Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Благаслаўленне

Благаслаўляць можа толькі той, хто мае ўладу. Благаслаўляць можа толькі той, хто можа ствараць. Благаслаўляць можа толькі Бог.

Благаслаўляючы, Бог глядзіць на сваё стварэнне. Ён прызывае яго па імені. Яго ўсемагутная любоў звяртаецца да сэрца стварэння, да сутнасці яго істоты, і з рукі Божай плыве моц, якая робіць пладаносным, якая павялічвае, якая аздараўляе і паляпшае: «Хачу глядзець на вас і павялічваць ваш ураджай».

Толькі Бог можа благаслаўляць. Таму што благаслаўленне — гэта распараджэнне адносна таго, што існуе і дзейнічае. Благаслаўленне — гэта вырашальнае слова Пана Стварэння; абяцанне і запавет Пана Провіду. Благаслаўленне — гэта добры лёс.

Ніцшэ належаць словы, якія дыхаюць бунтам: «З тых, што моляцца, мы павінны стаць тымі, што благаслаўляюць». Ён ведаў, што разумеў пад гэтым. Толькі Бог можа благаслаўляць, бо Ён — Пан Жыцця. А мы па сваёй сутнасці — тыя, што просяць.

Супрацьлегласцю благаслаўлення з’яўляецца праклён. Праклён азначае асуджэнне на смерць, накладанне пячаці няшчасця. Ён таксама скіраваны да пэўнага аблічча, да сэрца. Праклён — гэта распараджэнне Пана, якое закрывае крыніцу жыцця.

Аднак удзел у гэтай уладзе — благаслаўляць ці праклінаць — Бог даў усім тым, хто пакліканы да стварэння жыцця: бацькам («Благаслаўленне бацькі будуе дамы дзяцей») і святарам. Іх заданнем з’яўляецца ствараць жыццё (цялеснае і духоўнае. — Заўв. перакл.), жыццё натуры і ласкі. Для гэтага яны прызначаныя паводле сваёй сутнасці і пасады.

І атрымаць моц для благаслаўлення можна толькі тады, калі яно будзе поўнасцю чыстым; калі той, хто благаслаўляе, больш не шукае сябе, а хоча быць цалкам слугою Бога Жывога.

Але заўсёды гэта моц, якую дае Бог. Яна знікае, калі нехта прэтэндуе распараджацца ёю самавольна. Па сваёй сутнасці мы — тыя, што просяць. Тымі, што благаслаўляюць, мы становімся толькі з ласкі Божай — таксама як з ласкі Божай мы маем моц аддаваць сапраўдныя распараджэнні.

І так, як гэта ёсць з уладаю благаслаўлення, адбываецца і з праклёнам: «Праклён маці развальвае фундаменты» — фундаменты «дамоў», жыцця, здароўя.

Тое, узор чаго дадзены тут у натуры, знаходзіць сваё спаўненне ў ласцы. Бо тое, што сапраўды дзейнічае ў благаслаўленні, што сапраўды бруіцца ў ім, — у праўдзівым благаслаўленні, якое адпавядае сваёй сапраўднай сутнасці, з якога ўсё натуральнае толькі чэрпае падабенства, — гэта ўласнае жыццё Бога. Бог благаслаўляе самім Сабою. Самога сябе дае Ён у благаслаўленні. Зародкам Божага жыцця з’яўляецца Яго благаслаўленне — для «ўдзелу ў Боскай натуры». Але гэта ўжо — ласка, чысты дар, дадзены нам у Хрысце.

Вось што такое благаслаўленне, у якім Бог удзяляе нам Сябе ў знаку крыжа.

Гэтую моц Божага благаслаўлення Ён даў тым, хто Яго замяшчае: праз сакрамэнт хрысціянскага сужэнства гэтую моц маюць бацька і маці. Праз сакрамэнт святарскага пасвячэння яе мае святар. Праз сакрамэнт хросту і каралеўскае святарства канфірмацыі гэтая моц даецца тым, хто любіць «Пана Бога ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, і ўсім розумам сваім, а бліжняга свайго, як самога сябе». Усім ім Бог даў уладу благаслаўляць — кожнаму па-рознаму, адпаведна яго пакліканню. Даў уладу благаслаўляць Яго ўласным жыццём.

Знешнім чынам благаслаўленне здзяйсняецца праз пасрэдніцтва рукі — праз яе жэсты. Рука кладзецца на галаву падчас сакрамэнту канфірмацыі, а таксама падчас удзялення сакрамэнту святарскага пасвячэння для таго, каб праз яе працякала тое, што прыходзіць з вышыняў, тое, што струменіць у Божым Духу. Рука фармуе знак крыжа на чале альбо на постаці чалавека, каб у ім разлілася Божая поўня. Бо рука — гэта тое, што адорвае; яна стварае, яна фармуе, яна дае.

І апошняе — тады, калі благаслаўленне здзяйсняецца самім Найсвяцейшым Сакрамэнтам, Целам Хрыста ў сакрамэнце алтара. Але гэта павінна адбывацца з вялікай пашанай, з захаваннем таго, што належыць гэтай вялікай таямніцы.

 
Працяг у нумары №6-7(146-147) 2007 >>>

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.