Малітву Вяночак да Божай Міласэрнасці прадыктаваў 13 верасня 1935 года сам Пан Езус сястры Фаустыне Кавальскай у часе аб’яўленняў, якія адбываліся ў Вільні. Пан Езус казаў сястры Фаўстыне: «Сваёю міласэрнасцю Я пераследую грэшнікаў на ўсіх шляхах іх, і радуецца Маё Сэрца, калі яны вяртаюцца да Мяне. Я забываю пра горыч, якою яны паілі Маё Сэрца, і радуюся іх вяртанню. Скажы грэшнікам, што ніводзін не ўхіліцца ад рукі Маёй. Калі яны ўцякаюць ад Майго міласэрнага Сэрца, то трапяць у Мае справядлівыя рукі. Скажы грэшнікам, што Я заўсёды чакаю іх, услухоўваюся ў біццё іх сэрца, чакаючы, калі яно заб’ецца для Мяне. Напішы, што Я прамаўляю да іх праз дакоры сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і перуны, прамаўляю праз голас Касцёла, але калі яны Мае ласкі робяць дарэмнымі, пачынаю гневацца на іх, пакідаю іх на волю лёсу, даю ім тое, чаго прагнуць» («Дзённік» св.Фаустыны, 1728).

Езус перамагае ўсялякі грэх і нянавісць моцаю любові і міласэрнасці. Ён прагне ўсім прабачаць, суцяшаць, вызваляць ад духоўнае і матэрыяльнае нішчымніцы. Хрыстус любіць усіх людзей без выключэння. Толькі адны прымаюць гэтую любоў, радуюцца і супрацоўнічаюць з ёю, а іншыя марнуюць цудоўны шанец, які дае ім сам Бог.

Ці мае права хрысціянін, які сам палюбіў Бога, адкрыў для сябе Яго бясконцую любоў і міласэрнасць, знайшоў у Ім суцяшэнне, не дзяліцца скарбам сваёй веры з іншымі? Вядома, у яго такога права няма. Хоць бы таму, што Езус у Евангеллі дае нам зразумець, што абавязковай умовай для прабачэння нашых грахоў і атрымання ласкі міласэрнасці з’яўляецца наша гатоўнасць прабачаць усім і быць міласэрнымі да бліжніх. Чалавек проста пакліканы да таго, каб быць міласэрным: «Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць» (Мц 5,7).

Сястра Фаустына напісала ў сваім «Дзённіку»: «Я люблю ўсіх людзей, бо бачу ў іх вобраз Бога». Не заўсёды лёгка даецца людзям такая любоў. Святая Фаустына таксама прызнавалася: «О мой Езу, Ты ведаеш, колькі патрэбна высілкаў, каб шчыра і проста кантактаваць з тымі, ад каго наша натура ўцякае, альбо з тымі, хто свядома альбо несвядома прычыніў нам цярпенне. Па-людску гэта немагчыма. У такія хвіліны я стараюся больш, чым калісьці ў іншым выпадку, адкрыць у гэтым чалавеку Пана Езуса і ў імя гэтага Езуса раблю ўсё для тых людзей. У такіх учынках любоў чыстая, такое практыкаванне ў любові дае гарт і сілу» («Дзённік», 766). Пан Езус прасіў сястру Фаустыну, а ў яе асобе просіць сёння кожнага з нас: «Будзь заўсёды міласэрнаю, як і Я міласэрны. Любі ўсіх з любові да Мяне, хоць бы і найбольшых ворагаў, каб ва ўсёй паўнаце магла ў тваім сэрцы адбіцца Мая міласэрнасць» («Дзённік», 1695).

Як мы можам адказваць на гэты заклік Езуса Хрыста? Учынкамі, нашым штодзённым жыццём, малітвай за тых, каму найбольш патрэбная Яго міласэрнасць, за тых, хто патанае ў грахах і не жадае выйсці з тае багны, хто не бачыць патрэбы ў навяртанні і прабачэнні. Магчыма, кагосьці з чытачоў зацікавіць, як на гэты заклік Езуса адказваюць некаторыя вернікі з парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Браславе.

У гэтай парафіі створана малітоўная група «Вешчуны Божай Міласэрнасці», у якую ўваходзяць больш за 50 чалавек. Гэтыя людзі ўзялі на сябе абавязак штодня а 15-й гадзіне маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі навяртання закаранелых грэшнікаў, а таксама ў інтэнцыі тых, хто ў сваім штодзённым жыцці звяртаецца не да Бога, але ў часе выпрабаванняў шукае паратунку сярод варажбітоў, чараўнікоў ды розных «лекараў», што бяруць на сябе смеласць уплываць на людзей з дапамогай магіі, замоваў, чараў. Праблема вельмі сур’ёзная, і браслаўскія вернікі бачаць яе вырашэнне з дапамогай Божай Міласэрнасці.

Кожную першую пятніцу месяца яны збіраюцца на святую Імшу, якая адпраўляецца ў іхніх інтэнцыях, разважаюць над крыніцаю Божай Міласэрнасці, просяць супольнасць маліцца за таго альбо іншага чалавека. Гэтыя людзі самі даверыліся Богу і ў малітве змагаюцца за іншых, бо жадаюць дзяліцца з бліжнімі невычэрпнай крыніцай дабра і любові, што сыходзіць ад Пана Бога. Боль і горыч, хваробы і цярпенні сваіх блізкіх, сяброў, знаёмых яны давяраюць Езусу Міласэрнаму, чый абраз у алтары касцёла так жыва прамаўляе да іхніх сэрцаў. Гэты абраз — копія таго, што знаходзіцца ў Лагеўніках. Пробашч парафіі, сальватарыянін Лех Вітвіцкі, паклапаціўся, каб менавіта гэты абраз заняў ганаровае месца ў касцёле. Тут, на гэтым месцы, браслаўскія католікі давяраюць Пану Богу свае праблемы і радасці.

У першую нядзелю пасля Вялікадня супольнасць будзе чарговы раз разам з усёй парафіяй перажываць прыгожае свята Божай Міласэрнасці. Яно перарасце ў актаву, у часе якой штодня а 15-й гадзіне вернікі будуць удзельнічаць у святой Імшы, супольна маліцца Вяночак за сябе, сваіх родных, блізкіх і за ўвесь свет. Бо гэтая інтэнцыя закладзена ў самой малітве, у якой мы просім прабачэння «за грахі нашы і ўсяго свету». А напрыканцы яе мы зноў жа просім у Пана Бога змілавацца над «над намі і над усім светам». Вельмі прыгожая гэтая малітва. Яна вучыць нас па-сапраўднаму любіць іншага чалавека, адгукацца на ягоную радасць і бяду, вучыць любіць яго.

На абразе «Езу, давяраю Табе» Бог ідзе насустрач чалавеку. Ідзе да яго і прапануе чэрпаць з крыніцы Божай Міласэрнасці патрэбныя ласкі для годнага жыцця. Мабыць, не выпадкова гэтае адно з найпрыгажэйшых аб’яўленняў адбылося менавіта ў страшным ХХ стагоддзі, тады, калі людзі патаналі ў грахах нянавісці, войнаў, расчараванняў, паняверкі. У ХХ стагоддзі, калі на ўсю моц буяла нянавісць, Бог прамовіў да людзей і заклікаў да міласэрнасці. Бог сказаў: «Праз яго (Вяночак) выпрасіш усё, калі тое, аб чым просіш, будзе згодна з Маёю воляю» («Дзённік», 1731).

Прыслухаемся ж да словаў Пана Бога, адкажам Яму ўзаемнасцю — будзем шчыра прасіць у Яго прабачэння і маліцца за сябе і ўвесь свет! І калі ты, дарагі чытач, прагнеш таксама далучыцца да гэтай малітвы, то а 15-й гадзіне (а калі няма такой магчымасці, то можна і ў іншы час дня) вазьмі ў рукі ружанец і разам з вешчунамі Божай Міласэрнасці з Браслава, а таксама з многімі і многімі вернікамі нашага агульнага Касцёла маліся гэтую прыгожую малітву — Вяночак да Божай Міласэрнасці.

Ірэна Задарожная.
Фота аўтара.