Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2007 г. >>>

— Навошта вы папрасілі гэтага чалавека быць хросным вашага дзіцяці? — пытае святар у бацькоў, якія прыйшлі дамаўляцца аб хросце.

Малады мужчына, пра якога ішла гаворка, толькі што востра, на высокай ноце паразмаўляў са святаром, а цяпер выйшаў з касцёла і надчэкваў сваіх знаёмых на дварэ. Катэгарычнае пытанне святара да бацькоў магло б шакіраваць, калі б не адно «але». Святар толькі што пачуў ад таго мужчыны «крэда» ягонае веры. Яно складалася з таго, што Бога патэнцыяльны будучы хросны нібы прызнае, але не разумее, навошта ўвогуле створаны Касцёл. А таму, зразумела, у касцёле ён не бывае (апошні раз быў у маленстве), малітваў не ведае і не жадае ведаць, Евангелле не чытаў і ў бліжэйшы час наўрад ці знойдзе для яго час.

—Чаму вы згадзіліся быць хросным гэтага дзіцяці? — запытаў у яго святар.

— Бо папрасілі мае сябры, — паціснуў плячыма мужчына і грэбліва дадаў: — Сам я, ужо ж паверце, не напрошваўся.

— Але вы не можаце быць хросным, — сумна і стомлена прамовіў святар.

— Чаму?! — абурыўся мужчына, нібы яго толькі што невядома як абразілі.

— Вы не практыкуеце веры. Як жа вы дапаможаце дзіцяці вырасці добрым хрысціянінам?

У мужчыны на нейкі час адняло мову, потым ён выбухнуў:

— І вы хочаце, каб пасля гэтага да вас ішлі людзі?! Ды вы… вы…

Не хапіла больш словаў — ён выбег з касцёла і цяпер нервова праходжваўся па касцёльным пляцы, чакаў сваіх сяброў. А ягоныя сябры, практыкуючыя католікі, таксама, як гэта ні дзіўна, не жадалі зразумець, чаго ад іх патрабуе святар:

— Ён наш сябар, і мы хочам, каб менавіта ён, а не хто іншы быў хросным!

Потым высветлілася, што сябар гэты займае нейкую адказную пасаду і з гэтае прычыны таксама зусім не выпадала, каб ён ды не стаў хросным. Аргумент жа святара пра тое, што пры выбары хроснага бацькі трэба кіравацца зусім іншымі крытэрыямі, не спрацоўваў.

— Але ён не дапаможа вам выхаваць дзіця ў духу веры! — спрабаваў пераканаць іх святар.

— І не трэба, — спакойна адказала маці, — мы яго самі будзем выхоўваць.

— А калі з вамі здарыцца штосьці непрадбачнае, і вы, напрыклад, захварэеце альбо, яшчэ горш, — памрэце?

На гэта маладыя мама з татам адно засмяяліся — паміраць яны яўна не збіраліся нават і ў аддаленай перспектыве.

Не ведаю, якое рашэнне ў выніку было прынята. Святар прапанаваў маладым бацькам яшчэ добра падумаць. Яны абяцалі, але незадаволеныя выразы іхніх твараў яскрава казалі пра тое, што рабіць гэта яны не маюць ніякае ахвоты. Яны пайшлі, а святар стомлена папрасіў мяне:

— Напішыце пра гэта ў часопісе, нагадайце людзям, што выбар хросных для свайго дзіцяці — гэта зусім не драбяза.

Так, гэта не драбяза, як не бывае яе ўвогуле ў хрысціянстве. Бо за кожным прамоўленым «так» альбо «амэн» стаіць поўная згода чалавека на супрацоўніцтва з Богам. І калі на пытанне святара ў часе хросту: «А вы, хросныя, ці гатовыя вы дапамагаць бацькам гэтага дзіцяці выконваць іх абавязкі?» хросныя адкажуць: «Так, гатовыя», то гэта азначае, што яны далі абяцанне самому Богу. Бо як жа інакш разумець гэта, памятаючы пра тое, што яны сталі ўдзельнікамі аднаго з сямі сакрамэнтаў Каталіцкага Касцёла? Але бяда ў тым, што часам тыя, хто бярэ на сябе адказнасць стаць хроснымі, увогуле слаба ўяўляюць, што такое сакрамэнт, а значыць, і не разумеюць усёй значнасці свайго ў ім ўдзелу. Вінаваціць іх у гэтым нібыта і не выпадае. Больш пытанняў у такой сітуацыі паўстае да кроўных бацькоў дзіцяці, якія часам бяздумна запрашаюць у хросныя свайго дзіцяці людзей слабой веры. Бо пра якую адказнасць за свайго хрэсніка альбо хрэсніцу можа ісці размова, калі чалавек сам не практыкуе веры і нават не жадае штосьці мяняць у сваім стаўленні да яе? Які ўжо з яго памочнік у выхаванні чалавека, калі яму самому патрэбна дапамога?

Аднойчы ў маладосці мне самой давялося быць хроснай у маіх праваслаўных сяброў. Яны, мабыць, не сказалі святару, што хроснай будзе каталічка, а я сама палічыла, што маю на тое поўнае права, бо мы добра сябравалі, — дык якія ж тут, маўляў, могуць быць перашкоды. Пазней адзін мой прыяцель, праваслаўны святар, сказаў мне, што няварта гэтага было рабіць, бо я не магу спрычыніцца да выхавання таго хлопчыка, таму што не належу да праваслаўнай канфесіі і не ведаю яе традыцый. Згадзіцеся, што рацыя ў такім падыходзе, безумоўна, ёсць.

Нядаўна адна маладая жанчына падзялілася са мной тым, што яна шмат надзеяў ускладае на свайго хроснага сына, бо спадзяецца, што ён, які сам мае моцную веру, не толькі будзе добрым хросным, але і станоўча паўплывае на яе мужа, чыя вера «надта ж ужо нейкая летняя ды сонная». Ці не прыклад гэта адказнага стаўлення і да выбару хроснага для свайго дзіцяці, і да клопату аб духоўным жыцці свайго мужа?

Калі ў хрысціянскай сям’і з’яўляецца дзіця, яна багацее не толькі на аднаго чалавека, але багацее яшчэ і на хросных. І хоць яны часта не з’яўляюцца сваякамі, але тая повязь, якой злучыў іх сакрамэнт хросту, можа аказацца вельмі моцнай і трывалай. Калі толькі абодва бакі з поўнай адказнасцю паставяцца да гэтага сакрамэнту. Бо назвацца хроснымі бацькамі — гэта штосьці нашмат большае, чым запоўнены радок у касцёльным дакуменце.

Ірына Жарнасек