Ксёндз Валерый Быкоўскі нарадзіўся 8 жніўня 1979 года ў Гродне. Скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю (2003 г.) і Люблінскі каталіцкі універсітэт (2006 г.).

Цяпер выкладае біблійную тэалогію ў Гродзенскай духоўнай семінарыі, а таксама з’яўляецца рэдактарам газеты «Слова жыцця», якая нядаўна адзначыла сваё 10-годдзе.

З гэтай нагоды наша карэспандэнтка Данута Бічэль і сустрэлася з ксяндзом Валерыем Быкоўскім.

 
Д. Бічэль: Ксёндз Валерый, Ваш працоўны стаж яшчэ зусім невялікі, можна сказаць, што Вы — учарашні студэнт, а таму й гаворку хацелася б распачаць са згадкі пра Ваша студэнцтва, пра Люблінскі універсітэт: якія мовы Вы там вывучалі, якую працу пісалі?

Кс. Валерый: Вывучаў некалькі моваў. Са старажытных — грэцкую, габрэйскую, сірыйскую. З сучасных — італьянскую... У канцы навукі пісаў ліцэнзіят на тэму біблійнай тэалогіі, пра так званы Ерузалемскі Сабор 49–50-х гадоў, на якім вырашаўся лёс Касцёла, яго далейшы шлях...

Падчас вучобы можна было выбіраць лекцыі і наведваць тыя, якія найбольш цікавяць... Апрача таго, я быў капеланам супольнасці «Ogrуd», якая аб’ядноўвае цяжка хворых дзяцей. Іх прывозілі бацькі або мы самі ездзілі і прывозілі іх на малітоўныя сустрэчы. Праводзілі для іх рэкалекцыі, выязджалі разам на маёўкі, проста былі з імі дзеля таго, каб дзеці адчувалі сябе вартаснымі людзьмі.

Д. Бічэль: Так Вы рэалізоўвалі сваю мару быць душпастырам?..

Кс. Валерый: Так, я люблю працаваць з людзьмі і заўсёды марыў пра больш практычную паслугу ў Касцёле. Але ўсё маё жыццё яшчэ наперадзе...

Д. Бічэль: Сапраўды. А што захапляе і прываблівае Вас у дзейнасці выкладчыка?

Кс. Валерый: Вучні, якія прагнуць ведаць глыбей Святое Пісанне, а таксама той час і тое асяроддзе, у якім адбываліся падзеі... Скажам, габрэі былі простымі пастухамі на фоне вялікіх тагачасных цывілізацый. Бог выбраў габрэйскі народ ад самага пачатку, ад Абрагама, для здзяйснення ўсіх сваіх планаў...

Як адрозніваецца сучасны свет ад тагачаснага свету, можна прасачыць на ўспрыняцці цуду. Сёння цуду чакаюць як інтэрвенцыі Бога ў жыццё. Жыццё габрэя не дзялілася на палітычнае і асабістае, ён успрымаў жыццё ва ўсёй паўнаце, як цуд, дадзены Богам. Дождж ідзе — гэта цуд, трава зелянее, яе скубуць авечкі — гэта цуд...

Д. Бічэль: Вы спалучаеце працу выкладчыка і паслугу святара, а таму Вам даводзіцца рыхтаваць і лекцыі, і казанні?

Кс. Валерый: Так. У мяне ў семінарыі кожны тыдзень 11 гадзін лекцый, да кожнай грунтоўна рыхтуюся... Святую Імшу пераважна праводжу ў семінарыйнай капліцы. Казанне — гэта іншае слова, чым лекцыя. Падзеі Святога Пісання тут пераносяцца на сучаснае жыццё, у якім трэба шукаць жывыя прыклады. Гэта складаны пошук.

Д. Бічэль: Ксёндз Валерый, цяпер Вы яшчэ і рэдактар газеты «Слова жыцця». Як даяце рады новым абавязкам?

Кс. Валерый: Калі быў дыяканам і працаваў у катэдры, мне ксёндз біскуп даручыў дапамагаць тагачаснаму рэдактару кс. Яраславу. А цяпер вось самому давялося быць рэдактарам... Я разумею, якое гэта важнае заданне ў сучасным свеце, дзе ўсё ацэньваецца матэрыяльнымі каштоўнасцямі. Духоўная прэса — гэта голас Касцёла. Задача нашай газеты — тлумачыць пасланні Папы, навуку Касцёла, нашы традыцыі, выхоўваць светапогляд людзей на хрысціянскіх каштоўнасцях. Хочацца больш увагі ўдзяляць таксама праблемам сённяшняга дня...

Д. Бічэль: Звычайна новы рэдактар прыносіць нешта новае, мяняе хоць бы выгляд выдання. Ці збіраецеся Вы што-небудзь змяніць у газеце?

Кс. Валерый: Хачу больш месца адводзіць катэхетычным справам, мяркую адвесці ў газеце асобны куток для катэхізацыі дзяцей. Уводжу рубрыку: «Моладзь пытае...». Хачу даваць агляд каталіцкіх выданняў і перш за ўсё тых, што выходзяць на Беларусі. Пачынаю наладжваць сувязі з гэтымі выданнямі.

Д. Бічэль: Ці застаецца ў Вас вольны час для адпачынку, для сябе?

Кс. Валерый: Не. Такога часу ў мяне няма. Ды ён мне й не патрэбен. Навошта? Апроч усіх заняткаў я люблю наведваць вязняў у гродзенскай вязніцы. Хадзіў туды яшчэ тады, калі быў дыяканам. І цяпер хаджу. Вядома, калі б я быў старэйшы, то зняволеным было б лягчэй размаўляць са мною. Гэтыя людзі жывуць па іншых правілах, але яны — людзі. Асуджаючы іх, суды часта забываюць пра адказнасць грамадства за іх знявечаныя лёсы...

Д. Бічэль: У якім касцёле Вам найлепей размаўляць з Панам Богам?

Кс. Валерый: Я з дзяцінства люблю францішканскі касцёл. Там адчуваецца высокі дух сям’і. Там заўсёды была ўзроставая градацыя. Мне запомнілася яшчэ з таго часу, калі я быў міністрантам, як сталыя мужчыны ў строгіх касцюмах рыхтавалі харугвы да працэсіі. Як гэта ўсё было адказна. Урачыста. У той касцёл мяне цягне найбольш.

Д. Бічэль: Дзякую, ксёндз Валерый, за размову і ад імя супрацоўнікаў і чытачоў часопіса «Ave Maria» віншую Вашу газету з 10-годдзем. Жадаю Вам і ўсім Вашым супрацоўнікам светлага і плённага служэння Слову.

Гл. таксама:
:: ЮБІЛЕЙ СЛОВА ЖЫЦЦЯ ::