“...Трэба зрабіць усё магчымае, каб арганізаваць і развіваць душпастырства сем’яў, клапоцячыся пра гэту першачарговую сферу з перакананнем, што будучыня евангелізацыі залежыць у вялікай ступені ад “хатняга касцёла”.

Ян Павел II, адгартацыя
Familiaris consortio, 65.

Святы Ян Хрызастом напрыканцы IV стагоддзя ў адной з гаміліяў, тлумачачы тэкст з Дзеяў Апосталаў, назваў хрысціянскую сям’ю «хатнім касцёлам». З таго часу хрысціянскі погляд на сям’ю не змяніўся, а сужэнская суполка па-ранейшаму застаецца ў цэнтры жыцця Каталіцкага Касцёла, адлюстроўваючы таямніцу Хрыстовай любові да людзей. Пра гэта сведчаць шматлікія дакументы Апостальскай Сталіцы, прысвечаныя сям’і і душпастырскай дзейнасці на карысць сям’і: Gaudium et Spes (п. 47–52) — Душпастырская канстытуцыя аб Касцёле ў сучасным свеце II Ватыканскага Сабору; Humanae vitae — энцыкліка Папы Паўла VI (Аб пераказванні чалавечага жыцця); Evangelium vitae — энцыкліка Яна Паўла II (Аб вартасці і некранальнасці чалавечага жыцця); Familiaris consortio — адгартацыя Яна Паўла II (Аб задачах хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце); «Чалавечая асоба» — дэкларацыя Кангрэгацыі дактрыны веры ад 29.12.1975 г., у якой разглядаецца хрысціянскі погляд на сексуальнасць; «Інструкцыя выхавання адносна чалавечай любові» Кангрэгацыі каталіцкага выхавання ад 01.11.1983г.; Donum vitae — інструкцыя Кангрэгацыі Дактрыны веры ад 22.02.1987г. (Аб павазе да зачатага чалавечага жыцця); «Ліст да сем’яў» Яна Паўла II ад 02.02.1994 і г. д.

Адным з найважнейшых дакументаў па праблемах сям’і з’яўляецца вядомая адгартацыя Папы Яна Паўла II Familiaris consortio (Пра абавязкі хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце), выдадзеная ў 1981 г. Нягледзячы на тое, што з дня яе выхаду прайшло ўжо чвэрць веку, гэтае пастырскае навучанне не страціла сваёй актуальнасці. Святы Айцец пералічвае негатыўныя аспекты сітуацыі, у якой знаходзяцца сем’і: з аднаго боку — гэта дэградацыя асноўных вартасцяў быцця, памылковае разуменне незалежнасці сужэнцаў, аспрэчванне бацькоўскага аўтарытэту, а з іншага боку — памылковае разуменне самастойнасці дзяцей, рост колькасці разводаў, бедства перарвання цяжарнасці — аборты, распуста (FC, 6). Да гэтага можна дадаць даволі характэрныя і частыя прычыны, якія выклікаюць пагрозу для сужэнстваў на Беларусі: адсутнасць свядомага разумення сужэнскага жыцця, лаіцызацыя, алкагалізм і наркаманія, сужэнскія здрады, адсутнасць маральнай адказнасці за сужэнства і сям’ю, недахоп добрай волі ў сужэнцаў у пераадольванні канфліктаў («Божая візія сужэнства і сям’і», «Сінадальная душпастырская дапамога нарачоным», 1999 г.). Усе гэтыя праблемы вядуць да скіраванасці «супраць жыцця». Сучасныя сем’і таксама сустракаюцца з пералічанымі праблемамі і маюць патрэбу ў дапамозе, шукаюць сродкаў для самарэалізацыі на шляху да Бога. Ян Павел II звяртае ўвагу на тое, што карані шкодных сімптомаў знаходзяцца перш за ўсё ў неадпаведным разуменні і карыстанні воляю і свабодаю, разуменні іх не як здольнасці рэалізацыі праўдзівага Божага замыслу адносна сужэнства і сям’і, але як аўтаномнай сілы, што вядзе да заспакаення ўласнага эгаізму, які не лічыцца з іншымі (FC, 6).

Ёсць яшчэ і знешнія праблемы, з якімі сутыкаюцца сям’і. Гэта і недахоп матэрыяльных сродкаў, месцаў працы, жыллёвых умоваў, належнага харчавання, лекаў і г.д. Яны таксама часта перашкаджаюць глядзець на сям’ю праз любоў Бога, таму Святы Айцец падкрэслівае неабходнасць стварэння душпастырства сем’яў, каб дапамагаць сваім вернікам. «Пастырскі клопат Касцёла... павінен выразна праяўляцца адносна ўсіх сем’яў, і асабліва адносна тых, якія знаходзяцца ў цяжкай або «няправільнай» сітуацыі» (FC, 65).

Каталіцкі Касцёл лічыць служэнне сям’і «першым і па шматлікіх прычынах найістотнейшым шляхам паклікання і паслугі» (LR 1-2). Таму Касцёл «жадае несці сваё вучэнне i прапаноўвае дапамогу тым, хто, усведамляючы вартасць сужэнства і сям’і, імкнецца застацца верным ёй; тым, хто ў стане няўпэўненасці i неспакою шукае праўды; i тым, хто сустракаецца з беспадстаўнымі перашкодамі ў рэалізацыі ўласнага ўяўлення пра сям’ю» (FC 1). Дапамагчы сем’ям крочыць да Пана Бога паклікана душпастырства сем’яў. Касцёл — «супольнасць збаўленая і адначасова збаўляльная — з’яўляецца крыніцаю i адказным ініцыятарам душпастырства сем’яў», якое ён выконвае, дзейнічаючы «праз свае структуры і сваіх супрацоўнікаў» (FC, 70).

Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі 11.06.02 г. была створана «Рада па справах сям’і», якую ўзначальвае біскуп Антоні Дзям’янка, Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Каб дапамагчы ў стварэнні структураў душпастырства сем’яў, а таксама разумна накіраваць яго дзейнасць, «Рада па справах сям’і» падрыхтавала «Рэкамендацыі душпастырства сем’яў», якія былі зацверджаны 30.06.2005 года Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У кожнай дыяцэзіі прызначаны святар, які пры падтрымцы адпаведна падрыхтаваных свецкіх асобаў павінен рэалізоўваць асноўныя заданні ў сферы душпастырства сем’яў. Дэкрэтам ад 11.10.2006 г. біскуп Антоні Дзям’янка прызначыў а. Пятра Бялевіча ОМІ адказным за душпастырства сем’яў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Паняцце «душпастырства сям’і» падвойнае. Яно азначае і касцёльныя структуры, адказныя за сям’ю, і дзейнасць на карысць сям’і. Гэтыя два аспекты цесна звязаны паміж сабою, таму што структуры душпастырства сям’і створаны менавіта дзеля эфектыўнай і плённай працы. Можна сказаць, што душпастырства сем’яў — гэта розныя формы актуальнага клопату пра сужэнствы і сем’і, галоўнымі заданнямі якога з’яўляюцца абарона жыцця, падрыхтоўка дзяцей і моладзі да сапраўднай любові, падрыхтоўка да сужэнства, кансультаванне па пытаннях сям’і, апека маладых сужэнстваў, дапамога сужэнствам і сем’ям, якія знаходзяцца ў крызісе, стварэнне сямейных рухаў і г. д.

Стварэнне структураў душпастырства сям’і на Беларусі напаўняе душу надзеяй, бо нашым сем’ям і моладзі вельмі патрэбна дапамога ў стварэнні сапраўднай Божай візіі сужэнскага шляху. Хрыстус Пан узвысіў саюз мужчыны і жанчыны да годнасці сакрамэнту і праз яго даў сужэнцам ласку пажыццёвага выканання іх паклікання. Сын Божы такім чынам дапамагае мужу і жонцы, дае ім сумесную радасць і вядзе шляхам спакою, любові і згоды. Хрыстус, Касцёл, святыя сакрамэнты, малітва і вера робяць жыццё сужэнцаў спакойным, даюць сілу для пераадолення цяжкасцяў і канфліктаў. «Ласку, якая ўдасканальвае гэтае натуральнае каханне, умацоўвае яго непарыўную еднасць і асвячае сужэнцаў, выслужыў праз Сваю муку Сам Хрыстус. Ен устанавіў святыя сакрамэнты і дзейнічае праз іх» (Conc. Trid. Sess. 24. Doctrina de sacramento Matrimonii, BF, VII, n. 594, 603).

Ірына Шмак,
магістр навукаў аб сям’і.

 
Малітва аб благаславенні для сям’і

Божа добры і міласэрны, аддаем у Тваю апеку наш дом, сям’ю і ўсё, што маем.

Благаслаўляй нас, беражы ад усяго злога, ахоўвай у небяспецы, захоўвай ад няшчасця, умацоўвай нашу веру. У смутку і цярпенні дай шчырую надзею. Учыні, каб мы заўсёды былі паяднаныя з Табою. Амэн.