Не так і шмат ёсць людзей, здольных дарэшты ахвяраваць жыццё Пану Богу. І тым больш важна нагадваць пра іх іншым, асабліва ў час, калі сквапнасць, ліхвярства, маральная легкадумнасць гатовыя, бы тая багна, цалкам праглынуць любога чалавека, знішчыць у ім усё тое лепшае, дзеля чаго кожны з нас прыходзіць на свет. Адной з такіх асобаў, на якіх трымаецца вера, заўсёды з’яўлялася ў маім уяўленні жыхарка Мёраў Вераніка Касцюкевіч. Бог узяў яе да сябе ў 2006 годзе, і да апошніх хвілін свайго зямнога існавання яна была яскравым узорам жыцця ў веры, узорам сумленнага, бескарыслівага служэння Касцёлу.

Вераніка нарадзілася ў Омску ў сям’і патомных беларусаў. Бацька яе працаваў на чыгунцы, заразіўся тыфусам і неўзабаве памёр. Вярнуўшыся з дзецьмі на радзіму ў вёску Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна, маці выправіла дачку да заможных сваякоў у Вільню з мэтаю даць ёй хоць якую адукацыю. І там сіраце, ды яшчэ і калецы (дзяўчынка ў маленстве зламала нагу ды так і засталася на ўсё жыццё з адной карацейшай) давялося ўпершыню сутыкнуцца з людскім падманам. Замест вучобы родзічы прымусілі дзіця гандляваць у краме. Праз год маці забрала Вераніку дадому.

Ужо ў дзяцінстве Вераніка вылучалася сярод аднагодкаў прагаю да вучобы і добрымі ведамі. Шмат чытала твораў класічнай літаратуры, а ўзорам паводзінаў, адданасці радзіме стала для яе гераіня вызвольнага руху Эмілія Плятэр. Вераніка глыбока верыла ў Бога, добра ведала Святое Пісанне, вывучала гісторыю хрысціянства. Яе мараю было паступленне ў кляштар сясцёр базыльянак, які мясціўся ў Друі, але яе не прынялі, бо трэба было ўнесці дзеля гэтага пэўную суму грошай, а іх сям’я не мела. Вераніка мусіла застацца на гаспадарцы разам з маці і сястрою Францішкай.

Чарговым этапам умацавання веры сталі для Веранікі гады Другой сусветнай вайны. Тады шмат хто, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, звярнуўся да веры, бо яна дапамагала людзям і выжыць, і не згубіць надзеі на лепшыя часы. На ўсё жыццё застаўся ў памяці дзяўчыны эпізод, калі аднавяскоўцы абыходзілі сваю вёску з абразамі, і яна ацалела.

Галоўным выпрабаваннем для Веранікі пасля вайны стала выпрабаванне на трываласць веры. Ёй прапанавалі пасаду калгаснага рахункавода, але дзеля гэтага трэба было ўступіць у партыю і вырачыся Бога. Вераніка зрабіла іншы выбар: пераехала ў Мосар, дзе дзейнічаў касцёл, і там аддалася рэлігійнай працы. Дзякуючы і яе старанням адзін з тамтэйшых хлопцаў, Вінцэнт Вітко, паступіў на вучобу ў Рыжскую духоўную семінарыю. Факт не застаўся незаўважаным органамі нагляду: пачаліся запалохванні касцёльнага актыву, і Вераніка вымушана была пераехаць у Браслаў, дзе працягвала, як і раней, працаваць пры касцёле.

Ды хутка зноў пачаліся прыдзіркі, і зноў давялося пераязджаць, гэтым разам у суседнія Мёры. І зноў Вераніка актыўна ўключылася ў касцёльнае жыццё. Навучала дзетак рэлігіі, рыхтавала моладзь да прыняцця сакрамэнтаў, адпявала нябожчыкаў. І тут яе таксама не пакінулі «без увагі» ўлады, але, на шчасце, часы былі ўжо іншыя і ўсё абышлося банальным «перавыхоўваннем».

Вераніка Касцюкевіч мела шмат сяб роў, асабліва сярод вернікаў. Ёй дасылалі лісты, раіліся з ёю. Усім яна дапамагала, чым і заслужыла пашану і аўтарытэт сярод людзей. Яна была актыўная нават на схіле гадоў, ніколі не абмінала нагоды паўдзельнічаць у пілігрымцы да святыняў на радзіме і ў замежжы. Збылася і запаветная мара Веранікі Адамаўны: яна была прынятая ў суполку сясцёр францішканак.

Да апошняга свайго дня гэтая шчырая верніца жыла з Богам, нават падчас хваробы старалася не прапускаць святую Імшу. Малілася не толькі за родных і блізкіх, але і за ўвесь свет. Радавалася зменам, што адбыліся ў краіне, звязвала іх з дзейнасцю Вялікага Папы Яна Паўла ІІ, вельмі шкадавала, калі ён адышоў у вечнасць.

З Богам і сама яна адышла ў вечнасць — без перадсмяротных пакутаў, ва ўзросце 88 гадоў.

Вечны адпачынак дай ёй, Пане... А памяць аб ёй надоўга застанецца сярод людзей як узор беззаганнага служэння веры і Касцёлу.

Мар’ян Даргель.
Апрацоўка тэксту Францішка Дубраўскага.