог нас пастаянна адорвае. Гаспадар, пакідаючы сваім працаўнікам грошы, — аднаму дзесяць, другому пяць, трэцяму адзін талант — тым самым абавязвае іх да працы і адначасова дае ім шанец. У часы Хрыста талант меў пэўную грашовую вартасць, цяпер слова талант-талент азначае хутчэй інтэлектуальную вартасць. Мы кажам, што хтосьці з’яўляецца вельмі таленавітым музыкантам або матэматыкам. Аднак прыпавесць аб талантах мае больш глыбокі сэнс. Евангельскае мысленне з’яўляецца як бы на 180° адваротным нашаму свецкаму, чыста чалавечаму, мысленню. Гэта таксама відавочна ў прыпавесці аб талантах. Талант-талент — гэта дар і надзейны матэрыял, але адначасова шанец. Хрыстус, давяраючы табе талент, адорвае цябе даверам і чакае, што ты выкарыстаеш гэты дар адпаведным чынам. Калі Ён даў табе нейкія здольнасці, то Яму зусім не ўсё роўна, як ты іх выкарыстаеш. Нават калі ты ўвогуле не атрымаў аніякіх здольнасцяў — гэта таксама талент. Талентам з’яўляецца не толькі атрыманне чагосьці, але таксама і адсутнасць гэтага. У святле веры талентам, напрыклад, з’яўляецца здароўе, якое ёсць у цябе, але і тое, што ты хварэеш, таксама з’яўляецца талентам. Езус у кожным выпадку ставіць табе пытанне: што ты робіш са сваім талентам? Бо змарнаваць можна ўсё, і здароўе, і — яшчэ больш — яго адсутнасць. Але ж усё з’яўляецца дарам: талент — гэта дар.

Бог няспынна адорвае цябе. Напрыклад, талентам можа быць тое, што ты не ўмееш маліцца, і ты думаеш, што гэта няшчасце. У такім выпадку важным будзе тое, што ты робіш з такім няўменнем. Можа, якраз закапаў гэты талент і гаворыш сабе: у такім разе я не буду маліцца. А з гэтага дару можна ж так шмат чаго здабыць; няўменне маліцца павінна паглыбляць у табе голад Бога і тым самым стаць сродкам твайго асвячэння. Калі ў цябе нейкія хатнія праблемы, калі ў сям’і ёсць нейкі разлад — гэта таксама талент і дадзены табе Богам шанец. Што ты з гэтым робіш? Калі разахвочваешся і страчваеш надзею – значыць, закопваеш свой талент у зямлю.

Чалавек веры не можа не бачыць найглыбейшага сэнсу ўласных выпрабаванняў, пры гэтым ужо сам пошук сэнсу з’яўляецца пэўным «абаротам» таленту. Калі ты перажываеш нейкую боязь, напрыклад, баішся цярпення, баішся смерці, то гэта таксама з’яўляецца тваім шанцам. Святая Тэрэза ад Дзіцятка Езус мела вялікую агіду да павукоў. У сваім дзённіку яна апісала, як вымушана была пераадольваць сябе, каб абмесці ад павуціны нішу пад сходамі (гл. Żółty zeszyt, с. 80)1. Гэта вельмі дапамагало ёй на шляху да Пана. Гэта быў пакладзены ў яе рукі талент, які яна ўмела выкарыстаць.

Калі некаторыя сітуацыі патрабуюць ад цябе напружання, гэта азначае, што ў іх крыецца, нібы прысыпаны попелам дыямент, твой талент. Што ты з ім зробіш і як выкарыстаеш? Бо ўсё павінна служыць твайму асвячэнню. У гэтым сэнсе ўсё з’яўляецца ласкаю. Цярпенне, якое цябе прыгнятае, ці розныя неспрыяльныя абставіны — гэта цэлы комплекс талентаў. Аднак мы часта паводзім сябе, як сляпыя ці як малыя дзеці, якія не разумеюць многіх рэчаў. Толькі тады, калі мы станем перад Богам, усё ўбачым і зразумеем. Пазнаем гэтае мора талентаў, у якое мы былі акунутыя.

Таленты падзяляюцца на больш каштоўныя і на менш каштоўныя. Калі ў цябе штосьці атрымліваецца, табе штосьці ўдалося — гэта, безумоўна, талент, але калі ў цябе нічога не атрымліваецца — то гэта найкаштоўнейшы дар. Няўдачы, менавіта няўдачы, гэта бясцэнныя скарбы, дадзеныя табе ў жыцці. Бог некалі запытае ў цябе, як той евангельскі гаспадар, які вярнуўся з падарожжа і запатрабаваў у сваіх слугаў справаздачы, як ты выкарыстаў свае жыццёвыя няўдачы, якія Ён даваў табе як шанец, як талент. Часам іх у тваім жыцці вельмі шмат — ці выкарыстоўваеш іх? Прыпавесць аб талентах — гэта евангельскі заклік да навяртання. Ты павінен інакш глядзець на сваё жыццё, ты павінен глядзець на яго вачыма веры. Толькі тады заўважыш, што Бог няспынна адорвае цябе, заўважыш, што ўсё тваё жыццё — нібы комплекс скрытых шанцаў для нястомнай унутранай перамены. Ты зразумееш, што ўсё з’яўляецца ласкаю. Бог, адорваючы цябе цяжкімі ласкамі, часам нібы сілком укладвае ў твае рукі свой дар, а ты супраціўляешся, не хочаш яго прыняць. Тым часам, цяжкія ласкі — гэта самыя каштоўныя таленты ў тваім жыцці. Часам бывае іх так шмат, але гэта азначае, што Бог хоча, каб мы мелі «абаротны капітал».

Вера — гэта ўдзел у бачанні Бога, а Пан Бог зусім інакш глядзіць на тваё жыццё. Калі ты верыш, то на сваё жыццё, на кожны свой дзень будзеш глядзець як бы вачыма Езуса. Толькі тады ты пачнеш заўважаць гэты няспынны шанец навяртання і асвячэння. Тады таксама пачнеш разумець цярпенне, якое ў святле веры з’яўляецца крыжам, а значыць чымсьці, што цябе ўнутрана перамяняе — настолькі, наколькі яго прымеш. Калі ў сваіх цяжкіх перажываннях ты распазнаеш крыж, а значыць і шанец для перамены, тады яны становяцца для цябе сапраўдным дарам. Калі б ты заўважаў гэтыя незлічоныя таленты, якія Бог пастаянна дае табе, ты ніколі не сумаваў бы. Тады таксама такія таленты, як адсутнасць здароўя, канфліктныя сітуацыі, няўдачы выклікалі б у тваім сэрцы радасць ад таго, што Бог адорвае цябе нечым бясцэнным і аказвае табе незвычайны давер. Ён верыць, што ты не закапаеш і не адкінеш Яго дароў. Ён разлічвае на тваю веру, бо толькі ў святле веры ты распазнаеш падораныя табе таленты. Талентам з’яўляецца ўсё, што ты дагэтуль змог зразумець і запомніць, але талентам з’яўляецца таксама слабая памяць і тое, што ты забываешся пра мноства рэчаў, бо ўсё нясе ласку і — ў такім значэнні — ўсё ёсць ласкаю.

Толькі той, хто верыць, зможа быць удзячны за ўсё. Гэтая ўдзячнасць будзе праяўляцца радасцю на тваім твары, радасцю, бо ўсё з’яўляецца талентам для «абароту» яго ў дабро. Гэтае разважанне пра таленты можна параўнаць з навукаю св. Паўла і слыннаю тэзаю св. Аўгустына: «Тых, хто любіць Бога, — усё вядзе да дабра, нават грэх». Такім чынам, нават падзенне, а значыць вялікая няўдача, грэх, што раніць Хрыста, можа быць шанцам; у гэтым таксама ўтоены якісьці дадзены табе талент, які ты можаш выкарыстаць. Дзеля гэтага патрэбна толькі твая вера, тваё навяртанне да такой веры, каб ты змог глядзець вачыма Езуса. Ён, гледзячы на тваё жыццё, — магчыма, поўнае няўдачаў, клопатаў, канфліктаў, марных намераў, цяжкасцяў у жыцці ўнутраным і знешнім — ніколі не смуткуе. Ён глядзіць з радасцю, бо спадзяецца, што ўсё гэта дасць плён, што ты выкарыстаеш гэта, што будзеш радавацца і дзякаваць за ўсё тое, чым Бог цябе адорвае. «Сёння ў цябе было шмат цярпенняў, — сказала маці Агнешка цяжка хворай Тэрэзе ад Дзіцятка Езус. — Так, — адказала св. Тэрэза, — але паколькі я іх люблю... Люблю ўсё, што дае мне Пан Бог» (Żółty zeszyt, 140 n.).

Падобны погляд на сваё жыццё мела св. Бэрнадэта, «Тэстамэнт» якой — гэта незвычайна яскравае сведчанне ўдзячнасці за зведаны дар:

За беднасць, у якой жылі мама і тата, за тое, што нам нічога не ўдавалася, за разбурэнне млыну, за тое, што я павінна была даглядаць дзяцей, пасвіць авечак, за пастаянную стому…— дзякую Табе, Езу.

Дзякую Табе, мой Божа, за пракурора і за камісара, за жандараў, за суровыя словы ксяндза Пірамаля…

За дні, у якія Ты прыходзіла да мяне, Марыя, і за тыя, у якія не прыйшла, — я не змагу Табе аддзячыць, можа, толькі ў раі. Але і за аплявуху, за кпіны, за абразы, за тых, што лічылі мяне вар’яткаю, за тых, што падазравалі мяне ў ашуканстве, за тых, што падазравалі мяне ў нажыве…— дзякую Табе, Матуля.

За правапіс, якога ніколі не ведала, за тое, што ніколі не было ў мяне памяці, за маё невуцтва і за маю глупоту — дзякую Табе.

Дзякую Табе, бо калі б на зямлі было дзіця з яшчэ большым невуцтвам і яшчэ большаю глупотаю, то Ты б выбрала яго…

За тое, што мая мама памерла, калі я была далёка, за боль, які адчула, калі мой тата, замест таго, каб прытуліць сваю малую Бэрнадэту, назваў мяне «сястра Марыя Бэрнадэта»… — дзякую Табе, Езу.

Дзякую Табе за гэтае сэрца, якое Ты мне даў, такое чулае і далікатнае, і якое перапоўніў горыччу…

За тое, што маці Юзэфа абвясціла, што я ні да чаго не здатная, дзякую… за сарказмы маці-настаўніцы, за яе суровы голас, за яе несправядлівасць і іронію, за хлеб прыніжэння… — дзякую.

За такія мае паводзіны, што маці Марыя Тэрэза магла сказаць пра мяне: «Ніколі ёй ні ў чым не саступайце»…

Дзякую за тое, што была прывілеяванаю асобаю ў папроках мяне за мае недахопы да такой ступені, што іншыя сёстры казалі: «Як добра, што я не Бэрнадэта».

Дзякую за тое, што была Бэрнадэтай, якой пагражалі вязніцай, бо я бачыла Цябе, Маці…, тою Бэрнадэтаю, такою нікчэмнаю і мізэрнаю, што, бачачы мяне, людзі казалі: «Дык гэта яна?», Бэрнадэтаю, на якую людзі глядзелі, як на рэдкага звера.

За гэтае цела, якое Ты мне даў, вартае літасці, якое гніе, за гэтую хваробу, пякучую, як агонь і дым, за косці мае спарахнелыя, за пот і за гарачку, за тупы і востры боль…— дзякую Табе, мой Божа.

І за гэтую душу, якую Ты мне даў, за пустыню ўнутранай чэрствасці, за Твае ночы і Твае бліскавіцы, за Тваё маўчанне і Твае перуны — за ўсё. За Цябе — калі Ты быў пры мне і калі Цябе так не хапала… — дзякую, Табе, Езу (паводле Fonti vive, Caravate, верасень, 1960).

 
Працяг у нумары №4(144) 2007 >>>

Пераклад з польскай мовы
Міколы Новікава.