Тэма размовы, якую мы пачынаем сёння, вельмі і вельмі актуальная. Не сакрэт, што сярод тых, хто называе сябе католікамі, шмат людзей, якія вераць у забабоны і астралогію, звяртаюцца да варажбітоў, чараўнікоў, акультных практык і нават самі практыкуюць. На жаль, нават у сваёй парафіі давялося назіраць, як, на першы погляд, пабожныя жанчыны збіраюцца ехаць у Маскву да тых варажбітак, што часам выступаюць на тэлеканалах і ўводзяць у зман людзей. Іншая каталічка, дарэчы са стажам, не водзіць сваё малое дзіця ў касцёл, — маўляў, сурочаць. Яшчэ адна верыць у тое, што, каб мець грошы, трэба пакланяцца гэтым паперкам: цалаваць іх, туліць да сэрца, выконваючы пэўныя рытуалы, якім вучаць шматлікія кніжкі пра замовы. Нярэдка даводзіцца чуць і пра тое, што пятніца 13-га нешчаслівы дзень. Апошні факт, які прымусіў узяцца за гэты матэрыял, звязаны з фігуркай Маці Божай Фацімскай, якая цяпер перэгрынуе па сем’ях нашай парафіі. Жанчына, якой выпала сапраўднае шчасце прымаць фігурку 13-га чысла, са страхам адмовілася ад яе і папрасіла перапісаць чаргу на іншы дзень.

З гэтымі і іншымі пытаннямі я звярнулася да дзекана Залатагорскага дэканата г. Мінска, місіянера ордэна аблатаў Марыі Беззаганнай айца Пятра Бялевіча.

 
— Айцец Пётр, на Вашую думку, чаму многіх людзей так прываблівае магія і ўсё, што з ёю звязана?

— Жыццё чалавека напоўнена шматлікімі праблемамі, клопатамі, якія ахопліваюць душу страхам. Чалавек шукае таго, што дапаможа кіраваць лёсам, імкнецца здабыць веды, якія будуць пераўзыходзіць сілы прыроды. Чалавек не любіць быць слабым, ён хоча быць гаспадаром прыроды, гаспадаром сваёй будучыні і нават гаспадаром Бога, г. зн. кіраваць Богам. Так было заўсёды. Варажба і магія ў старажытных народаў былі з’явай звычайнай, у некаторых нават узведзеныя у ранг рэлігіі. Пра гэта мы чытаем у Старым Запавеце. Але мы чытаем і пра тое, што Бог катэгарычна забараняе ўсё гэта. За ўсялякае праяўленне магіі чакала смяротнае пакаранне. «І калі якая душа павернецца да закліначоў мёртвых і да чарадзеяў, каб аблудна хадзіць па слядах іхніх, дык Я павярну аблічча Маё на тую душу і знішчу яе з народу яе» (пар. Лев 20, 6.). «Не павінен быць у цябе той, хто праводзіць сына свайго альбо дачку сваю праз агонь, ні вяшчун, ні варажбіт, ні чарнакніжнік, ні чарадзей, ні змуснік, які заклінае духаў, ні чараўнік, які апытвае нябожчыкаў; бо агідны перад Панам кожны, хто робіць гэта, і якраз за гэтыя мярзоты Пан, Бог твой, праганяе іх ад аблічча твайго» (пар. Дрг 18,10–12).

— Усе гэтыя магічныя практыкі лічацца ідалапаклонствам?

— Безумоўна. Згадаем самую першую Божую запаведзь: «Я — Пан Бог твой, які вывеў цябе з зямлі Егіпецкай, з дому няволі. Не май іншых багоў, апроч Мяне». Але людзі вельмі часта забываюцца пра гэтую запаведзь. У сваёй святарскай практыцы я сустракаю тых, хто расказвае мне пра забабоны на поўным сур’ёзе, напрыклад, пра тое, што на наваселле першым у кватэру яны запускалі ката. Мне сорамна і ў той жа час вельмі балюча гэта чуць. Замест таго, каб запрасіць святара альбо самім пакрапіць памяшканне асвячонай вадой, павесіць крыж, людзі займаюцца абразай Бога. Каты, падковы, нейкія магічныя рэчы ў іх на першым месцы. Лагічна б разважылі: няўжо дапаможа кот, якога стварыў, як і ўсё жывое, Пан Бог, альбо жалязяка ў выглядзе падковы ці шпількі? Чаму такое адбываецца? Таму што людзі не маюць веры.

— Гэта адказ і тым, хто хоча разбагацець, чытаючы нейкія замовы?

— Безумоўна. Не грэх мець грошы. Грэх, калі мы пачынаем цаніць іх больш, чым людзей, больш, чым Бога. Нельга, каб грошы кіравалі чалавекам, не можна прывязваць да іх свайго сэрца. «Бо дзе скарб твой, там будзе і сэрца тваё»,— гаворыцца ў Евангеллі ад Мацвея (6, 21). «Не можаце служыць Богу і мамоне» (6, 24). Бог не хоча, каб нашым скарбам былі грошы. Ён сам хоча быць нашым скарбам, а потым дасць усё, у чым мы маем патрэбу.

— Сёння вельмі распаўсюджана літаратура пра ўсялякага роду замовы, многія «купляюцца» на тое, што ў іх сустракаюцца словы рэлігійнай тэрміналогіі, накшталт «раб Божы». Што Вы скажаце аматарам такой вось літаратуры?

— Усе замовы звязаны з акультнай практыкай. У хрысціянаў няма замоваў, у хрысціянаў — малітва. Хрысціяне кіруюцца Святым Пісаннем. Слова Божае мае вялікую моц, ужо само па сабе яно ачышчае і аздараўляе. Людзі, адкрыйце для сябе Біблію! Чытайце Біблію! Не бярыце нават у рукі літаратуры, якая забруджвае душы, гэта вельмі небяспечна. Душу потым вельмі доўга трэба адмываць.

— На споведзі?

— Зразумела, што на споведзі душа ачышчаецца, але наступствы гэтага граху яшчэ доўга будуць пераследаваць. Уступіўшы ў нечыстоты, абутак памыеш, але смурод надоўга застанецца. Таму, акрамя шчырай споведзі, тут патрэбна адрачэнне ад зла, як мы робім гэта падчас хросту альбо калі аднаўляем прысягу святога хросту на Вялікдзень. Чалавек павінен не толькі сказаць, што ён больш не будзе гэтага рабіць, — ён ужо гэта зрабіў, ён ужо ў гэтай багне, таму патрэбна вырачэнне. Не забывайма, што д’ябал вельмі хітры і разумны, і чалавек сваімі сіламі не ў стане яго адагнаць, трэба звяртацца да Езуса. Гаворым, што ў імя Езуса Хрыста адракаемся ад шатана і ўсіх яго акультных справаў — варажбы, чараўніцтва, спірытызму, гараскопаў, забабонаў, усяго таго, што аддзяляе нас ад Бога. І тут жа трэба вызнаць сваю веру ў адзінага Бога, прачытаўшы Сімвал веры. Гэта павінен рабіць кожны, хто хаця б раз быў звязаны з такім грахом.

— Як часта трэба так рабіць?

— Пастаянна. Гэта павінна стаць малітвай на кожны дзень. Акультны грэх вельмі цяжкі, і наступствы яго вельмі сур’ёзныя, таму жартаваць тут нельга. Ведаю аднаго маладога чалавека з Польшчы, які захапляўся варажбой, нават спецыяльныя курсы скончыў. Меў, нібы наркаман, залежнасць ад гэтай практыкі. На шчасце, з Божай дапамогай, ужо пяць гадоў як вырваўся з яе. Гаварыў, што часам узнікае непераадольнае жаданне звярнуцца да магіі, і тады ён кленчыць перад крыжам, чытае адрачэнне і вызнае сваю веру. Без малітвы і святых сакрамэнтаў тут няма паратунку.

— Некаторыя гавораць, што вось варажбітка ўсю праўду сказала, нейкі экстрасэнс альбо чараўнік дапамог. Што адказваць у такіх выпадках?

— А ці ведаюць яны, якім коштам гэта зроблена? Трэба памятаць, як вучыў святы Ігнацый Лаёла, а што ззаду, ці няма з-пад гэтага «дабра» д’ябальскага хваста? Шатан можа дапамагчы ў малым, каб завалодаць вечнаю каштоўнасцю — душою чалавека. Не трэба тут шмат гаварыць, лепш звярнуцца да Божага Слова. Як у Старым, так і ў Новым Запавеце ўсе акультныя практыкі асуджаюцца. У пасланні св. Апостала Паўла да Галатаў сказана, напрыклад, што тыя, хто пакланяюцца ідалам і варожаць, Валадарства Божага не наследуюць. Ян Багаслоў у Адкрыцці таксама піша, што доля чараўнікоў і служак ідалавых разам з распуснікамі і забойцамі — «у возеры, палаючым агнём ды сераю…» Карысна пачытаць таксама Дзеі Апосталаў, а менавіта 13,6–11; 16,16–18; 19, 13–20.

— Тыя ж варажбіткі, экстрасэнсы ды магі не кожнаму бяруцца «дапамагаць», яны арыентуюцца на людзей, якія лёгка гэтаму паддаюцца. Што Вы скажаце?

— Безумоўна. Вось адзін з прыкладаў. На пачатку ХХ стагоддзя місіянер з Паўночнай Канады айцец Бульяр, які працаваў сярод эскімосаў, напісаў кнігу. Там ён піша, што гэтыя людзі жылі ў пастаянным страху ад усялякіх забабонаў. Яны баяліся, калі святар глядзеў на іх, а заўважыўшы на сабе позірк, які ім не падабаўся, у тую ж самую секунду маглі захварэць. Менавіта ад самаўнушэння. З гэтай кнігі я добра зразумеў, напрыклад, што такое гараскопы і чаму людзі ім вераць. Чалавек сабе ўнушае: так павінна быць, як напісана ў той газеце, дзе надрукаваны гараскоп. І таму гэта спаўняецца. Наша падсвядомасць — вялікая таямніца, не падуладная чалавеку. Унушальнасць адбіваецца на падсвядомасці, таму жартаваць тут нельга. Унушальнасць можа прывесці да дэпрэсіі, цяжкіх хваробаў душы і цела.

— Напэўна, з унушэннем звязаны многія забабоны, пра таго ж чорнага ката, пустыя вёдры, лічбу 13 і гэтак далей?

— Так. Пра лічбу 13 хачу сказаць асобна. Мне, напрыклад, у жыцці вельмі пашанцавала праз гэтую лічбу, бо менавіта 13 чэрвеня нарадзілася мая мама. І мы, дзеці, а нас было ў сям’і сямёра, заўсёды радаваліся ў гэты дзень, святкавалі яго і былі па-сапраўднаму шчаслівыя. А ўзяць нашу Нябесную Маму — Маці Божую Фацімскую, якая выбрала менавіта лічбу 13, аб’явіўшыся ў гэты дзень траім малым пастушкам. Яна сказала, каб дзеці прыходзілі на гэтае месца кожнага 13-га чысла з мая па кастрычнік. Дык чаму ж мы павінны баяцца гэтай лічбы?

— Як і пятніцы 13-га?

— Пятніца для хрысціянаў, наогул, святы дзень. І святкаваць яго трэба ў посце, малітве, добрых справах, а не ў танцах, п’янцы ды распусце. Хто чыніць зло, хай баіцца. Касцёл канкрэтна сказаў, што ў кожную пятніцу года, за выключэннем святаў, мы посцімся ад мяса і ад гучных забаваў. Сапраўдны хрысціянін не пойдзе на забаву ў гэты дзень, бо Хрыстус, наш Збавіцель, памірае на крыжы.

— На жаль, пятніца — апошні працоўны дзень тыдня і на вуліцах вельмі шмат п’яных, больш, чым у іншыя дні.

— Так, д’ябал радуецца, што Хрыстус памірае, таму ў гэты дзень ён спакушае людзей з усёй сваёй шатанскай жорсткасцю. Ён думаў, што забіў Езуса, але Збаўца выйшаў пераможцам. Са злосці д’ябал лютуе, маўляў, у гэты дзень буду здабываць больш душаў для пекла. Барацьба паміж дабром і злом працягваецца. Але Бог заўсёды перамагае. Хачу, каб людзі зразумелі, што ніякія чары, праклёны, сурокі ніколі не падзейнічаюць на веруючага чалавека. Навошта шукаць варажбітоў, калі ў нас ёсць Пан Бог? Я заўсёды людзям кажу, што побач з намі, а менавіта ў Вільні, упершыню аб’явіўся Пан Езус святой Фаустыне. Там напісаны першыя старонкі яе дзённіка.Чытайце гэты дзённік! Ідзіце да Езуса, аддайце Яму сваё жыццё, сваю бяду! Даверцеся Таму, Хто жыццё аддаў за кожнага з нас! Бо ўсялякія забабоны з’яўляюцца там, дзе няма даверу да Бога. Папрасіце ў Бога аб ласцы поўнага даверу да Яго і ўжо цяпер паспрабуйце безаглядна аддацца Яму. І нічога не бойцеся. Нават калі пагражае вялікая небяспека, нават смяротная, веруючы чалавек павінен спадзявацца на Бога. Паслухайце, што кажа 22(23) псальм: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы …Калі нават пайду далінай смяротнага ценю, не буду баяцца зла, бо Ты са мною. Твой жэзл і Твой посах мяне суцяшаюць». Адкрыйце для сябе псальмы, гэта цудоўныя малітвы! Як я сказаў напачатку, менавіта Слова Божае ачышчае і аздараўляе.

— Шчыра дзякую Вам, айцец Пётр, за гэту размову.

Размаўляла Галіна Калевіч.

 
P.S. Паважаныя чытачы, чакаем вашых меркаванняў і пытанняў на гэту тэму.