Працяг. Пачатак у № 3 за 2007 г. >>>

Малітва

Святы айцец Піо вельмі папулярны сярод вернікаў нашага часу. Мы захапляемся ягонымі цудамі, шматлікімі аздараўленнямі людзей, ягонымі унікальнымі магчымасцямі, можа, нават часам зайздросцім гэтым магчымасцям і тым шчодрым ласкам, якімі ён быў адораны. Але ці ведаем мы, як гэты чалавек маліўся, колькі часу ён аддаваў на размову з Тым, Хто адорваў яго і ласкамі, і цярпеннямі, і выпрабаваннямі? Стыгматык айцец Піо столькі маліўся, што некаторыя ягоныя біёграфы называюць яго чалавекам, «які стаў малітвай». Ён рабіў гэта не толькі днём, але і ўначы: заўсёды маліўся Ружанец, адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт, шмат часу праводзіў на кантэмпляцыйнай малітве, у выніку якой часта зведваў экстаз.

 
Бог дае супакой

Ён прызнаваўся, што як толькі пачынае сваю размову з Богам, ягоную душу адразу ж ахопліваюць спакой і ціша ў сэрцы. І ў такія хвіліны, калі б нават побач пачуўся галас, яму гэта ўжо не перашкодзіла б.

 
Дотык Бога

«Часта здараецца, — пісаў ён, — што мяне пакідае пастаянная думка пра Бога і Яго прысутнасць, а замест гэтага я чую неспадзяваны Божы дотык у самым цэнтры душы, такі моцны й салодкі, што я плачу з болю праз маю нявернасць, і плачу ад шчасця, бо маю такога добрага й чулага Айца, які дазваляе мне прабываць у сваёй прысутнасці».

«У часе малітвы мая душа акунаецца і знікае ў Богу, і атрымлівае ў такія хвіліны нашмат больш, чым магла б атрымаць цягам доўгіх гадоў практыкаў і выкарыстання ўсіх сваіх сілаў».

 
Чэрствасць

Аднак святы айцец Піо меў досвед не толькі глыбокай малітвы, якая прыносіць чалавеку радасць, але й пакінутасці, уласнай духоўнай сухасці, недасканаласці. Іншы раз «малітва і засяроджанасць робяцца немагчымымі, хоць бы я невядома як гэтага прагнуў. Такі стан паглыбляецца; і калі я тады ўвогуле жыву, то варта назваць гэты факт цудам». Калі ж гэты пакутлівы час мінаўся, Пан Бог даваў айцу Піо такі моцны дар пабожнасці духа, што ён адразу адорваўся надпрыроднымі ласкамі і такой моцай духа, што, як прызнаваўся, мог бы ўжо «супрацьстаяць усяму валадарству шатана». Таму хвіліны духоўнай чэрствасці былі для яго не толькі хвілінамі смутку ды моцнай тугі па Богу, але адначасна і надзеяй ды перакананнем, што Ён зноў пашле яму хвіліны духоўнай радасці. Што важна, у хвіліны духоўнай чэрствасці айцец Піо не пераставаў маліцца, не зважаў на тое, што малітва прыносіць менш радасці, але настойліва трываў у сваім даверы Богу.

 
Мытнік альбо фарысей?

Хто я на малітве: пакорны мытнік, які ўсведамляе сваю грахоўнасць і недасканаласць, альбо фарысей, які перакананы ў сваіх заслугах і таму прагне прыгарнуць Бога выключна для сябе? Як Божая міласэрнасць не мае межаў, так не могуць мець межаў малітвы хрысціяніна. Ягоны абавязак — маліцца не толькі за сябе ды сваіх блізкіх, але і за тых, хто яму не надта сімпатычны, хто не падзяляе ягоных поглядаў, не прызнае Бога, чые ўчынкі яго абураюць. Мы павінны маліцца за ўвесь свет. Гэтая праўда была сэнсам жыцця айца Піо. Ён казаў: «Мне здаецца, я нясу цяжар за ўсіх. Так моцна прагну, каб усе душы атрымалі апраўданне і ласкі. Мучыць мяне думка пра тых, хто бяздумна пагарджае найвышэйшым дабром».

 
Марыйнасць

Айцец Піо казаў, што пакоры і поўнаму даверу Богу ён вучыўся ў Маці Божай і святога Францішка. Ружанец, на думку святога, — гэта «моцная зброя, ад якой уцякае дэман. Яна перамагае спакусы, задобрывае Божае сэрца і выпрошвае ласкі ў Маці Божай. Гэта цудоўны дар Маці Божай для чалавецтва. Ружанец — Яе Евангелле, Брэвіярый, Эўхарыстыя… Ружанцовая малітва — сінтэз нашай веры, падпора нашай надзеі, выбух нашай любові». Айцец Піо ніколі не расставаўся з ружанцам, часта маліўся на ім за тых, хто прасіў у яго дапамогі. І калі пазней тыя прасіцелі прыходзілі яму дзякаваць, найчасцей чулі ад яго:«Гэта Марыя выпрасіла для цябе ласку, ідзі Ёй падзякуй».