Гімн з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных і, бадай, самых папулярных жанраў касцёльнай музыкі. Узнёслыя і прыгожыя мелодыі песняў хвалы вылучаюцца яскравай інтанацыйнасцю і надзвычай выразнай сілай.

Аўтарамі першых гімнаў былі філосаф і багаслоў Клімент Александрыйскі (каля 150–215 гг.) і айцец касцёла св. Грыгорый Назіянзскі (каля 329–390 гг.). Іх хвалебныя вершы не былі прызначаны для літургічнага карыстання. Выключна для набажэнстваў прызначаліся гімны сірыйскага хрысціянскага пісьменніка, багаслова і настаўніка касцёла св. Эфрэма Сірына (306–373 гг.). Менавіта яго гімны паўплывалі на фармаванне сірыйскай і грыка-візантыйскай літургічнай паэзіі, а ў эпоху Сярэднявечча яго паэтычныя творы перакладаліся на армянскую, грэцкую, лацінскую і царкоўнаславянскую мовы.

У IV стагоддзі жанр гімна дасягнуў свайго росквіту, яго колькасць ва Усходняй Царкве значна павялічылася. У гэты перыяд адбыліся першыя спробы ўвядзення гімнаў і ў заходняю літургію. Доктар касцёла св. Іларый з Пуацье (каля 310–367 гг.), пазнаёміўшыся ў Малой Азіі з гімнамі, спрабаваў увесці іх на Захадзе, але, на жаль, безвынікова. З’яўленне гімнаў на Захадзе звязваюць з багасловам і доктарам касцёла св. Іларыем Піктавійскім (каля 315–367 гг.), а заслуга іх укаранення ў літургічную практыку Заходняга Касцёла належыць доктару і айцу Касцёла, багаслову і пісьменніку св. Амброзію Медыяланскаму (339–340 — 379 гг.). Св. Амброзій таксама з’яўляецца аўтарам і першых на Захадзе гімнаў, і таму яго называюць айцом гімнодыі Заходняга Касцёла. Да нас дайшлі 14 яго гімнаў, сярод якіх Deus Сreator omnium, Aeterna Christi munera, Illuminas, Altissime, Aeterna rerum Conditor, Intende qui regis Israel, Iam surgit hora tertia, Splendor paternae gloria. Яму таксама прыпісваюць аўтарства знакамітага гімна Te Deum (Цябе, Бога, праслаўляем), але гэта пакуль дакладна не ўстаноўлена.

Вялікая колькасць гімнаў належыць Прудэнцыю (памёр пасля 407 г.), вядомыя яго гімны Audit tyrannus auxius, Consors Paterni luminis, Lux alma Iesu, Nox et tenebrae, et nubila, Salvete flores Martyrum. У сярэдзіне V стагоддзя гімны складаў Седулій, а ў наступным стагоддзі іх даволі актыўна пісаў св. Грыгорый Вялікі (каля 540–604 гг.). Знакамітаму рэфарматару літургіі належыць аўтарства песнапенняў Deus tuorum militum, Ecce Iam noctis tenuatur umbra, Iam Christus astra ascenderat, Lucis Сreator optime, Maria castis oculis, Nocte surgentes vigilemus omnes, Aeterna Rex altissime, Primo die, quo Trinitas, Rex gloriose Martyrum, якія і сёння можна знайсці ў Брэвіярыі.

Знакамітыя спевы ў гонар св. Крыжа і мукаў Пана — Pange, linguа, Crux fidelis, Vexilla regis, — а таксама ў гонар Маці Божай — Quem terra, pontus, aetera і Ave Maris stella — былі напісаныя Венанцыем Фартунатам (каля 535 — пасля 600 г.).

Вялікі ўплыў на хрысціянскую гімнодыю зрабіў перыяд росквіту паэзіі ў Сярэднявеччы, у часы Карла Вялікага (742–814 гг.). У гэты перыяд гімны стваралі Павел Дыякан (памёр у 799 г.), Паўлін з Аквілеі (памёр у 802 г.), Тэадульф Арлеанскі (каля 760–821 гг.), які на працэсію Пальмовай нядзелі напісаў спеў Gloria, laus et honor Tibi sit, Рабан Маўр ( памёр у 856 г.).

Кульмінацыяй сярэднявечнай гімнодыі з’яўляюцца ХІ і ХІІ стагоддзі, бо менавіта ў гэты перыяд гімн трывала ўвайшоў у літургічную практыку Рыма. Доктар Касцёла св. Бэрнард (1090–1153 гг.) стварыў гімны Iesu, decus angelicum, Iesu, dulcis memoria і Iesu, Rex admirabilis. Гімны пісаў таксама і доктар Касцёла св. Тамаш Аквінскі (каля 1226–1274 гг.). Вядомыя яго творы Lauda Mater Ecclesiae, Lauda Sion Salvatorem, Pange lingua, Sacris solemnis, Verbum supernum prodiens, Adoro te devote.

Да сённяшняга дня існуе вялікая колькасць гімнаў неўстаноўленага аўтарства, у тым ліку і з першых стагоддзяў хрысціянства, якія знаходзяцца ў рымскім Брэвіярыі і карыстаюцца папулярнасцю.

Дзякуючы шматвяковай традыцыі бытавання, а таксама аўтарытэту св. Бэнэдыкта і св. Амброзія гімны захаліся падчас вялікай літургічнай рэформы — Трыдэнцкага Сабору. Гімн трывала захаваў свае пазіцыі ў літургічнай практыцы Каталіцкага Касцёла, у той час як пад значнае скарачэнне і выключэнне з практыкі трапілі іншыя музычныя жанры, напрыклад, тропы ці секвенцыі.

Для тэкстаў гімнаў характэрна аднолькавая пабудова ўсіх строфаў і строгая вывераная дакладная колькасць складоў у кожным радку страфы. Першапачаткова рыфма ў іх адсутнічала і з’явілася толькі ў Сярэднявеччы. Мелодыка гімнаў магла быць сілабічнай (калі на кожны склад тэксту прыпадала адна нота) альбо неўматычнай (на адзін склад спявалася дзве і болей ноты).

Звычайна гімны запісваліся ў антыфанарыі, Брэвіярыі, а таксама спецыяльна прызначаныя для іх кнігі — гімнарыі, у адпаведнасці з літургічным парадкам.

Святлана Шэйпа