4 сакавіка, у дзень святога Казіміра, у Гродзенскай дыяцэзіі было падвойнае свята: вернікі ўшаноўвалі не толькі аднаго з апекуноў дыяцэзіі, але і адзначалі 10-годдзе дыяцэзіяльнай газеты «Слова жыцця». Святкаванне юбілею распачалося ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі прывітаннем гасцей, сярод якіх былі калегі-журналісты з Мінска, Баранавічаў і Гродна, а таксама выкладчыкі і клерыкі семінарыі.

Справаздачу аб дзейнасці рэдакцыі газеты «Слова жыцця» за мінулае 10-годдзе зрабіў яе галоўны рэдактар ксёндз Валерый Быкоўскі. Ён засяродзіў увагу на заданні каталіцкіх сродкаў інфармацыі, якія «павінны дапамагчы чалавеку пазнаць праўду аб сабе самім і аб акаляючым яго грамадскім, індывідуальным і рэлігійным свеце...». Ксёндз-рэдактар падкрэсліў, што найбольш адпаведным чыннікам для рэалізацыі інфармацыйных заданняў Касцёла на Гродзеншчыне стала менавіта газета «Слова жыцця», якая была створана дзякуючы клопату ардынарыя дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча і рэдакцыйнага калектыву на чале з тагачасным рэдактарам ксяндзом Яраславам Грынашкевічам.

За 10-годдзе рэдакцыя падрыхтавала 225 нумароў газеты, кожны з якіх быў прысвечаны жыццю як паўсюднага так і лакальнага Касцёла, падаваў сваім чытачам актуальную інфармацыю, змяшчаў аналітычныя артыкулы, узнімаў складаныя праблемы, «якія трэба вырашаць у адпаведнасці з маральнаю навукаю Касцёла».

Што датычыць бліжэйшых планаў газеты, то, па словах галоўнага рэдактара, ёсць «мара выдаць газету ў электроннай версіі, што павялічыла б яе папулярнасць і даступнасць».

На ўрачыстасці быў прачытаны таксама рэферат «Ментальныя змены ў грамадстве пад уплывам мас-медыя».

Святкаванне юбілею прадоўжылася ў катэдральным касцёле падзячнаю святою Імшою, якую канцэлебраваў ардынарый дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч разам з гродзенскімі святарамі.

Пасля Імшы ў катэдры адбыўся канцэрт класічнай музыкі ў выкананні Гродзенскай капэлы.

Юбілей выдання стаў тою сапраўднаю і асабліваю нагодаю найперш для калектыву рэдакцыі выказаць «радасць і сваю ўдзячнасцю Богу за час плённай працы, праведзенай над складаннем кожнага нумару газеты».

Рэд.
Фота М. Новікава.

Гл. таксама:
:: ВЫХОЎВАЦЬ НА ХРЫСЦІЯНСКІХ КАШТОЎНАСЦЯХ ::