Юзаф Пятровіч Вармахоўскі — парафіянін парафіі Маці Божай Фацімскай, што ў вёсцы Павяцце Мёрскага раёна. Адзін з тых паважаных у каталіцкім асяроддзі людзей, без якіх цяжка ўявіць касцёльнае жыццё. І ўжо, на жаль, адзіны ў наваколлі мужчына, прыгожы тэнар якога амаль заўсёды пачуеш падчас праводзінаў нябожчыка ў апошні шлях.

Нагодаю для больш грунтоўнага знаёмства з гэтым усё яшчэ энергічным чалавекам стала сустрэча ўлетку падчас адпявання адной памерлай кабеты. Дамовіліся сустрэцца ў хаце Юзафа Пятровіча, дзе і спаткаліся праз колькі дзён і дзе гаспадар, сціплы ды ненавязлівы чалавек, распавёў сёе-тое пра сябе.

Спявае Юзаф Пятровіч з 18-гадовага ўзросту, так што «стаж» ягоных спеваў складае шэсць дзесяткаў гадоў. Сакрэты спеваў спасцігаў самавукам, назіраючы, як гэта робяць старэйшыя. Цяпер у год даводзіцца выязджаць на адпяванні прыблізна 15 разоў, здараецца, і ў суседнія раёны. «Цяжкая праца, — прызнаецца. Галоўная ж нязручнасць найчасцей — гарачыня. Бывае, ледзь жывы ўжо сядзіш пры стале, але і кінуць нельга: хто ж падменіць? Раней хоць колькі мужчынаў-спевакоў было: Часлаў Аўласевіч, Юзік Канюшэўскі... Цяпер — нікога, адзін застаўся. А як паклічуць куды, то і мусіш ехаць, бо няёмка адмаўляцца. А падмены той і не бачна, не надта жадаюць маладыя вучыцца».

У спевакоў — свае, так бы мовіць, «вытворчыя» сакрэты ды прыхільнасці. Бо трэба, каб і псіхалагічная сумяшчальнасць была між людзьмі, і галасы хоць бы збольшага адзін да аднаго «падагнаныя». Ды і мяняюцца спевакі: сёння з адным спяваеш, заўтра — другі на яго месцы. Юзафу Вармахоўскаму найбольш падабаецца спяваць з мілашоўскімі. На пытанне, ці спяваў у гады атэізму, Юзаф Пятровіч адказаў станоўча. Яно і зразумела: людзі заўжды паміраюць, і кожнаму са сваякоў хочацца, незалежна ад ідэалагічных выкрунтасаў часу, праводзіць блізкага чалавека ў лепшы свет належным чынам.

Дарэчы, апошнія 18 год перад выхадам на адпачынак Юзаф Пятровіч адпрацаваў на свінакомплексе, так што вольным ніколі не быў. Ды і гаспадарка заўжды патрабавала клопату, тым больш, калі 28 год таму памерла жонка і ён застаўся сам-насам з клопатам пра дзяцей, якіх трэба было неяк падняць на ногі. Ды і цяпер турботаў хапае: вунь адных толькі борцяў у садку 18 штук, паспрабуй даць рады! Добра, дзеці не забываюць, наведваюць пры нагодзе, дапамагаюць.

Вось такі «бліц-партрэт» чалавека, які заўсёды там, дзе трэба як след падрыхтаваць нябожчыка да спаткання з Богам, памагчы на шляху да Вечнасці. Не хочацца, каб ён быў апошнім з тых людзей, што робяць справу не па прынуцы, а таму, што так трэба, бо так устаноўлена вераю і традыцыяй. Можа, усё-такі з’явяцца наступнікі? Культура ж жыцця наўпрост звязаная з культураю адыходу...

Дарэчы, мёд не проста смачны ў Юзафа Пятровіча Вармахоўскага, а надзвычай смачны, сапраўдны.

Францішак Дубраўскі.
Фота аўтара.